Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

99

Пры раённым цэнтры ткацтва ў аграгарадку Семежава працуе школа ткачоў

09.10.2022
9 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры На календары – Год гістарычнай памяці. А што значыць гісторыя? Гэта і наша культура, і традыцыі, і сувязь пакаленняў. Менавіта на гэтых асновах трымаецца навучэнне хлопчыкаў і дзяўчатак у Школе ткачоў, якая працуе ў Семежаве. Захаваць пасля сябе прыгажосць і памяць, пакінуць свой след у культуры роднага краю – такую магчымасць ужо сёння маюць юныя наведвальнікі Школы ткачоў, што працуе ў аграгарадку Семежава пры раённым цэнтры ткацтва. [caption id="attachment_119780" align="alignnone" width="840"] ■ Дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава і яе навучэнцы Яраслаў Шчоткін, Дзяніс Шчоткін, Юлія Рымжа, Раман Волкаў і Мікалай Бірук[/caption] У школе сярод юных ткачоў ажыўлена: хлопчыкі і дзяўчынкі абмяркоўваюць свае чырвона-белыя ўзоры. Каля кроснаў яны шчыра ўсміхаюцца і даюць адзін аднаму парады. І гэта нягледзячы на тое, што вучэбныя заняткі ў агульнаадукацыйнай школе скончаны і наступіў час адпачынку. Што ж, маладыя майстры праводзяць вольныя хвіліны з карысцю: яны вучацца працаваць на сапраўдных (і нават старадаўніх!) кроснах. Крыху забягаючы наперад адзначу, што кросны для заняткаў ткацтвам выкарыстоўваюць даўнейшыя: і з Семежава, і з Праснакоў, і з Лешні. Ёсць і так званыя новыя. Іх зрабіў майстар са Старых Дарог у 2010 годзе. – Усяго ў нас займаюцца 12 чалавек рознага ўзросту, – расказвае кіраўнік школы, загадчык раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава. – Спачатку назіраю за дзецьмі ў звычайнай школе, адбіраю больш здольных, размаўляю з імі. Бо дзіцяці трэба растлумачыць, на што ён будзе траціць свае час і сілы. Але для семежаўцоў ткацтва – справа не новая, таму многія прыходзяць займацца свядома. І галоўнае: трэба запаліць агеньчык творчасці ў іх вачах. Разам са мной працуюць метадыст Ала Ладыга і майстар народных мастацкіх рамёстваў Валянціна Нікалаевіч. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень: у чацвер і суботу. Доўжацца яны па дзве гадзіны. Збіраюцца юныя ткачы нават і на канікулах, бо творчая справа не любіць перапынкаў. Са сваімі работамі майстры прымалі ўдзел у самых розных конкурсах і мерапрыемствах. Не раз школьнікі станавіліся дыпламантамі Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу «Калядная зорка», абласнога свята-конкурсу дзіцячай творчасці «Калыска талентаў», абласных святаў-конкурсаў «Матчыны кросны», «Беларускі пояс», «Млечны шлях ад рук бабулі». Але, на жаль, здараецца і такое, што хлопчыкі або дзяўчынкі страчваюць зацікаўленасць і перастаюць наведваць заняткі. Нават поспехі ў конкурсах не заўсёды могуць іх заахвоціць. Таццяна Волкава ўзгадвае адну з найбольш таленавітых рукадзельніц Кацярыну Бубніковіч. Падчас вучобы ў школе дзяўчынка з вялікай зацікаўленасцю адносілася да ткацтва. Зараз яна медыцынская сястра, працуе ў адной з бальніц у Бараўлянах. Але калі прыязджае на сваю малую радзіму, абавязкова прыходзіць у цэнтр ткацтва: яе душа просіць прыгажосці. І калі атрымліваецца, то з вялікім задавальненнем прымае ўдзел у розных святах. Так, напрыклад, падрыхтавала конкурсную работу і з гонарам прадставіла Капыльшчыну на абласным свяце-конкурсе «Матчыны кросны» ў 2021 годзе. [caption id="attachment_119779" align="alignnone" width="600"] ■ Марыя Палягошка і Ангеліна Ляўко[/caption] Калі на экскурсію прыязджаюць дзеткі з іншых населеных пунктаў, у многіх з іх запальваюцца вочкі, ім хочацца паспрабаваць выткаць хоць адзін ніцяны ланцужок. Можа б і наведвалі яны школу ткачоў, каб было прасцей дабрацца да Семежава. [caption id="attachment_119778" align="alignnone" width="600"] ■ Дзяніс Даркін і Дзіяна Ражко[/caption] – Ведаеце, наша творчасць вядома далёка за межамі раёна, – з гонарам расказвае Таццяна Мікалаеўна. – Звяртаюцца па дапамогу калегі са Слуцкага, Нясвіжскага раёнаў, просяць правесці майстар-класы. Ці баюся я, што «забяруць» майстэрства? Не, бо ідэі нараджаюцца пастаянна, а талент і творчасць – паняцці асабістыя. Будзе натхненне – з’явяцца і новыя цудоўныя работы. Ад першай асобы Раман ВОЛКАЎ, наведвае школу ткачоў 10 гадоў: – Колькі сябе памятаю, з самага маленства вакол мяне заўсёды была творчая атмасфера. Я расту і выхоўваюся сярод народных традыцый і рамёстваў, якімі валодае мая матуля. Гэта так цікава – ствараць сваімі рукамі нешта непаўторнае, арыгінальнае. Дзіяна РАЖКО: – Памятаю, калі першы раз я прыйшла ў цэнтр ткацтва, мне вельмі спадабалася. Я ніколі не бачыла столькі прыгажосці: яркія ручнікі, шматколерныя посцілкі, а ад ткацкага станка не магла адарваць свайго позірку! Мне захацелася навучыцца гэтак жа спрытна на ім ткаць, як тая майстрыха. І я вучуся. Ангеліна ЛЯЎКО: – Ткацтва мяне захапляе. Хочацца ткаць і ткаць, каб хутчэй пабачыць узор, які ў мяне атрымаецца. Я працягваю справу продкаў і гэтым ганаруся. Яраслаў ШЧОТКІН: – Я займаюся ў гуртку па ткацтве, таму што мне падабаецца, гэта цікава, прыгожа, захапляльна. Гэта наша спадчына! Я ганаруся тым, што ўмею ткаць. Дзяніс ШЧОТКІН: – Зараз многія лічаць, што ткацкае майстэрства – жаночая справа, але, як сведчыць гісторыя, менавіта мужчыны былі выдатнымі ткачамі. А яшчэ мне падабаецца гэты гурток тым, што я сваімі рукамі магу зрабіць падарунак родным, ды такі, што ён будзе адзіны і непаўторны! Мікалай БІРУК: – Вельмі прыемна, калі на розных фестывалях і конкурсах людзі ацэньваюць і захапляюцца тым, чым я займаюся. Валерыя ЛУЦЭВІЧ: – Займаюся ткацтвам зусім нядаўна, але падабаецца гэты занятак тым, што пазнаю шмат новага, маю магчымасць паўдзельнічаць у розных цікавых мерапрыемствах і конкурсах. Дзяніс ДАРКІН: – Цікавы занятак. У мяне неяк адразу атрымалася, і я з задавальненнем хаджу. Прыемна, калі атрымліваецца тое, за што бярэшся. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота Наталлі ДАВЫДЗЕНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей