На бульбасховішчы ў в. Чырвоны Партызан (ААТ “Мажа-Агра”) кіпіць работа. Тут прымаюць і ўладкоўваюць на зімовае захоўванне бульбу, вырашчаную ў ААТ “Скабін”.
Свайго памяшкання, прыдатнага для захоўвання клубняў, у Скабіне няма, таму даводзіцца карыстацца паслугамі іншых гаспадарак, паколькі катэгарычнае патрабаванне аб недапушчальнасці выкарыстоўваць для гэтай мэты бурты выконваць неабходна.
“Мы ўжо прынялі са Скабіна 80 тон бульбы, — расказвае начальнік вытворчага ўчастка Міхаіл Данілевіч, які сумяшчае сваю асноўную дзейнасць з работай у бульбасховішчы. — Сёння яшчэ тон 30 павінна паступіць. Акрамя таго ў нас захоўваецца 140 тон насеннага матэрыялу гэтай культуры з ААТ “Прагрэс-2010”. Пакрысе вызваляем камеры, занятыя сваёй прадукцыяй, а прасцей кажучы, прадаём яе, каб мець магчымасць дапамагчы суседзям”.
Міхаіл Іванавіч паказвае камеры, да верху занятыя бульбай і працягвае: “Тут у нас насенне: бачыце, бульба па гатунках адсартавана, на кожным кантэйнеры ёсць надпіс. Усяго засыпалі 183 тоны. У наступную камеру састаўляем кантэйнеры з чужой бульбай”.
Работа арганізавана даволі спорна. З паднятага кузава самазвала бульба ссыпаецца ў кантэйнеры, якія тут жа забіраюць рабочыя. Затым кантэйнер на жвавым пагрузчыку, які, як патлумачыў Міхаіл Іванавіч, пазычылі ў ААТ “Старыца-Агра”, дастаўляецца непасрэдна ў сховішча. Ужо там уступае ў справу Данілевіч — ён на электракары перавозіць клубні ў камеру. Там для бульбы ствараюцца ўсе неабходныя для якаснага захоўвання ўмовы: тэмпературны рэжым, вентыляванне.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии