Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Ветэран педагагічнай працы Соф’я Уладзіміраўна Захарык з Капыля адзначыла 80-гадовы юбілей

29.09.2022
Не ўсе ведаюць, што яна адносіцца да пакалення дзяцей вайны. Гэта абаяльная і прыгожая жанчына, з прыроджанай інтэлегентнасцю і сапраўдны прафесіянал зрабіла важкі ўклад у развіццё адукацыі нашай краіны. Яна амаль 50 гадоў аддала настаўніцкай справе, а працоўны шлях адзначаны знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР», Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі СССР і БССР, шматлікімі падзякамі. Ёй прысвоена званне «настаўнік-метадыст». Нарадзілася Соф’я Уладзіміраўна 28 верасня 1942 года ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна. Гэта быў час, калі ва ўсю грымела вайна. Бацька, Уладзімір Сцяпанавіч,  стаў актыўным удзельнікам партызанскага руху. Каб не рызыкаваць, маці, Алімпіяда Канстанцінаўна, з маленькай дачушкай перабралася да бацькоў (Сухнатоў) у вёску Свідзічы. У лістападзе супраць партызан і мірнага насельніцтва акупанты распачалі карную экспедыцыю. Большасць жыхароў вёскі, шукаючы ратунку, кінулася ў старыцкі лес. У Сухнатоў ва ўрочышчы Дрэваскеп была выкапана патаемная зямлянка. Увесь дзень чулі, як ішоў бой у Старыцы паміж партызанамі і немцамі. Ноччу быў моцны мароз. Дзед Канстанцін паспрабаваў развесці вогнішча. На іскры ад полымя карнікі адкрылі кулямётны агонь. Немаўля заплакала, прыйшлося пакінуць першапачатковае месца сховішча і сысці ў глыб лесу. Так хутка пакінулі вёску, нават не ўзялі для дзіцяці запас пялёнак. Для пляменніцы 15-гадовы дзядзька Гена зняў з сябе льняную кашулю, а затым усе па чарзе калыхалі яе, саграваючы цяплом сваіх цел. Позна ўначы прыйшоў бацька Соні і прынёс ежу, папярэдзіў аб тым, што раніцай партызаны пакінуць свае пазіцыі, а гітлераўцы пачнуць прачэсваць лес і нікога ў жывых не пакінуць. Таму на сямейным савеце вырашылі: на заўтра вярнуцца ў вёску. На гравійнай дарозе іх і яшчэ некалькі сям’яў паставыя абшукалі і адпусцілі. У хаце было ўсё разграблена і перабіта. Але самае галоўнае – засталіся ў жывых. Карнікамі былі расстраляны 45 мірных жыхароў, сярод якіх большасць дзяцей. Пасляваеннае дзяцінства пра-ходзіла ў Свідзічах у дзядулі. Запомнілася, як спявалі інваліды пад гармонік. Песні пра мужнасць і гераізм нашага народа прабівалі слязу. За гэта ўсе дзеці прыносілі ім ежу. А якія былі провады юнакоў у армію! Вясковы духавы аркестр праводзіў прызыўнікоў ад клуба і да канца ўсёй вёскі. Азы гаспадыні Соф’я спасцігала ад бабулі Любові Іванаўны, якая  мела даволі добрую адукацыю: па вечарах унучцы чытала вершы, казкі, цытавала Пушкіна, Лермантава і інш. І сёння ў памяці  апавяданне Максіма Горкага «Дед Архип и Лёнька». Дзядуля Канстанцін Рыгоравіч працаваў лесніком, выпісваў часопіс «Паляўнічы». Па вечарах у яго двары збіраліся паляўнічыя і расказвалі цікавыя гісторыі. Ад дзядулі (была добрая майстэрня і станкі) дзяўчынка навучылася пілаваць і габляваць, забіваць цвікі. У няпоўныя шэсць гадоў пайшла ў пачатковую школу ў Андросаўшчыне, якую ўзначальвала маці. Да навучання ставілася з вялікай ахвотай і цікавасцю, многа чытала. У час канікул дапамагала бацькам фарбаваць памяшканні, праполваць градкі на прышкольным участку. Якія падарункі былі дзецям на Новы год? У той час калгас марозіў яблыкі на зіму і  ўсім школьнікам выдавалі па пакеце на свята. Сённяшняму пакаленню, узгадаванаму на інтэрнэце, цяжка гэта ўсё зразумець. Затым была няпоўная сярэдняя школа ў Вошкатах. Спявала ў школьным хоры, які арганізавала Часлава Феліксаўна Грыгаровіч. На перапынках настаўнікі Канстанцін Юльянавіч Малашка і Сяргей Яфімавіч Новік ігралі  на гітарах, спявалі, вучылі гуляць у шахматы. Вучоба ў сярэдняй школе №1 г. Капыля здзівіла новым будынкам, прасторнымі светлымі класамі, навучальнымі кабінетамі і гардэробам. Напрыклад, у кабінеце біялогіі для кожнага вучня быў мікраскоп. Упершыню ўбачыла раслінную клетку ў павелічэнні. Выдатна быў абсталяваны кабінет фізікі. З’явілася яшчэ большая прага да навучання, была шчаслівая, радасная, ганарылася, што мела магчымасць атрымліваць веды ў новых умовах. Вельмі спадабаліся гісторыя і хімія, якія выкладалі Зоя Пятроўна  Рак  і Вольга Іванаўна Станавенка.     Пасля заканчэння 10-годкі, памятаючы аповеды дзядулі пра Першую сусветную вайну і Кастрычніцкую рэвалюцыю,  паехала паступаць у Гомельскі педагагічны інстытут імя В.П. Чкалава на настаўніка гісторыі. Але такой спецыяльнасці там не было, пайшла здаваць экзамены на хімічны факультэт і не прайшла па конкурсе. Доўга не сумавала, уладкавалася ў родную Вошкатаўскую сямігодку. Асвоіла многа прафесій: была піянерскай важатай, выхавацелем, рахункаводам, дапамагала гандляваць у буфеце. [caption id="attachment_119463" align="alignnone" width="840"] ■ На ўроку хіміі ў медкласе СШ №2 г. Капыля, 2003 г.[/caption] Праз два гады мара збылася – Соф’я стала студэнткай.  Іх групу (выдатнікаў) рыхтавалі да працы на хімічным заводзе, які будаваўся. Набывалі яны не толькі спецыяльнасць настаўніка хіміі і біялогіі, але і хіміка-тэхнолага. Дасканала вывучалі матэматыку, фізіку, геалогію. Шмат увагі надавалася эксперыментам, цікавай і змястоўнай была практыка на беразе Сожа і на хімічных прадпрыемствах рэспублікі. Але так здарылася, што завод не паспелі пабудаваць, таму па размеркаванні трапіла ў Ганцавіцкі раён. Маладога спецыяліста з вышэйшай адукацыяй адразу хацелі прызначыць на працу ў аддзел народнай адукацыі, але тая паставіла ўмову: «Буду працаваць толькі настаўнікам!» Адпраўляецца Соф’я ў самую аддаленую вёску раёна – Чудзін – выкладаць хімію. Там яе прызначаюць намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні (пазней — па выхаваўчай рабоце), выбіраюць сакратаром камсамольскай арганізацыі. Са стараннасцю рыхтавалася да кожнага ўрока, ранішніка, выступлення на педагагічным савеце. Колькі песень, вершаў, гульняў яна вывучыла з вучнямі. У школе не хапала хімічнага абсталявання і рэактываў. Усё гэта даставала сама. І калі давала першы адкрыты ўрок, уразіла кіраўніцтва РАНА – на практычнай рабоце кожны вучань індывідуальна праводзіў вопыты. Праца на вёсцы, дзе настаўніка лічаць першым чалавекам, яшчэ больш загартавала характар, выпрацавала жыццёвыя прыярытэты. Як гэта бывае з маладой дзяўчынай, сустрэла сваю другую палавінку, выйшла замуж, нарадзіла дзіця і пераехала ў Капыль. Прозвішча бацькі Захарык пакінула сабе  як  падзяку  за  выратаванае жыццё ў 1942 годзе. [caption id="attachment_119462" align="alignnone" width="600"] ■ Дзядзька Генадзь Сухнат, 1948 г.[/caption] Праца ў гарадской школе (СШ №2) стала новым этапам у прафесіянальным жыцці настаўніцы з 1968 года. Хімія – не з лёгкіх навук. Прываблівала дзяцей дабрынёй, чуласцю і чалавечнасцю. Каб згуртаваць вучняў на ўроку, прывіць цікавасць да прадмета, састаўляла для іх крыжаванкі, вершы, вядомыя казкі перакладала на хімічную мову. У школе праводзіла не толькі  вечары хіміі, але і тыдні, і нават месячнікі.  Заўжды з дзецьмі, заўжды ў творчым пошуку. Кожнага вучня ўспрымала такім  як ёсць: са сваімі думкамі, справамі і разважаннямі. Адна з першых на Капыльшчыне пачала асвойваць тэсты з вучнямі. Многія з іх станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.  Прыйшла вядомасць на больш высокім узроўні. Вопыт педагога быў запатрабаваны – чытала лекцыі ў абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў,  была членам камісіі па  праверцы алімпіядных заданняў, а на Капыльшчыне ўзначальвала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў хіміі. Пра свае поспехі распавядае са сціпласцю: – Мае дасягненнні – гэта падтрымка маіх калег, – адзначае Соф’я Уладзіміраўна. – Гонар кожнага настаўніка – яго вучні і выпускнікі. Большасць  з іх абралі свой жыццёвы шлях, жывуць і працуюць дзеля сучаснага і будучага краіны. Выпускнікі медыцынскага класа Маргарыта Гулевіч, Андрэй Тароцька, Ігар Юруц, Алег Стральчэня, Уладзімір Мірончык, Вольга Дубовік працуюць ва ўстановах медыцыны Міншчыны. Алена Міхайлоўская – магістр,  навукоўцамі сталі  Святлана Жадан, Марына Пашко, Таццяна Клімец. Вельмі задаволена настаўнікамі хіміі –  Аленай Быліновіч, Таццянай Бокуць і Алай Койпіш.  Нават праз шмат гадоў, калі выпускнікі праводзяць сустрэчы, яны заўсёды запрашаюць  мяне, слухаюць мае парады і адказы на жыццёвыя пытанні. Маё багацце – сын, дачка і чацвёра ўнукаў, дзеля якіх жыву сёння. Узгадвае Ала Койпіш: — З першых дзён сустрэчы з Соф’яй Уладзіміраўнай я вельмі палюбіла хімію. Гэта вельмі справядлівы і выдатны педагог, з адкрытай душой, здольны прыйсці на дапамогу ў любой жыццёвай і прафесійнай сітуацыі. Я неаднаразова чула ад сваіх калег словы шчырай удзячнасці за тое, што яна паспрыяла станаўленню кожнага з іх як асобы і як педагога. З нагоды юбілею ўсе жадаюць любімай настаўніцы моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, частых і цікавых сустрэч. Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей