Новенькі збожжасушыльны комплекс ззяе на сонцы. Яго ў ААТ «Піянер-Агра» вырашылі размясціць у Мажы і запусцілі толькі сёлета. Ток можна параўнаць з залатаносным прыіскам — тая ж нялёгкая праца і пыл, за якімі зіхаціць золата.
Контур комплексу бачны далёка з дарогі. Ён па-гаспадарску ўзвышаецца над аграгарадком. Гэта СЗШ-60А — магутны, з высокай прадукцыйнасцю і поўнай аўтаматызацыяй.

— Прыгожа, — з задавальненнем ківае ў бок новага комплексу галоўны аграном гаспадаркі
Сяргей Гурын. — У Ванелевічах яшчэ стаіць старая польская сушылка. Яна ўжо даўно не выкарыстоўваецца, але я памятаю, як яе ўстанаўлівалі. Гэта была падзея. І на працу туды чарга стаяла, шмат хто хацеў паспрабаваць найноўшыя тэхналогіі таго часу. Цяпер вось на маіх вачах праходзіў мантаж і запуск новай. Гэта неба і зямля, дзве зусім процілеглыя вехі.

— Гэта так. Адрозненні каласальныя, — пагаджаюся я, успомніўшы будынак той самай старой сушылкі.

— Вядома, сёння на збожжасушыльным комплексе лягчэй працаваць, чым у былыя часы, што і казаць. Комплекс газіфікаваны, многія працэсы аўтаматызаваны. Раней жа на дровах усё было. Калі ідзе суцэльны паток новага ўраджаю з поля, гэта ж колькі трэба было дроў за змену перавярнуць уручную, — успамінае Сяргей Гурын.

Тым часам да машыны агранома, якая заехала на тэрыторыю, спяшаецца адзін з адказных за працу комплексу
Аляксандр Сянькевіч. Усмешлівы хлопец праводзіць міні-экскурсію.

— Вось тут выгружаецца прывезенае свежае зерне, — расказвае Аляксандр. — Магутнасці комплексу хапае. З пачатку ўборачнай ніводнае зярнятка не лягло на асфальт. Усё паспяваем перапрацоўваць, пакуль прыедзе чарговая машына з поля.
Аляксандр Сянькевіч прыйшоў у гаспадарку паўтара года таму на пасаду інжынера. Як часта бывае — на адпрацоўку пасля Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. У плане адукацыі на дасягнутым не спыніўся. Не адкладваючы задуманае, зноў стаў студэнтам. Толькі ўжо Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Крыху пазней да нас далучаецца калега Аляксандра
Канстанцін Біруля. Усяго пару месяцаў малады хлопец працуе інжынерам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
— Падчас уборачнай працоўны дзень мы з Аляксандрам занятыя толькі на сушылцы і за іншыя справы не бяромся. Мы ўдзельнічалі ў яе запуску і ва ўсіх работах, звязаных з праверкай яе функцыяналу, — распавядае Канстанцін Біруля.
— Як працуецца? У гаспадарцы вы зусім нядаўна, якія ўражанні? — пытаю ў хлопцаў.
— Толькі станоўчыя. Ведаеце, не ў кожнай гаспадарцы кіраўнік заўсёды гатовы выслухаць і падтрымаць ідэі моладзі. Тут з гэтым усё ў парадку. Ды калегі заўсёды гатовы дапамагчы, — меркаванні хлопцаў у гэтым пытанні сыходзяцца.
— Аляксандр мяне ў курс справы ўводзіў. Ён на цэлых паўтара года больш за мяне мае вопыт, — жартуе Косця.
Дарэчы, на збожжасушыльным комплексе ў ролі аператара «праводзіць» канікулы родны брат Канстанціна
Яўген. Жэня — студэнт БНТУ, будучы праекціроўшчык атамных электрастанцый. А другі аператар на змене,
Ілля Навіцкі, у гаспадарцы працуе на пастаяннай аснове. Так і шчыруюць хлопцы ў гарачыя дні жніва на зернесушылцы згуртаваным, маладым і актыўным калектывам.
Магутная збожжаўборачная машына з шумам спыняецца на краі пшанічнага поля ААТ «Піянер-Агра». Камбайнеры Мікалай Сцяпчук і Аляксандр Навіцкі ліха саскокваюць з прыступкі камбайнавай лесвіцы.
— Ваду прывезлі? — пытае Сцяпчук, шматзначна пазіраючы на пацямнелае неба.
Хмары набеглі рэзка, літаральна за тыя некалькі хвілін, што мы пераязджалі з мажскай сушылкі да поля ў вёсцы Вусава.

Спачатку дрэннае надвор’е парадкам пакалашмаціла нервы хлебаробам, але Гасподзь пачуў іх малітвы. Дажджы спыніліся, і нябесная канцылярыя пакуль што больш не вывяргае на спелую ніву тоны вады. Праўда, нахлынула спякота, аднак у полі сёння яшчэ гарачэй.
Але часам надвор’е ўсе ж нагадвае пра сябе. Вось і сёння буйныя кроплі «грыбнога» дажджу пачынаюць пакрываць тэхніку.
Тым часам пад’язджае МАЗ, за рулём якога
Уладзімір Барысавец. У
Сцепчука і Навіцкага поўны бункер. Час выгрузкі дазваляе «злавіць» уладароў палёў. Я раблю хуткія фота нашых герояў, пакуль паліло дажджом з неба і не пачало ліць, як з вядра. А мой калега
Павел Шэін тым часам робіць кадры з вышыні птушынага палёту пры дапамозе квадракоптара.
— А можна з вамі кружок праехаць? — пытаю я ў камбайнера.
— Ну вядома можна, — Мікалай Сцяпчук бярэ мяне на борт. Пакуль яго «Палессе» выйдзе на іншы канец поля, ёсць час пагаварыць і даведацца, чым жыве хлебароб, калі няма жніва.

— Падабаецца працаваць на жніве? — пытаю я.
— Так, падабаецца. Калі б не падабалася, то і не працаваў бы, — Мікалай Мікалаевіч, мяркуючы па ўсім, ні хвіліны не шкадуе аб зробленым выбары. — Мой камбайн ужо дванаццаты сезон працуе, а я на ім — чацвёрты. За рулём часам спяваю. Вельмі люблю народныя песні.
Цяпер усе думкі Сцепчука падпарадкаваны аднаму — надвор’ю: абы без дажджоў, каб палёгліцы ў палях было менш. Чым цяплей, тым лепш вымалочваецца колас, тым менш страт. І добры дзень — гэта калі машына акрамя як на абед не спыняецца.
— Сям’ю амаль суткамі не бачу: сыходжу рана, вяртаюся позна. Вялікая хатняя гаспадарка зараз на плячах маёй жонкі
Алены, якая працуе ў гаспадарцы аператарам машыннага даення. Дарэчы, сын Павел заняты на адвозцы збожжа ад камбайнаў на гэтым жа полі, — расказвае Мікалай.

— А хобі ёсць? — я чамусьці была ўпэўнена, што адказ будзе станоўчым. Як правіла, у такіх камунікабельных і адкрытых людзей, як Сцяпчук, абавязкова ёсць занятак для душы. І не памылілася.
— Ёсць. Займаюся мастацкай коўкай, — хобі ў Мікалая Мікалаевіча аказалася вельмі творчым. — Раней займаўся рэзкай па дрэве, а потым паспрабаваў апрацоўваць метал. І ведаеце, мяне гэта вельмі захапіла. Шмат ужо прыгажосці для свайго падворка зрабіў. А ў планах — альтанка з кованымі элементамі. Але гэта ўжо потым, як белыя мухі з неба паляцяць.
Пакуль размаўлялі, камбайн перасёк поле, пакінуўшы за сабой паласу свежазжатага ржышча. Дождж узмацніўся і ўжо накрыў лабавое шкло суцэльным водным пластом.
Сяргей Гурын дае каманду камбайнерам спыніцца, бо пры такім надвор’і жаць немагчыма.
— Хутка скончыцца, у нас з нябеснай канцылярыяй свае дамоўленасці, — жартуе Гурын. — Гадзінку-другую пастаяць, за гэты час каласы якраз паспеюць прасохнуць.
А пасля — зноў за працу, і ўжо да цямна. Калі зноў не перашкодзіць чарговы дробны дожджык.
Крысціна ЖОГАЛЬ
Комментарии