120
(CMigrator copy 141)
19.09.2022
Адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў станаўлення нашай дзяржаўнасці, быў ураджэнец Пецярбурга, а потым пагранічнік з Цімкавіцкай пагранзаставы Аляксандр Абрамаў (на здымку).
Замест уступу
У 1937 годзе беларусы ўдзель-нічалі ва Ўсесаюзных выбарах дэпутатаў у вышэйшы дзяржаўны орган СССР – Вярхоўны Савет, утвораны адпаведна сталінскай Канстытуцыі, прынятай раней. Восенню 1937 года ў БССР пачалася паўнамаштабная выбарчая кампанія. Пакуль у рэспубліканскіх і раённых газетах выбіраліся ўласныя карэспандэнты, каб якасна асвяціць вялікую і значную падзею ў грамадска-палітычным жыцці краіны, у гарадах і ў сельскай мясцовасці пачаліся сходы працоўных фабрык, заводаў, арцеляў, калгасаў і інш. з адной мэтай: вылучыць самых годных беларускіх грамадзян у якасці кандыдатаў у дэпутаты абедзвюх палат Вярхоўнага Савета СССР. І так здарылася, што з усёй колькасці абраных дэпутатаў у БССР два з іх былі з Капыльскага раёна. Гэта Аляксандр Абрамаў і Соф’я Рачок. Выбары праходзілі па выбарных акругах, тэрытарыяльны ахоп якіх не адпавядаў раёнам, бо, згодна з Канстытуцыяй, гэтыя акругі вылічваліся па колькасці жыхароў. Так, Абрамава А.М. зарэгістравалі па Мінскай сельскай выбарнай акрузе, а Рачок С.П. – па Слуцкай сельскай. У кожную такую акругу ўваходзіла некалькі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак – раёнаў.
Дэпутат з глыбінкі
Наш знакаміты пісьменнік Змітрок Бядуля асабіста паехаў у капыльскую глыбінку, каб пазнаёміцца з Аляксандрам Міхайлавічам Абрамавым, пагутарыць з ім, скласці сваё ўражанне і данесці яго да выбаршчыкаў. Пісьменніка сустрэў зграбны і прыгожы хлопец у форме савецкага пагранічніка. Яго ўважлівыя, пранізлівыя вочы глядзелі строга, але добра. Змітрок Бядуля пісаў пасля вяртання ў Мінск: «Пасля першай хвіліны знаёмства табе здаецца, што знаёмы з ім многія гады, што гэта твой стары прыяцель, з якім доўгі час не бачыўся».
Ад Пецярбурга да…
Аляксандр нарадзіўся ў 1911 годзе ў Пецярбургу ў сям’і шаўца і прачкі. Калі выбухнула Першая сусветная, бацьку забралі на фронт, дзе ён загінуў. Маленькі Саша жыў з маці ў невялічкім пакоі ў сырым і цёмным падвале. Пра лепшае месца гаварыць не прыходзілася, бо засталіся без карміцеля. Саша не помніў бацькі, але чырвоныя сцёртыя матчыны рукі запамятаў на ўсё жыццё: яна вымушана была працаваць ледзь не суткамі.
А ў 1919 годзе, калі ў краіне ішло змаганне з інтэрвенцыяй заходніх дзяржаў, калі гарады і вёскі пераходзілі з рук у рукі з вялікай хуткасцю, як нейкія карты, а ў Петраградзе панавалі роспач, голад і холад, Аляксандр страціў маці, а з ёю і жыллё…
Потым былі начоўкі дзе папала, жабрацтва, дзіцячы дом, навучанне на шаўца, пабег, скітанне па гарадах і вёсках, зноў жабрацтва. Нарэшце, ён наймаецца сялянскім парабкам і яго майстэрства шаўца дапаўняецца рознай сялянскай навукай, якая зімой разбаўлялася цяжкай навукай лесараспрацоўшчыка.
У 1929 годзе жыццё Аляксандра змянілася. Ён вырашыў кінуць вёску, бо там яму не было ніякага развіцця, і падацца ў шматлюдныя мясціны. Ён паехаў у Свірбуд – новы рабочы пасёлак на рацэ Свіры ў Ленінградскай вобласці. Там з 1927 года ўзводзілі Ніжнесвірскую ГЭС, прычым упершыню ў сусветнай практыцы – на зжатым мяккім грунце. Смелая задумка, упартае змаганне з зусім непрыстасаванай да гэтага зямлёй і ўвесь маштаб грандыёзнай будоўлі электрастанцыі аказалі на Аляксандра вялікае ўражанне. І ён наймаецца чорнарабочым.
Ударнік будоўлі
На Свірбудзе яго і прыкмеціў камсамол, які збіраў да сябе лепшых. Тады краіна толькі пачынала пераўтварацца з нэпаўскай у сапраўды сацыялістычную. Ужо на парозе стаяла эпоха індустрыялізацыі. І галоўная маладзёжная арганізацыя ўсклала на сябе вельмі вострае ў краіне пытанне аб падрыхтоўцы адукаваных лю-дзей. Савецкі камсамол разгарнуў барацьбу за новыя кадры. Упершыню ў жыцці Аляксандр адчуў, што ў яго ёсць цудоўная сям’я, дзе кожны для яго – брат і таварыш. Яму пачынаюць даваць парады, адказныя заданні, старэйшыя рабочыя па-бацькоўску клапоцяцца аб ім. Амаль бязмежныя магчымасці адчыніліся перад Сашам, і ён акунаецца ў іх з галавой. Вячэрняя школа, ліквідаванне малапісьменнасці, чатыры ступені агульнай асветы, палітграмата… Неверагодна, але зусім скора Аляксандр Міхайлавіч становіцца ўдарнікам на будоўлі, атрымлівае званне старшага рабочага і пачынае кіраўніцтва над цэлай брыгадай і абавязкова грамадская нагрузка: цяпер ён павінен дапамагаць у адукацыі іншым будаўнікам чытаннем ім газет і інфармаваннем аб міжнародным становішчы. Потым яго выбіраюць членам цэхавага камітэта, з’яўляецца новы абавязак – клопат пра культуру і быт рабочых цэха, дзе больш за тысячу чалавек.
У 1931 годзе наш перадавік уступае кандыдатам у партыю, узнагароджваецца граматай. Потым Абрамаў накіроўваецца ў вячэрнюю школу, наведвае курсы, працуе ў кааператыўным бюро па забеспячэнні, з’яўляецца ініцыятарам падпіскі сярод працаўнікоў на дзяржаўную пазыку. І пры ўсім гэтым Аляксандр працуе разам са сваёй брыгадай у дзве змены(!), бо на будаўніцтве не хапае рабочай сілы.
З арміі – у Вярхоўны Савет
А восенню 1933 года яго прызываюць у рады Рабоча-сялянскай чырвонай арміі і накіроўваюць у Цімкавіцкі Чырванасцяжны пагранатрад НКВД Капыльскага раёна Мінскай акругі. Савецка-польская мяжа – амаль самая складаная і адказная. З гэтага моманту і да выбараў усё жыццё нашага героя звязана з сінявокай Беларуссю. Ён застаецца тут на звыштэрміновую службу.
На новым месцы ў сувязі са спецыфікай вайсковага атрада Аляксандр ідзе на вучобу ў спецыяльную школу. Хутка становіцца маладым камандзірам аддзялення, заканчвае курсы камсоргаў, прызнаецца адным з лепшых пагранічнікаў. Атрымлівае мноства ўзнагарод: за палітпадрыхтоўку моладзі, за ўзорную дысцыпліну. А па ахове мяжы – 4 заахвочванні і некалькі ўзнагарод таксама. Неўзабаве і павышэнне па службе: ён становіцца старшынёй Цімкавіцкага пагранатрада. З. Бядуля занатоўвае свае назіранні: «Аляксандра Міхайлавіча ўсе любяць за актыўнасць, за скромнасць, за добрае сэрца. Любяць не толькі байцы, але і ўся калгасная ваколіца».
У сярэдзіне лістапада 1937 года ў прэсе друкуецца пастанова аб зарэгістраванні «выстаўленага агульнымі сходамі грамадскіх арганізацый, таварыствамі працоўных Менскага, Лагойскага, Уздзенскага, Заслаўскага і Смілавіцкага раёнаў, уваходзячых у Менскую сельскую выбарчую акругу па выбарах у Савет Саюза, даўшага сваю згоду балатыравацца ў даннай акрузе Абрамава Аляксандра Міхайлавіча…»
– Я ганаруся вялікім даверам працоўных мас, – гаворыць усхваляваны кандыдат пра незвычайную навіну і натхнёна дадае: – Для мяне гэта ёсць вялікі палітычны гонар. Я абязуюся яшчэ больш і лепш працаваць над сабою і ў масах. Я абязуюся апраўдаць вялікую годнасць члена бальшавіцкай партыі. Я не буду шкадаваць сваіх сіл для справы нашай партыі і працоўнага народа.
Хутка пачаліся шматлікія сустрэчы выбаршчыкаў са сваімі абраннікамі. Цяжка ўявіць колькасць паездак Абрамава на розныя сходы, бо, як бачым, яго ведалі ў такім мностве ўстаноў розных раёнаў, што рэдакцыя не ўзялася пералічыць хаця б частку ў газеце «Калгаснік Уздзен-шчыны».
Зразумела, былі і іншыя кандыдаты. Аднак 12 снежня 1937 года лепшы пагранічнік Абрамаў А.М. быў абраны ўдзячным народам дэпутатам першай палаты Вярхоўнага Савета СССР – Савета Саюза.
Вольга РУСАКОВІЧ,
г. Мінск
Поделиться
Комментарии