— Вось гэта хораша ты напісаў пра вопыт вырошчвання канюшыны ў «Ціміразеве». Учора з абласнога радыё мне пазванілі і папрасілі дазволу прачытаць у эфіры, — пахваліў аўтара гэтых радкоў наш рэдактар Семянкевіч. Ды не з тых кіраўнікоў быў Віктар Адамавіч, каб пры ім можна было зазнацца. – Але ж вось пра лён, Казімір Іосіфавіч, мы ўпускаем пісаць, — працягвае гаворку мой тагачасны шэф. – У аўторак едзь у калгас Леніна, а на суботу каля паловы трэцяй паласы – твая.
У аўторак паездка не адбылася. Ды не таму, што журналісты «Слава працы» ігнаравалі ўказанні рэдактара. Немагчыма ігнараваць таго, каго паважаеш. Проста газета старалася паспяваць за імклівасцю жыцця, і ўжо назаўтра было атрымана заданне пабыць на чарговым раённым семінары па злабадзённай на той час тэматыцы, «асвятліць» паднятыя там пытанні, коратка і даходліва давесці іх сутнасць да масавага чытача...
І так з дня ў дзень, з месяца ў месяц, з года ў год, на працягу аж дваццаці трох гадоў. Каб чытач не стаў пазяхаць, праглядаючы гэтыя радкі, агаваруся, што не намераны мемуарным тонам апісваць шэрыя будні журналісцкай работы. А паспрабую ўспомніць найбольш цікавыя моманты, звязаныя з творчасцю, асабістымі рысамі характару і якасцямі калег па журналісцкім «цэху». А гэта былі (некаторыя, дзякаваць Богу, жывуць і цяпер) звычайныя, вельмі простыя, сціплыя і даступныя добрыя людзі, але ад іншых іх адрозніваў дар творчасці.
З Алесем Паўлавым мне давялося працаваць нядоўга. Гэта быў сярэдняга росту русавалосы мужчына, усмешка і погляд якога нагадвалі нешта ясенінскае. Трэба сказаць, што і паэтычным дарам, і пачуццём гумару гэты чалавек не быў абдзелены прыродай. Не любіў пустаслоўя, таму рэдка выступаў на розных сходах. Але калі «залепіць» на каго эпіграмай, дык хочаш-не хочаш, а запомніш яе на ўсё жыццё. Напрыклад, вось якія радкі ён «па-сяброўску» адрасаваў тагачаснаму загадчыку ідэалагічнага аддзела райкама:
В марксизме он профан,
И в ленинизме олух...
Зато ни разу не был пьян
Районный идеолог.
Свае здольнасці часта выкарыстоўваў для газетнай працы. Калі трэба было расказаць пра выяўленыя факты махінацый у сталова-рэстаранным цэху, то свой аповед Алесь Паўлаў пачаў з «дзеючых асоб»: «Жылі-былі Маша й Яша, ды была ў іх Наташа. Маша – повар адмысловы, Яша ведае сталовай, а Наташа – калькулятар, вельмі спрытны камбінатар...».
Апавядаючы пра тое, што бацькі некаторых школьніц не звяртаюць увагі на начныя гулянкі дачок, Паўлаў спачатку паказаў, што яны «дыхту так даюць, аж ногі ледзь кранаюцца падлогі», а ў канцы рэзюміраваў: «Ах, шкада, што педагогі ў клуб сцураліся дарогі». Вершаваны эпізод пра паездку на санях п’янага брыгадзіра, што напрадвесні ўтапіў калгаснага каня, быў завершаны словамі: «а ля вёскі Бадзяжы знайшлі сані і гужы».
Каларытнай фігурай у рэдакцыі быў Усевалад Гурыновіч, які амаль увесь працаздольны перыяд свайго жыцця аддаў газеце. Ён працаваў і карэспандэнтам, і загадчыкам аддзела, і адказным сакратаром. Хочацца дабавіць – і проста добрым, спагадлівым чалавекам. Ён валодаў адметным ад іншых, рытмічна-напеўным складам пісьма, уменнем белетрызаваць любы свой аповед. Яго ахвотна публікавалі не толькі рэспубліканскія газеты, але і многія літаратурна-публіцыстычныя часопісы.
Калі вечарам у рэдакцыі чуліся моцныя адзіночныя ўдары па клавішах пішучай механічнай машынкі, гэта значыла, што Гурыновіч, стукаючы з-за вуха адным пальцам правай рукі, не толькі навылёт прабівае дзіркі ў закладцы з пяці лістоў паперы, але і што раніцай ён з задавальненнем будзе чытаць табе чарговы твор, які хутка павінен убачыць свет у салідным сродку масавай інфармацыі.
Дзякуючы дасціпнасці Усевалада Канстанцінавіча «шырокаму» чытачу сталі вядомы многія прозвішчы герояў вайны і паэтаў-герояў – нашых землякоў. Ён быў непрымірымым барацьбітом за ахову роднай прыроды, вядучым сатырычнага аддзела газеты, рубрыкі «З залы суда». А як у вольную хвіліну (пад настрой) мог трапна і смешна паказаць Гітлера! Пэўным парадкам зачэсвалася набок грыва, пад носам заціскаўся невялічкі кавалачак абгарэлай хлебнай скарынкі, характэрным жэстам узнімалася правая рука, і... усе трэсліся ад смеху.
Дуэтам разам з Рыгорам Навумавічам Швецам пад імітацыю бубна «тум-бара-та-ту, тум-бара-та-ту...» выконваўся «каронны» нумар танца бедуінаў, раўнадушным да якога не заставаўся ніхто.
Акрамя публіцыстыкі, напісаў мастацкі твор – раман «Вішнякі», асобныя эпізоды якога публікавала «Слава працы» і з задавальненнем успрымалі чытачы. На жаль, выдаць раман асобнай кніжкай у Гурыновіча не хапіла ні сіл, ні часу, ні сродкаў.
Шырока вядома чытачу раёна і вобласці тых гадоў вершаваная гумарыстычная казка «Сказ пра Бабу Ягу», сааўтарам якой пашчасціла быць мне. Усевалад Канстанцінавіч напісаў некалькі асобных частак казкі, але ў яго не атрымоўвалася «звязаць» іх у стройную канву сюжэта. І ён звярнуўся па дапамогу да мяне. Сумесна былі напісаны астатнія эпізоды і сцэны, якія цесна перапляталіся з найбольш значнымі падзеямі таго часу, што называўся адным словам «перабудова». Калі «Руст той непадбіты прызямліўся ля Крамля», «рассакрэцілі сакрэты КДБ і ЦРУ» і г. д. Калі казку апублікавалі сталічныя газеты, то нашы з Гурыновічам кашалькі абагаціліся аж на сорак рублёў, на якія можна было месяц сціпла карміцца сям’і.
Ніколі не сумаваў штатны супрацоўнік газеты і раённага радыёвяшчання, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Швец. Не было той тэмы, у прыродзе не існавала таго задання рэдактара, выканаць якое адмовіўся б Рыгор Навумавіч. Калі штосьці не атрымоўвалася, ён яшчэ і яшчэ раз перадрукоўваў матэрыял на машынцы, пакуль той не быў даведзены да ладу. А «страчыў» на машынцы хутчэй за ўсіх нас. Славіўся сваёй дыпламатычнасцю, ніколі нікога не пакрыўдзіў. Калі трэба было папоўніць запасы паперы для друкарні, Семянкевіч пасылаў у сталіцу Швеца. І той без паперы не вяртаўся. Вельмі чулліва адносіўся да свайго здароўя. Калі ў другой палове дня Рыгор Навумавіч чхнуў, то ўсе ў рэдакцыі ведалі, што заўтра яго на рабоце не будзе.
Адным з самых таленавітых журналістаў і паэтаў сярод тых, каго я ведаў, быў Іван Іванавіч Пракарына. Рана стаўшы сіратой, ён атрымаў вышэйшую адукацыю і прыйшоў у «Слава працы» намеснікам рэдактара, затым каля васьмі гадоў працаваў рэдактарам. Гэта быў вельмі дэмакратычны чалавек, душа калектыву, гумарыст, аўтар зборніка лірычных вершаў. Не праходзіла трох-чатырох дзён, як ён заходзіў у кабінет да мяне, свайго намесніка, і чытаў адзін-два новыя вершы, прасіў выказаць сваю думку наконт твора. Уважліва ставіўся да заўваг, тлумачыў, чаму ў пэўным месцы ён выбраў менавіта гэта слова. «Верш – гэта перш за ўсё вобраз. Без вобразнасці – няма паэзіі», — не раз паўтараў ён пачынаючым аўтарам. Без пары закончаны яго зямны шлях пазбавіў чытача магчымасці чуць пранікнёныя «струны» яго вершаваных твораў.
Так атрымоўваецца, што вымушаная эканомія газетнай плошчы дазволіла мне коратка ўспомніць толькі пра тых сваіх калег, якіх, на жаль, ужо няма сярод нас. «Што такое смерць у Капылі? — жартавала ў свой час карэктар «Слава працы» Алена Ціханаўна Кандыбовіч. – Гэта ж толькі простае перасяленне з адной гары на другую».
А сёння хочацца пажадаць моцнага здароўя і доўгіх год жыцця былому рэдактару Віктару Адамавічу Семянкевічу, фотарэпарцёру Івану Рыгоравічу Ігнатчыку, плённай працы і моцнага здароўя тым журналістам і супрацоўнікам газеты, якія і сёння стараюцца, каб «Слава працы» была жаданай госцяй у кожным доме, у кожнай сям’і роднай Капыльшчыны.
Казімір КУХАРЧЫК,
начальнік аддзела кадраў УАЗ “Капыльская ЦРБ”, член ГА “Беларускі саюз журналістаў”
Комментарии