Гэты год праходзіць пад знакам юбілею Якуба Коласа, 140-годдзе з дня нараджэння якога мы святкуем 3 лістапада. І выстава ў Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі «Бягуць вякі – Купала і Колас вечныя!» стала часткай святкавання знакавай для культуры краіны даты. Цікавымі для чытачоў будуць выданні пісьменніка розных гадоў, успаміны сучаснікаў.

Пясняр беларускай зямлі, як называюць выдатнага прадстаўніка айчыннай літаратуры, нарадзіўся ў 1882 годзе. Паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык і адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры і беларускай мовы – граняў яго таленту вельмі шмат, і ўсе яны зіхацяць дзівосным святлом любові да сваёй Радзімы. Шырокаму колу чытачоў найбольш вядомыя яго вершы, паэмы, творы для дзяцей – «Новая зямля», «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», «Дрыгва» і іншыя.
Асоба
Якуба Коласа (сапраўднае імя Канстанцін Міцкевіч) выклікае вялікі інтарэс і ў капылян. Адна з прычын у тым, што ў зборніку нарысаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Алеся Марціновіча «Капыльшчына. Душа рвецца сюды» аўтар дакладна расказвае: «Мала хто з аматараў беларускай літаратуры не чытаў трылогію Якуба Коласа «На ростанях». Як вядома, у кнізе трэцяй, што дала назву ўсяму твору, расказваецца і пра суд над
Андрэем Лабановічам. Прываблівае сваёй прынцыповасцю і сумленнасцю адвакат
Казімір Петруневіч, «яшчэ малады, відны мужчына, з добрым абліччам». Ён абараняў Лабановіча па справе яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Праўда, не абысціся без удакладнення. Народны пясняр пры стварэнні гэтага вобраза меў на ўвазе свайго адваката на згаданым працэсе. Сімпатызуючы яму, у ягоным прозвішчы змяніў толькі адну літару, пакінуўшы без змен імя і імя па бацьку. Сапраўднае прозвішча абаронцы на судзе было Петрусевіч – знакаміты выхадзец з Капыльшчыны, які нарадзіўся 4 сакавіка 1872 года ў фальварку Новіны, што знаходзіўся каля вёскі Душава. Пра
Казіміра Адамавіча Петрусевіча, як рэвалюцыйна настроенага адваката, ведаў і Канстанцін Міцкевіч. Калі за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе яго абвінавацілі ў антыўрадавай дзейнасці, ён 2 ліпеня 1908 года звярнуўся ў Віленскую судовую палату з прашэннем, каб абаронцам яго быў прысяжны павераны пры Мінскім акруговым судзе К. Петрусевіч».
Таццяна БОХАН
Комментарии