9 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы з фашызмам
Вёска Свідзічы раскінулася на поўдзень ад шашы Бабоўня – Старыца.
Побач з дарогай – прыгожы лес і цудоўная крынічка. У гады ваеннага ліхалецця гэты куточак Капыльшчыны быў партызанскай зонай.
80 гадоў таму, у лістападзе 1942 года, ва ўрочышчы Пажогі адбылося жудаснае і шалёнае забойства 45 мірных жыхароў, сярод якіх было 17 дзяцей – нявінных пакутнікаў вайны, загінуўшых на вачах сваіх бацькоў. Прыкрываючыся барацьбой супраць партызан, гітлераўцы знішчалі наш народ, каб лягчэй ператварыць Беларусь у калонію.
...22 чэрвеня ў вёсцы гулялі вяселле ў
Мішы Карнейчыка. Свята парушылася страшэннай весткай – вайна. Праз некалькі дзён адбыліся два баі воінаў Чырвонай арміі з акупантамі (у Слабада-Кучынцы і Старыцы). З першых дзён аднавяскоўцы пачалі збіраць зброю і боепрыпасы, хаваючы ўсё да лепшых часоў. У вёсцы засталіся чырвонаармейцы-акружэнцы, якія ў будучым складуць касцяк партызанскага атрада імя В.І. Чапаева. Людзі дапамагалі народным мсціўцам харчаваннем, фуражом і адзеннем, збіралі каштоўную інфармацыю.
Гітлераўцы вырашылі правесці карную экспедыцыю «Альберт-І» з мэтай акружыць і знішчыць партызанскі рух на Капыльшчыне. Раніцай 7 лістапада 1942 года яны сцягнулі ў Старыцкі лес вялікую колькасць войск і акружылі многія вёскі. У Свідзічы прыскакаў конны разведчык: «Людзі! Ідуць карнікі, уцякайце!». Хто паспеў, кінуліся ў выратавальны лес.
Успамінае сведка тых далёкіх падзей Генадзь Канстанцінавіч Сухнат (95 гадоў):
«Камандаванне партызанскай брыгады імя К.Я. Варашылава паведаміла, што ў вёсцы ў гонар 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі адбудзецца мітынг. Вяскоўцы пяклі хлеб, рэзалі жывёлу, палілі ў лазнях. Я апрануў ўсё лепшае і крыху прылёг. Па вуліцы беглі людзі, чуліся аўтаматныя чэргі. Я (у адным пінжаку), бацька, сястра Алімпа з месячнай дачушкай на руках пабеглі ў лес. А маці пагнала за намі кароўку. На ўскрайку лесу ўжо знаходзіўся нямецкі пост, вырыты невялічкі акопчык і стаяў кулямёт. У многіх у лесе былі выкапаны зямлянкі ці зроблены шалашы. Першапачаткова хаваліся ва ўрочышчы Дрэваскеп, чулі, як увесь дзень у Старыцы ішоў бой. Падаілі карову і крыху малаком перабілі голад. Ноччу падмарожвала, вырашылі раскласці касцёр. Прагучалі кулямётныя чэргі, перайшлі ў глыб ельніку. Наш родзіч-партызан прынёс паесці і сказаў, што раніцай партызаны пакінуць свае пазіцыі, а карнікі распачнуць аблаву. Бацька, Канстанцін Рыгоравіч, які прайшоў тры вайны, разважаў так. Калі застанемся ў лесе – заб’юць, і не будзе каму пахаваць. Вернемся – могуць забіць у роднай хаце, але людзі знойдуць і пахаваюць. Раніцай рушылі дамоў. Карнікі абступілі нас і некалькі сем’яў, а затым адпусцілі. У хаце было ўсё разграблена, але мы засталіся ў жывых».
[caption id="attachment_121064" align="alignnone" width="600"]
■ Генадзь Сухнат[/caption]
Людзі так хутка пакінулі вёску, што не захапілі ні ежы, ні цёплага адзення. Холад, голад і надзея на лепшае зрабілі сваю справу: сем’і раздзяліліся. У каго дзеці
– засталіся ў лесе, а бацькі пайшлі ў вёску, у каго наадварот.
Наталля Дралова ўспамінала:
«Цёмна, голадна і страшэнны холад. Бацька, хвалюючыся за ўсіх нас, прыняў рашэнне вяртацца дамоў, маўляў, заб’юць, дык так таму і быць. Пайшоў. А мяне нібы нейкая сіла падштурхнула, і я пабегла за ім. Маці, сястра і брат засталіся. На ўскрайку лесу нас і яшчэ некалькі аднавяскоўцаў акружылі фашысты. Праверылі і адпусцілі. Мне яшчэ штурханулі ў плечы аўтаматам. Метраў трыста я крочыла на падкошаных нагах, усё думалася, што выстраляць у спіну. У хаце схавалася на гарышча».
Цудам выйшла з лесу
Кацярына Бобрык з трохгадовай дачкой (жонка афіцэра). Яна заўсёды была напагатове і хадзіла з маленькім чамаданчыкам, які і аддала паліцэйскім.
Усіх дарослых мужчын, хто застаўся ў Свідзічах, карнікі сагналі ў клуб і аб’явілі: «Перадайце: той, хто выйдзе з лесу 8 лістапада да 11 гадзін, будзе жыць, хто не – будуць лічыцца партызанамі». Паслалі двух братоў –
Леаніда і Анатоля Парымонаў, каб тыя прывялі з лесу ўсіх, хто там застаўся. Яны так і не вярнуліся.
Ворагі падманулі, не стрымалі слова. Напярэдадні ў Старыцкім баі яны «атрымалі па зубах» ад партызан. Для справаздачы камандаванню неабходны былі забітыя народныя мсціўцы. Ад бяссілля фашысты і іх памагатыя сваю злосць вырашылі спаганяць на мірных жыхарах. Недзе з 9 гадзін пачалі прачэсваць лес ад Старыцы на Слабодку. Людзей выганялі з укрыцця, сабралі ў калону і павялі па гравійнай дарозе. Злавілі і старасту вёскі
Данілу Сухната. Гэта быў добры чалавек і ніякай шкоды нікому не зрабіў. Ён звярнуўся да нямецкага афіцэра, прадставіўся і паказаў дакумент, які яму выдалі ў паліцыі. Перакладчык пераклаў яго зварот, і старасту адпусцілі. Прайшоўшы метраў 100, усё ж вярнулі. Гэта «паклапаціўся» здраднік-праваднік, што не трэба пакідаць сведак.

Хтосьці крыкнуў: «Нас вядуць забіваць!» Прадчуваючы непазбежную смерць, людзі кінуліся па лесе ў розныя бакі, і адразу прагучалі аўтаматныя чэргі. Побач крочылі
Аляксандра і Валя Дарашэвіч, а таксама жонка, дачка і ўнучка партызанскага камандзіра
Лагвіненкі. Каты расстрэльвалі людзей ва ўпор. Кулямётнай чаргой
Наталлі Лагвіненка перабіла руку, а двухгадовай
Раісе – адарвала галаву. Уцячы змагла толькі Аляксандра Дарашэвіч, якой куля вырвала пасму валасоў.
Марыя Дралова з дачкой
Машай схаваліся ў галлё. Дзяўчыне трапіла куля ў нагу, ворагі і іх выцягнулі са сховішча.
Сашу Дралову кулі прабілі толькі кажух (сем адтулін). Увесь запырсканы людской крывёю, хлопец прыкінуўся мёртвым. З яго хацелі зняць боты два карнікі, але ўбачылі кроў – не знялі, пагрэбавалі.
Адась Карнейчык залез на елку і бачыў, як забівалі яго жонку
Вольгу і 12-гадовую дачку
Жэню. Пасля вайны ён ажаніўся ў другі раз, жыў у Капылі. Але што гэта было за жыццё чалавека з пакалечаным і зламаным лёсам? Больш у яго дзяцей не было.
Схаваўся пад елку і застаўся ў жывых
Іван Берднік.
Кацярына Новік, пакінуўшы дзвюх маленькіх дачушак
Ніну і Соню, пабегла ў лес, каб папярэдзіць мужа. Той накрычаў на яе: «Людзі выйдуць на дарогу і іх паб’юць. Як затым аднавяскоўцам у вочы глядзець?» Засталася жанчына з усімі.
Нікіфар Новік быў паранены і схаваўся пад лапкі елкі, а жонка загінула. У 1944 годзе ён зложыць галаву пры вызваленні Польшчы.
Астатніх карнікі сагналі ва ўрочышча Пажогі побач з дарогай на Старыцу. Выводзілі па некалькі чалавек, і два вылюдкі білі з пісталета ў патыліцу сваім ахвярам, а іншыя дастрэльвалі з аўтаматаў. Першых забілі двух мужчын – удзельнікаў вайны з Фінляндыяй. Дзеці гінулі на вачах сваіх бацькоў. У апошняй групе аказаліся два сябры –
Адась Рыбак і Сяргей Захарык. Перад вачыма была іх цётка
Анэта, уся пасечаная кулямі, якая імкнулася сваім целам закрыць унукаў. Галовы ў дзетак былі разбіты. Адась са злосцю павярнуўся да фашыста, нешта крыкнуў і атрымаў дзве кулі ў твар. У забойцы задрыжала рука і апошняй ахвяры (Захарыку) куля трапіла ў плячо і рыкашэтам выйшла праз шыю. Хлынуў фантан крыві, які трапіў і на таго, хто страляў. Гэта і выратавала Сяргея – яго не дабівалі. Паранены, ён праляжаў нерухома некалькі гадзін, чуў чужую мову і як дастрэльвалі аднавяскоўцаў. То страчваў прытомнасць, то прыходзіў у сябе, спрабаваўшы паўзці. Ачуняў толькі тады, калі вялі пад рукі дамоў суседзі
Пётр і Андрэй Рыбакі. Партызанскі ўрач атрада імя А.А. Жданава
Іван Галушка прамыў рану і зрабіў перавязку, аднаго сантыметра не хапіла да соннай артэрыі.
[caption id="attachment_121063" align="alignnone" width="840"]
■ Сяргей Захарык[/caption]
Максім Карнейчык з перабітымі нагамі поўз, пакідаючы крывавы след. За ноч адмарозіў ногі і ў страшэнных муках памёр ад гангрэны. Апошніх, каго схапілі і закатавалі карнікі, былі
Антон Сухнат і яго дзве дачкі
Марыя (15 гадоў) і
Наталля (18 гадоў). Сям’ю загналі на гару з боку Слабодкі. Гітлераўскія нелюдзі спачатку згвалтавалі дзяўчын, а затым моцна здзекаваліся, выбілі ім усе зубы, пераламалі косці, разбілі галовы. Іх не маглі падняць на воз, целы віселі як канчукі, прыйшлося высекчы калы. Усе вельмі шкадавалі, бо гэта былі прыгажуні, вельмі выхаваныя і працавітыя.
Збіралі загінуўшых на наступны дзень і пахавалі на свідзіцкіх могілках. Мужчыны глыталі слёзы, сціскаючы рыдлёўкі, якімі капалі магілы для расстраляных. Многія разумелі, што на іх месцы мог апынуцца кожны.
Праз некаторы час у акупацыйных газетах у Слуцку з’явілася паведамленне аб знішчэнні вялікай колькасці партызан. Гэта была хлусня. Усе забітыя «партызаны»
– гэта 45 мірных жыхароў вёскі Свідзічы і 8
– з пасёлка Заполле.
У 1965 годзе на скрыжаванні дарог устанавілі помнік. Кожны год у дзень жалобнай даты на месцы трагедыі збіраюцца члены клуба «Патрыёты Радзімы» са Слабадакучынскай СШ, настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, каб ушанаваць памяць загінуўшых.
Хочацца звярнуцца да новых пакаленняў: схіліце галовы перад нявіннымі ахвярамі і перад усімі закатаванымі ў той бязлітаснай вайне. Гэта будзе лепшым праяўленнем нашай памяці і папярэджаннем.
Барыс Дзенісюк,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии