У раённым цэнтры культуры сабраліся аматары народнай музыкі для таго, каб стаць сведкамі творчага вечара народнага ансамбля «Спадчына» пад назвай «Песню бярыце з сабой!».

Кожнае выступленне калектыву становіцца феерыяй, а ансамбль лічыцца брэндам нашага раёна, бо на якой сцэне і перад якой публікай ні выступаюць артысты, народную песню і музыку любяць не толькі ў Капыльскім раёне, але і далёка за яго межамі.

У канцэртную праграму ўвайшлі лепшыя творы народнай песеннай культуры беларусаў, а таксама сучасныя песні беларускіх і рускіх аўтараў. Такую тэматыку з пачатку стварэння калектыву задала яго нязменны кіраўнік
Валянціна Зарамбоўская.

– Народныя песні вясёлыя і душэўныя, таму і запатрабаваныя. Іх трэба даносіць, – лічыць Валянціна Сцяпанаўна. – І пакуль будзе жыць песня, будзе жыць і наша вялікая культура.
Хочацца нагадаць чытачам, што ў склад калектыву ўваходзяць самадзейныя артысты. Усе яны абсалютна розныя – характар, светапогляд, настрой, музычныя густы, прыхільнасці, тэмбральныя афарбоўкі галасоў. І нягледзячы на тое, што па спецыяльнасці многія з іх не артысты, менавіта на сцэне адбываецца чароўнае пераўвасабленне. Таму зала міжволі замірала перад прыгажосцю выканання і сольных выступленняў удзельнікаў ансамбля —
Валянціны Зарамбоўскай, Вячаслава Курчыка, Юліі Наумовіч, Дзяніса Сельвановіча, Іны Місючэнкі, Наталлі Фінке, Веры Сіняковай.

Таленавітыя, жыццярадасныя і ўлюбёныя ў песню артысты не пакідалі абыякавымі ніводнага гледача, захаплялі нязгаснай энергіяй. З першай песні што ні нумар, то апладысменты. Ад удалых народных матываў ногі самі пускаліся ў скокі, а да стройных галасоў артыстаў далучаліся глядацкія. Як жа тут прамаўчаць, калі сама душа спявае?.. У чарговы раз «Спадчына» падарыла гледачам яшчэ адно свята – сустрэчу з добрай песняй у высокапрафесійным выкананні.
Таццяна БОХАН
Комментарии