Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

66

Алесь Адамовіч: памяць увекавечана

05.09.2022
Днямі, а менавіта 3 верасня, літаратурны і мастацкі свет адзначае 95-годдзе вядомага беларускага пісьменніка, крытыка і сцэнарыста Алеся Адамовіча. Гэта паводле запісу ў пасведчанні аб нараджэнні. Аднак існуюць і іншыя версіі, што ён з’явіўся на свет на год і месяц раней. Але ж мы прытрымліваемся афіцыйных даных. «Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі — гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся… Я нічога з канюхоўскага жыцця не памятаю…» — пісаў Алесь Адамовіч у сваёй апошняй кнізе «Vіхі» («Пражыта»). Будучы пісьменнік менавіта тут з’явіўся на свет. Да нядаўняга часу нічога ў вёсцы Канюхі пра гэта не нагадвала. Толькі зусім нядаўна ў 2020 годзе прыпынак пры ўездзе ў вёску, які знаходзіцца на трасе Капыль — Грэск, ператварыўся ў сімвалічны арт-аб’ект: выява пісьменніка на бела-блакітным фоне, стылізаваны лес, карта з пазначанымі на ёй літаратурнымі мясцінамі і прысвечаныя вёсцы адамовіцкія словы… [caption id="attachment_118636" align="alignnone" width="840"] ■ З выставай твораў Алеся Адамовіча знаёміць Валянціна Берасневіч[/caption] — Гаворка пра тое, каб неяк ушанаваць памяць славутага ўраджэнца Канюхоў, вялася даўно, — расказвае загадчыца Канюхоўскай бібліятэкі-клуба Валянціна Берасневіч. — Дачка пісьменніка Наталля Адамовіч згадвала, як аднойчы ёй патэлефанавала жанчына са знакавым прозвішчам Корзун — менавіта такое было ў галоўнай гераіні дылогіі Алеся Адамовіча «Партызаны». Яшчэ большым узрушэннем было, калі яна прапанавала ўвекавечыць імя Алеся Адамовіча ў памятным знаку. Прадпрымальнік Анатоль Самусевіч, былы выхаванец дзіцячай школы-інтэрната ў Канюхах, нават ужо шукаў для гэтага прыдатны камень, каб на ім потым замацаваць мемарыяльную дошку. Але тады нічога не атрымалася. Ідэя аб ушанаванні славутага ўраджэнца зноў прагучала праз 16 гадоў. І вось звычайны прыпынак з назвай «Канюхі» атрымаў новы выгляд. Прыхільнікі творчасці Алеся Адамовіча і захавальнікі яго памяці ў Канюхах Таццяна і Віктар Корзуны ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. [caption id="attachment_118635" align="alignnone" width="840"] ■ Такі выгляд маюць прыпынкі Адамовіча ў Канюхах ...[/caption] Да дзеяння Таццяну і Віктара падштурхнула ўсё тая ж Глуша, куды пазней пераехала сям’я. Для ўшанавання памяці Алеся Адамовіча там з’явіўся не толькі прыпынак, але і паўнавартасны помнік. Наконт таго, як прыпынак павінен выглядаць, натхняльнікі праекта перш за ўсё раіліся з Наталляй Адамовіч. Яна перадала ім некалькі варыянтаў фота свайго бацькі і тэкст. [caption id="attachment_118634" align="alignnone" width="691"] ■ ... і ў Глушы[/caption] — Самай вялікай праблемай, напэўна, аказалася знайсці мастака, які б змог увасобіць распрацаваны эскіз (папярэдне ён быў узгоднены ў вышэйшых інстанцыях), — прадаўжае Валянціна Берасневіч. — На паслугі прафесіянала разлічваць не даводзілася — фінансы не дазвалялі. Аднак выхад усё ж знайшоўся: увасобіць задумку змог Віктар Бураў, які пражывае ў доме-інтэрнаце і захапляецца маляваннем. Пры афармленні аб’екта звярнуліся і да сучасных тэхналогій — па прапанове дырэктара гімназіі №1 г. Капыля Тамары Місько на адной са сцен размясцілі QR-код са спасылкай на старонку Вікіпедыі з інфармацыяй пра Алеся  Адамовіча. Дарэчы, сучасныя тэхналогіі пры ўвекавечванні памяці вядомага ўраджэнца Капыльшчыны выкарыстаны і пры закладцы Алеі пісьменнікаў, якая з’явілася ў нашым горадзе да Дня беларускага пісьменства год таму. Як вядома, на Алеі размешчаны інтэрактыўныя лаўкі, кожная з якіх пазначана літарамі кірыліцы.  На ўсе з іх нанесены QR-код, пры навядзенні мабільным тэлефонам на які можна даведацца, якому канкрэтна пісьменніку яна прысвечана і аўтарам якіх твораў з’яўляецца літаратар. Зразумела, што пад літарай «А» захоўваецца інфармацыя пра Алеся Адамовіча. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Капылі на шматкватэрных дамах з’явіліся вялізныя графіці, нанесеныя на паверхню сцен будынкаў. Гэта так званыя муралы – сучаснае вулічнае мастацтва. Яны накіраваны не толькі на наданне будынкам прыгажосці, але і ўвасабленне багацця талентаў нашага краю. Асоба Адамовіча ўвекавечана ў такім мурале па вул. Партызанскай,1. Сяргей КОЗЕЛ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей