120
Асабісты погляд. Дэманы дэмакратыі
09.09.2022
З вышыні пражытых гадоў вельмі відавочным становіцца: які хутказменлівы,
непрадказальны наш свет, як такая вялікая планета Зямля ўмомант можа стаць
маленькай, як распадаюцца былыя саюзы, аб’яднанні, нават цэлыя дзяржавы.
Брыдка і агідна, што хвалёная дэмакратыя Еўропы і ЗША стала на паверку звычайным пшыкам, пустым гукам, нейкім пярэваратнем з двайнымі стандартамі і трайным дном. Ды і самі простыя людзі з такімі заморскімі мудрагелістымі кіраўнікамі апынуліся на дне жыцця. За ўсе санкцыі, што ўводзіліся «вялікімі», вымушаны расплачвацца радавыя грамадзяне, бо для сябе «лідары» нахапалі ўжо даўно. Як і для сваіх дзяцей і ўнукаў.
Ужо пайшоў з жыцця і першы-апошні Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, аўтар цуда-перабудовы, якая, нягле-дзячы на няўдачы, акрэсліла ўсё ж многае для развіцця сапраўднай дэмакратыі ў свеце. Праўда, за дзесяцігоддзі былыя савецкія рэспублікі паспелі аддаліцца адзін ад аднаго, нават сталі варожымі… Пабудавалі мытні і межы. Зруйнавалі помнікі Другой сусветнай вайны – гэта ж дадумацца да такога: весці вайну з помнікамі і памерлымі салдатамі!.. Дзякуючы шустраму інтэрнэту зроблены шматлікія спробы перапісання Вялікай Айчыннай вайны. Дайшлі нават да канфіскацыі чужой маёмасці як асабістай, так і цэлых краін…
Доўгі час само паняцце «дэмакратыя» было для нас, грамадзян былога СССР, нечым незнаёмым і нават абстрактным. Аднак хутка за марамі-акіянамі знайшліся «дабрадзеі» – дзядзечкі ды цётачкі, якія пачалі нагла і бесцырымонна нас, тутэйшых, вучыць, што мы не так жывём, не так працуем, не так адпачываем, не так праводзім выбары, маўляў, усё жыццё ваша сфальсіфікаванае і навязанае, штучнае і несвабоднае. Дэманы заморскай дэмакратыі ўсё часцей сталі прыязджаць у Беларусь і прыкідвацца самымі дарагімі і шаноўнымі духоўнымі настаўнікамі. Але ж час расставіў усё па месцах. Як падкрэсліў наш Прэзідэнт, мы ўжо наеліся гэтай хвалёнай заморскай дэмакратыі! У беларускага народа свае галовы на плячах і свае мазгі добра вараць.
Амерыка здаўна лічыць правільным панаваць над усімі краінамі, пастаянна ўключаць станок і друкаваць новыя долары, якія, дарэчы, не хочуць прымаць затым у якасці аплаты. Амерыка можа ваяваць у любой краіне, накіроўваць удары на Украіне і пры гэтым апраўдвацца, што яна не ўмешваецца ў суверэннасць.
На шчасце, Беларусь навучылася за гады сваёй незалежнасці не толькі адстойваць суверэнітэт, але і вучыцца на памылках іншых краін. Мы, беларусы, даўно зразумелі, што любое ідэалагічнае абгрунтаванне звонку, чужыя каштоўнасныя арыенціры заўсёды дзейнічаюць разбуральна як для народа, так і для яго гісторыі і будучыні.
Беларусам нельга ні ў якім разе паўтарыць памылкі Украіны. Суверэннасць і незалежнасць Беларусі – высокі айчынны здабытак. Меры ж па спыненні экстрэмізму і гераізацыі нацызму жыццёва важныя. «Заходняя дэмакратыя» Украіны павінна стаць добрым урокам для Беларусі. Кожны з нас павінен несці адказнасць перад краінай і лёсам будучых пакаленняў. Беларусі пашанцавала з нацыянальным лідарам – кіраўніком дзяржавы, і цяпер гэты факт многія ў свеце сёння нават не аспрэчваюць. Аднак усё роўна працягваюць размаўляць з намі з вышыні арыстакратычнай пагарды: маўляў, за намі праўда, дэмакратыя і свабода. Мы навучым вас, крывых ды ўбогіх, пра што думаць, што казаць і што ажыццяўляць…
Дэмакратыя – проста шырма. Еўрапейскія куратары, хаваючыся за ёй, таксама крадуць грошы, выдаткаваныя на «перамены». Не сакрэт, што з дэмакратыі вельмі лёгка можа нарадзіцца тыранія. Многія забываюць, што дэмакратыя – праўленне большасці, аднак гэтая большасць абавязкова павінна клапаціцца пра меншасць. Наогул сапраўднай, ідэальнай дэмакратыі ніколі не было і не будзе.
А пакуль заморскія дэмакраты ўпарта і заўзята працягваюць нас карміць байкамі пра царства нябеснае, дзе бедныя будуць шчаслівымі і сытымі, а багатыя – гарэць у вечным агні. А калі хлусня лопнецца, і ў людзей узнікне мара пра сапраўдную дэмакратыю, багатыя пастараюцца, каб яна і засталася толькі марай. Бо светам заўсёды валодалі толькі багатыя…
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
пазаштатны аўтар
Поделиться
Комментарии