Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

37

Свята дзяцінства

03.06.2010

"Усе мы родам з дзяцінства” - радочкі гэтай вядомай песні маглі б стаць своеасаблівым эпіграфам да мерапрыемства, якое адбылося 30 мая на плошчы Леніна ў г. Капылі. Свята “Сем колераў вясёлкі” было прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей і сабрала ў цэнтры горада вялікую колькасць хлопчыкаў, дзяўчынак, а таксама іх бацькоў. Маленькіх удзельнікаў віталі арганізатары і госці свята – начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. М. Бабко, начальнік аддзела па справах моладзі В. У. Балажынская, дырэктар раённага Цэнтра дзіцячай творчасці В. А. Маліноўская.  На пляцоўцы перад будынкам раённага Цэнтра культуры працавала выстава дзіцячых работ. Якіх дзівосаў толькі не стваралі юныя ўмельцы: па-майстэрску сплеценыя кветкі з бісеру, прыгожыя вышыванкі, мяккія цацкі! Для дзяцей працавалі гульнёвыя пляцоўкі, падрыхтаваныя педагогамі Цэнтра дзіцячай творчасці. Атмасфера захаплення і радасці панавала сярод удзельнікаў конкурсу малюнкаў на асфальце “Дзецям планеты патрэбен мір”. Пераможцамі конкурсу сталі Аляксандра Корзун (7 гадоў), Марына Горбат (8 гадоў), Лера Эрыванава (9 гадоў), Каця Хрытонава (9 гадоў), Святлана Пятрыка (10 гадоў), Люба Палішчук (16 гадоў). Але самым насычаным і эмацыянальным стаў святочны канцэрт пераможцаў конкурсу “Суквецце талентаў – 2010” пад назвай “На крылах дзяцінства”. Яркія і запамінальныя нумары мастацкай самадзейнасці, звонкія, чыстыя галасы юных выканаўцаў, цікавыя танцавальныя нумары не пакінулі раўнадушнымі ні дарослых, ні дзяцей. Шчырыя ўсмешкі і апладысменты, добры настрой і жаданне… самому паўдзельнічаць у конкурсах, паспяваць на сцэне сведчыла пра тое, што мерапрыемства атрымалася і стала сапраўдным святам дзяцінства. Валянціна БАЛАЖЫНСКАЯ, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама НА ЗДЫМКАХ: моманты свята дзяцінства. Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей