Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

Валянціна САЎЧАНКА: "Заўважаць і берагчы «безабаронную паэзію жыцця»

09.12.2022
«Не дразните собак, Не гоняйте кошек, Не жалейте для Них ни зерна, ни крошек», – так спяваюць дзеткі, калі яны яшчэ маленькія. А потым падрастаюць і часам забываюць пра тое, пра што так весела і дружна спявалі. І (адкуль толькі яно бярэцца!) здзекуюцца і з коцікаў, і з сабачак, знішчаюць птушак, наогул твораць усялякае дзікунства. Задумаемся: сапраўды, адкуль яны бяруцца, тыя «вредители», пра якіх даволі часта піша наша раёнка, з якімі нават спрабуе неяк змагацца? Вось я і хачу паразважаць наконт гэтага. Што расце – тое і вырастае. І дзіцятка таксама. А як і дзе расце, кім выхоўваецца – мамай з татам, бабуляй з дзядулем, школай ці вуліцай, кнігамі ці тэлефонамі?.. Думаю, выхоўвае чалавека ўсё, што яго акружае. Успамінаю, што нас, дзяцей пасляваеннай пары, бабуля ад усялякага свавольства засцерагала адным словам – грэх. Мы, не ведаючы, дзе ён гэты грэх, які ён, вельмі яго баяліся і нічога дрэннага стараліся не рабіць. Дзед жа быў катэгарычны: «Пойдзеце ў жыта, патопчаце яго – зловіць вас русалка з жалезнымі кіпцюрамі, якая там жыве, і заказлыча!» Дзятва ўсё разумела – і жыта абыходзіла бокам. Цяпер крышку інакш. Грахі-та засталіся, але страх зменшыўся. Ну, чым настрашыць тых нягоднікаў-вандалаў, у якіх, калі вочы бачаць нешта прыгожае, то рукі свярбяць і нішчаць ці тую альтанку, ці лавачку, ці дрэўца? Праўда, сваё паскудства яны твораць уціхара: ці то баяцца, ці то ад сораму. А вось што рабіць, калі не баяцца, калі ні страху, ні сумлення не маюць? Так аднойчы, акурат на маіх вачах, паляўнічыя застрэлілі лася. Два гады мінула, а ў вачах у мяне і сёння жудасная смерць маладога зграбнага прыгажуна… Успамінаюцца словы пісьменніка    Ю. Нагібіна: «Калі хлопчык забіў пічужку, то ён забіў безабаронную паэзію жыцця. Пагасіўшы гэты галасок, ён у сабе пагасіў штосьці важнае, добрае». Разумныя словы. Ну, наесца гэты «стралок» ласяціны, а стройнага зграбнага прыгажуна-лася ўжо ніколі не будзе. Ніколі! (А калі гэта была мама-ласіха?). І першая школа, дзе спілавалі некалькі гадоў таму бярозы, асірацела без жывых дрэў, якія, пасаджаныя рукамі выпускнікоў, заставаліся як памяць, баранілі яе ад усялякага прыдарожнага бруду. Праўду гаварыла вядомая Фаіна Ранеўская: «Ёсць людзі, у якіх жыве Бог, ёсць людзі, у якіх жыве д’ябал, ёсць людзі, у якіх жывуць толькі… глісты». Вось яны, на маю думку (ці маленькія, ці вялікія, дарослыя), тыя, што з «глістамі», і твораць усялякія паскудствы. І няма ў іх сэрцах «ні важнага, ні добрага». Граху яны не баяцца. Сумлення не маюць. Страх таксама адсутнічае, як і жаль. Не бачаць яны ў жыцці «паэзіі», для іх лось – гэта не прыгажосць, гэта толькі кавалак мяса. І інакш, як вандаламі, іх не назавеш, нават калі яны, магчыма, з ліцэнзіямі на забойства. Дык дзе ж паратунак? Па-мойму, калі ў чалавека не прачнулася сумленне, тое, што дае яму права называцца чалавекам, то на дапамогу можа прыйсці не «русалка з жалезнымі кіпцюрамі», а закон. Толькі ён (пры сучасных тэхналогіях) можа вылічыць тых, у каго рукі свярбяць, хто «з галавой не сябруе», і прыцягнуць да адказнасці, прымусіць задумацца. А колькі такіх, без «важнага, добрага», блытаецца па свеце! І наш Капыль не выключэнне. Але будзем спадзявацца, што колькасць іх з часам будзе змяншацца. Капыль жа будзе прыгажэць і прыгажэць! І заўважаць, і берагчы «безабаронную паэзію жыцця». Валянціна САЎЧАНКА, ветэран педагагічнай працы, г. Капыль

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей