1 чэрвеня адзначаўся Міжнародны дзень абароны дзяцей. Не-не, ды і ўзгадаюцца напярэдадні гэтага свята не толькі шчаслівыя дзеці, але і тыя, каму цяжка, хто пакрыўджаны лёсам, каму патрэбна маральная пад- трымка. Колькі дзетак на цяперашні час у прытулках, дамах дзіцяці, інтэрнатах! У такіх установах створаны добрыя ўмовы для жыцця, адпачынку. Але ж чаму такія сумныя вочкі ў дзетак? Чаму кожны раз, калі з’яўляецца незнаёмы дарослы чалавек, у вачанятах загараецца надзея: можа, прыйшлі па мяне?
Дзецям патрэбна сям’я. Чамусьці, калі ў нас усё ёсць, мы не цэнім гэтага, а калі няма, вельмі гэтага жадаем.
Свет, у якім мы жывём, вельмі жорсткі. Чамусьці дзеці з інтэрнатных устаноў, дзіцячых дамоў становяцца аб’ектам насмешак, папрокаў, кпінаў з боку іх аднагодкаў, у якіх ёсць сям’я.
Як добра, што сярод нас знаходзяцца людзі, якія бяруць да сябе чужое дзіця з інтэрната. У іх шчырая душа і добрае сэрца. Хочацца пажадаць усім абяздоленым дзеткам, каб яны знайшлі сапраўдных маму і тату, а падлеткі былі больш уважлівымі і міласэрнымі да тых, каму не пашанцавала ў жыцці.
А ўсім хачу нагадаць: узровень любога цывілізаванага грамадства вызначаецца па адносінах у ім да дзяцей і старых.
Вікторыя КОРШУК,
выпускніца 11 класа СШ №3 г. Капыля
Комментарии