Дбайныя гаспадары старанна папаўняюць свае кладоўкі і склепы: слоікі з саленнямі і варэннямі выстраіліся ў дружныя рады, а садавіна і гародніна пры спрыяльным уздзеянні аптымальных тэмператур зможа надоўга захавацца свежай.
Клапоцяцца пра запасы сельскагаспадарчай прадукцыі на зіму і работнікі Капыльскага райспажыўтаварыства, дзе да адказнага перыяду правялі капітальны рамонт асноўнага схо-вішча, падрыхтавалі размеркавальныя склады, праз якія ажыццяўляюцца пастаўкі прадукцыі ў магазіны. Запланаваных запасаў павінна хапіць для таго, каб у халодную пару года ў поўнай меры забяспечыць спажыўцоў вітамінамі.
[caption id="attachment_118869" align="alignnone" width="400"]
■ Настасся Быль[/caption]
– Мы прынялі ўжо дастатковую колькасць садавіны і агародніны, грыбоў, – расказвае начальнік аддзела нарыхтовак Капыльскага райспажыўтаварыства
Настасся Быль. – Акрамя таго, агародніну, садавіну і ягады закупляем у сельгасарганізацыях раёна, супрацоўнічаем і з фермерскімі гаспадаркамі. У першую чаргу прадукцыя адпраўляецца на рэалізацыю ў магазіны ўласнай рознічнай сеткі. Калі застаюцца лішкі, то пастаўляем іх на перапрацоўчыя прадпрыемствы. А ў сезон восеньскіх кірмашоў ураджай новага сезона ў шырокім асартыменце будзе прадстаўлены і пры выязным гандлі.
На сёння самым актуальным пытаннем для нарыхтоўшчыкаў з'яўляецца, мабыць, закуп яблыка-ападу. Ад насельніцтва яго прынята ўжо больш за 100 т. Дарэчы, лішкі прадукцыі кааператары ў выпадку неабходнасці могуць прыехаць і забраць проста ад дома. І такая паслуга прадастаўляецца абсалютна бясплатна, прычым сем дзён на тыдзень. Плюсам супрацоўніцтва з райспажыўтаварыствам з'яўляецца і тое, што разлік ажыццяўляецца адразу на месцы.
Акрамя «нарыхтоўчай канторы на колах» закупкай садавінагародніннай прадукцыі займаюцца ўсе магазіны сеткі спажыўкааперацыі. Там жа размешчана інфармацыя аб закупачных цэнах, якія перыядычна пераглядаюцца і змяняюцца ў залежнасці ад сезона, ураджайнасці, прапановы і попыту.
[caption id="attachment_118870" align="alignnone" width="840"]
■ Свежыя брусніцы прапаноўвае загадчыца магазіна «Бульбачка» Наталля Сапешка[/caption]
Па асартыменце закупляемых дароў прыроды ў спажыўкааперацыі абмежаванняў няма. Так, апроч звыклых буракоў, морквы, капусты насельніцтва здае, да прыкладу, фасолю, часнок, сушаныя яблыкі і грушы. Прымаюць таксама дзікарослыя плады і ягады. Напрыклад, грыбоў лісічак нарыхтавалі 200 кг. Увесь аб'ём быў перанакіраваны на продаж у гандлёвыя аб'екты горада.
Ужо ў бліжэйшы час райспажыў-таварыства пачне перапрацоўку пра-дукцыі метадам салення і квашання. Смак мясцовых разнасолаў даўно па заслугах ацанілі і капыляне, і госці горада. І гэта нядзіўна: такія засолкі гатуюцца выключна па «хатніх» рэцэптах – без выкарыстання розных шкодных дабавак. Гатаваць іх будуць пры дапамозе прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Як падзялілася Настасся Васільеўна, першая партыя салёных агурочкаў ужо вельмі хутка з’явіцца на прылаўках магазінаў. На чарзе – і квашаная капуста.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии