Калі ў вадзіцеля ААТ “Старыца-Агра” Сяргея Пратасевіча пацікавіцца, якую падзею ён можа назваць для сябе вельмі памятнай, напэўна, пачуеш у адказ: “Удзел у Рэспубліканскім свяце-кірмашы “Дажынкі-2011”.
[caption id="attachment_14448" align="aligncenter" width="443" caption=" Вадзіцель Сяргей Пратасевіч"]
[/caption]
Сапраўды, сёлета Сяргею Фёдаравічу быў аказаны гонар прадстаўляць Капыльшчыну на гэтым значным форуме. Ён прызнаны пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяністых кармоў сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўлялі іх перавозку, і заняў трэцяе месца. У падарунак атрымаў тэлевізар і, што не менш важна, мноства самых яркіх уражанняў і эмоцый.
У гаспадарцы Сяргей працуе больш за дзесяць гадоў: спачатку на малакавозе, затым перасеў на МАЗ. Не цураецца аніякай работы, як прызнаецца сам, трэба ж капейку зарабіць. У сям’і падрастаюць двое сыноў: старэйшы — навучэнец Уздзенскага ліцэя, будучы трактарыст-вадзіцель, вялікую цягу да тэхнікі мае і малодшы з хлопцаў. Жонка Марыя — аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы на комплексе “Чарнічнае”. Жывуць Пратасевічы ў Карзунах, ва ўласным доме, трымаюць гаспадарку. Словам, звычайная вясковая сям’я, якіх на Капыльшчыне тысячы. Можа, толькі выдзяляецца стараннасцю і працавітасцю, ды адданасцю сваёй справе.
Магчыма, тымі кармамі, што дастаўляў з поля Сяргей, і корміць Марыя сваіх гадаванцаў. На комплесе “Чарнічнае” сёлета назапасілі іх удоваль. Як расказала памочнік начальніка жывёлагадоўчага аб’екта Леаніда Давідоўская, толькі сена нарыхтавана 600 тон, сенажу — амаль 13 000 тон і сіласу больш за 7000 тон. А яшчэ ёсць плюшчанае зерне і здробненая кукуруза. І ўсё гэта высокай якасці. А інакш і быць не можа. У атрыманні добрых рэзультатаў павінны быць зацікаўлены ўсе, паколькі ланцужок: поле — ферма разрываць нельга. Добра спрацавалі работнікі раслінаводчай галіны — ёсць прыбаўка і ў жывёлаводаў.
[caption id="attachment_14450" align="aligncenter" width="443" caption="“Вось якія ў нас выхаванцы,” — гаворыць Леаніда Давідоўская"]
[/caption]
А рэзультаты ўражваюць. Сярэднясутачныя прывагі на комплексе “Чарнічнае” за апошні месяц складаюць 1 кг 101 г (на 25 г больш, чым за папярэдні і на 43 г больш, чым у пачатку года). Агульны вал прывагі — 111 тон 385 кг за кастрычнік і 1109 тон за 10 месяцаў бягучага года (летась за гэты перыяд было 1098 тон). Старанна працуюць на першым перыядзе аператары Людміла Шумчэня (сярэднясутачныя прывагі на яе групе за круг склалі 1119 г), Наталля Давідоўская (1111 г), Галіна Міхайлоўская (1097 г). На другім перыядзе свае лідары — Галіна Салановіч (1038 г) і Ганна Бойка (1070 г).
Ёсць значныя дасягненні і ў малочнай жывёлагадоўлі. Як расказаў заатэхнік Міхаіл Іваноўскі, сёлета ААТ “Старыца-Агра” ўпершыню пераўзыдзе 6-тысячны рубеж па вытворчасці малака, а на МТФ “Свідзічы”, якая ўвесь гэты год з’яўляецца лепшай у раёне, плануюць атрымаць больш за 7 тысяч кілаграмаў.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии