Спакон веку семежаўская зямля славілася працавітымі людзьмі. Тут склаўся зладжаны калектыў, якому па сілах любыя задачы.
[caption id="attachment_14490" align="aligncenter" width="443" caption=" Уладзімір Карсюк"]
[/caption]
Механізатар Уладзімір Карсюк, хаця нарадзіўся і вырас на Клеччыне, ужо па праве можа называць сябе семежаўцом, паколькі жыве і працуе ў гаспадарцы 23 гады. За гэты час праз яго рукі прайшло пяць трактароў.
— Пачынаў з МТЗ-50, — расказвае Уладзімір Рыгоравіч, — затым быў МТЗ—80, два МТЗ-1221, цяпер вось другі год за рулём новай машыны — “Беларус-3022”. Здаецца, мы разумеем адзін аднаго, таму і справы ідуць на лад.
— Гэта наш лепшы араты, — уступае ў гутарку намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па раслінаводстве Юрый Зяньковіч. — Цяпер вось новую аперацыю асвоіў — працуе на глебапаглыбляльніку. Дарэчы, ці ведалі Вы, што Уладзімір Рыгоравіч узнагароджаны ордэнам? Пра гэта некалі і “Слава працы” пісала.
Прашу механізатара расказаць больш падрабязна. Аказваецца, у 1991 годзе Уладзімір Карсюк сапраўды быў узнагароджаны ордэнам “За працоўныя заслугі”.
— Ляжыць ён у мяне на самым пачэсным месцы, — усміхаецца ардэнаносец. — Часам сын просіць паказаць. Яму ўжо шосты год пайшоў, таксама вельмі тэхнікай цікавіцца. Хто з яго вырасце — не ведаю, але тое, што за сумленную працу — гонар і пашана, засвоіць, думаю, дакладна.
Цяпер Уладзімір Рыгоравіч займаецца даволі адказнай справай — стараецца на сваім магутным “Беларусу” палепшыць водна-паветраны рэжым палеткаў, каб харчаванне будучых раслін было больш спорным. Менавіта для такіх мэт і створаны агрэгат — глебапаглыбляльнік. Магчыма, гэта аперацыя некалькі затратная для гаспадаркі: усё-такі па адным і тым жа палетку трэба і плугамі, і разрыхляльнікам прайсціся, ды і затраты гаручага большыя, аднак гэта таго вартае. Такі агрэгат выкарыстоў- ваецца звычайна на тых участках, дзе вясной будуць сеяць цукровыя буракі, бульбу ці кукурузу — культуры, больш патрабавальныя да добрага водна-паветранага рэжыму. Асаблівы эфект гэта дае там, дзе глебы цяжкія, з вялікай колькасцю лужкоў і так званых “сподачкаў”.
“Мы купілі агрэгат яшчэ летась, — расказвае Юрый Зяньковіч. — Паспелі апрацаваць 300 га. Розніцу адчулі адразу. Так што, трэба сачыць за новымі тэхналогіямі і ісці ў нагу з прагрэсам”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии