У Песачанскім цэнтры культуры і вольнага часу адбылася літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, нашага земляка Анатоля (Акіма) Пятровіча Астрэйкі.
[caption id="attachment_14518" align="aligncenter" width="443" caption="Родныя паэта, справа — сястра В. П. Суднік"]
[/caption]
Ушанаваць памяць знакамітага творцы сабраліся яго блізкія і далёкія сваякі, арганізатары свята — супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Капыльскай раённай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі, прадстаўнікі мясцовай улады, вучні і настаўнікі Песачанскай сярэдняй школы, мясцовыя жыхары. Прынялі запрашэнне на ўрачыстасць член Саюза пісьменнікаў Беларусі, крытык, беларусазнаўца, паэт Алесь Марціновіч і пісьменніца, рэдактар часопіса “Вожык” Юлія Зарыцкая.
Вядучая святочнай імпрэзы “Памяць дарог” — старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі літаратуры Святлана Гайдук — правяла своеасаблівы экскурс па жыццёвым шляху Анатоля Астрэйкі, пазнаёміла з самымі значнымі яго падзеямі. Сваімі ўспамінамі пра героя ўрачыстасці па-дзяліліся і госці.
[caption id="attachment_14520" align="aligncenter" width="336" caption="Унучка Вера Астрэйка"]
[/caption]
Капыльская цэнтральная раённая бібліятэка, як паведаміла дырэктар Капыльскай ЦБС Таццяна Серая, з 7 мая 1980 года згодна з пастановай Савета Міністраў БССР, па просьбе жыхароў райцэнтра носіць імя нашага слаўнага земляка Анатоля Астрэйкі. Яна сказала: “Наша зямля дала беларускай літаратуры каля 40 паэтаў і пісьменнікаў. Але менавіта шчырыя, адкрытыя прызнанні Капылю ў любові “Я шчыра ганаруся тым, што родам сам з-пад Капыля”, якія вызначаны эпіграфам нашага свята, праніклі ў душы жыхароў горада. Такой шчырай і моцнай з’яўляецца і наша памяць аб Анатолю Астрэйку. З гонарам насіць імя – гэта і вялікі абавязак перад памяццю аб паэце.”
У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А. Астрэйкі, у Песачанскай сельскай бібліятэцы (на радзіме паэта) адкрыты пастаянна дзеючыя выставы, прысвечаныя паэту. У краязнаўчай картатэцы і на выставачным планшэце сістэматызаваны бібліяграфічныя звесткі пра земляка. На сайце бібліятэкі на імя “Анатоль Астрэйка” раскрываюцца фактаграфічныя звесткі і яго вершы, прысвечаныя гораду. А наогул, галоўнай задачай супрацоўнікаў раённай бібліятэкі з’яўляецца папулярызацыя творчасці, раскрыццё мнагаграннага таленту творцы. Распрацаваны і цікава штогод праходзяць ва ўсіх бібліятэках раёна літаратурна-музычныя кампазіцыі, праводзяцца віктарыны, прысвечаныя творчасці А. Астрэйкі. Ва ўсіх краязнаўчых мерапрыемствах выкарыстоўваюцца яго вершы. Яны пявучыя, кранаюць душу, ёмка і прыгожым словам услаўляюць родную зямлю.
[caption id="attachment_14521" align="aligncenter" width="443" caption="У глядзельнай зале: справа — А. Марціновіч, Ю. Зарэцкая"]
[/caption]
Вершы Анатоля Астрэйкі, а ў прыватнасці яго твор “Песня пра Нёман” — своеасаблівая візітоўка Беларусі, упэўнены і Алесь Марціновіч. “Песня, створаная беларускім кампазітарам Нестарам Сакалоўскім на гэты верш, упершыню прагучала ў 1955 годзе на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, — расказаў прысутным Аляксандр Андрэевіч. — Першы варыянт верша Анатоль Астрэйка напісаў яшчэ ў 1941 годзе на Волхаўскім фронце, другі — у час вызвалення Беларусі ў Гродне. Так нарадзіўся цудоўны твор, які, без перабольшвання, ведаюць і любяць далёка за межамі нашай краіны”. Дарэчы, менавіта з гэтай песні ў выкананні вакальна-харавой групы Мінскага клуба ветэранаў педагагічнай дзейнасці і пачалася святочная імпрэза, яшчэ раз уславіўшы велічнасць і непаўторнасць славутай ракі, ля вытокаў якой і прайшло дзяцінства паэта.
Да вядомасці Астрэйку вёў няпросты шлях. Родам ён з беднай сялянскай сям’і. З ранняга дзяцінства Акіму даводзілася дапамагаць бацьку па гаспадарцы. Пасля заканчэння Песачанскай сямігодкі ён працягваў вучобу на двухгадовых курсах пры Мінскім педагагічным тэхнікуме, затым вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Да Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Астрэйка працаваў у рэдакцыях газет “Чырвоная Полаччына”, “Ленінскі прызыў” (Орша), “Ленінскі шлях” (Горкі), “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Калгаснік Беларусі” і “Напагатове”, выкладаў беларускую мову і літаратуру на вячэрнім рабфаку пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
Свой першы верш пад псеўданімам Якім Зорны “Гады заўжды напевам новым” Астрэйка надрукаваў у 1929 годзе ў газеце “Чырвоная змена”. У 1940 годзе Акім Пятровіч выдаў першы зборнік вершаў “Слава жыццю”, рукапіс другога — “Квецень” — згарэў у час вайны ў Мінску, пазней, ужо пасля вайны, убачылі свет каля дзясятка вершаваных зборнікаў.
[caption id="attachment_14522" align="aligncenter" width="348" caption="Алена Майсюк і Ірына Шматкова"]
[/caption]
Як і пераважная большасць прадстаўнікоў яго пакалення Анатоль Астрэйка прыняў актыўны ўдзел у вызваленчай барацьбе савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён змагаўся як пяром — быў адказным сакратаром газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, так і са зброяй у руках — па заданні беларускага штаба партызанскага руху ў 1942 і 1943 гадах засылаўся ў варожы тыл. Да месца будзе сказаць, што ў 1943 го-дзе друкарня слуцкай падпольнай газеты “Народны мсцівец” выпусціла зборнік А. Астрэйкі “Слуцкі пояс”.
Шмат цікавага ўдзельнікі святочнай імпрэзы даведаліся пра гэты перыяд жыцця Анатоля Астрэйкі з выступлення галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” Юліі Зарэцкай. Менавіта “Вожык”, першы нумар якога выйшаў у свет у 1945 годзе, “вырас” з газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, рыхтаваў якую да выхаду ў свет наш славуты зямляк. Дарэчы, пазней Акім Пятровіч (з 1948 па 1953 гг.) працаваў адказным сакратаром у гэтым часопісе. Друкавалася газета на вельмі дрэннай паперы, у два колеры, выданне вандравала: з Гомеля, дзе ў ліпені 1941 года выйшаў першы нумар, рэдакцыя пераехала ў Маскву (там прытулак даў часопіс “Крокодил”) і толькі пасля вызвалення сталіцы Беларусі ад фашыстаў перабралася ў Мінск. “Па ўспамінах былых работнікаў рэдакцыі “Вожыка”, — паведаміла Юлія Зарэцкая, — Анатоль Астрэйка быў вельмі вясёлы чалавек, любіў жарты, любіў пісаць эпі-грамы на калег, не крыўдзіўся на эпіграмы, якія складалі на яго. Пэўны час ён працаваў у “Сель-скай газеце” (цяперашняя “Белорусская нива”), дзе вёў сатырычную рубрыку “Пошта дзеда Міхеда”. Сёлета, у год, калі наш “Вожык” адзначыў 70-годдзе з дня свайго нараджэння, мы разам з рэдакцыяй “Белорусской нивы” адрадзілі гэту рубрыку”.
Адметна, што разам з Анатолем Астрэйкам у Песачанскай школе вучыліся яшчэ два знакамітыя выхадцы гэтай зямлі — Адам Русак і Сцяпан Умрэйка. А настаўнікам беларускай мовы ў іх быў Іван Іванавіч Шаблюк. Менавіта ён, як гаварыў некалі Анатоль Астрэйка, прывіў сваім выхаванцам любоў да роднай мовы, да роднага слова. Сяброўства паміж настаўнікам і вучнямі доўжылася ўсё жыццё і перадалося як спадчына сыну Івана Іванавіча Уладзіміру Шаблюку. Менавіта пра самыя цікавыя і малавядомыя эпізоды цёплых сяброўскіх адносін і расказаў удзельнікам свята Уладзімір Іванавіч. Да таго ж ён прачытаў некаторыя вершаваныя радкі, вядомыя даволі вузкаму колу чытачоў.
З кожнай хвілінай расповеду пра знакамітага паэта перад намі ўсё больш поўна раскрывалася асоба Астрэйкі не толькі як класіка беларускай літаратуры, вершы якога ведаюць і любяць многія аматары роднай мовы, але і простага чалавека, які валодаў трапным словам, дасціпным жартам, шчыра любіў родныя мясціны і людзей, якія тут жывуць.
[caption id="attachment_14523" align="aligncenter" width="443" caption="На выставе ў фае"]
[/caption]
У першую чаргу родным і блізкім чалавекам, а потым ужо знакамітым паэтам Анатоль Пятровіч быў заўсёды і для Веры Астрэйкі — унучкі паэта. Сёння Вера Дзмітрыеўна — кандыдат філалагічных навук, працуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Як яна расказала, пра дзядулю ў яе засталіся толькі дзіцячыя ўспаміны: вобраз вялікага, строгага і адначасова вельмі добрага чалавека, які звычайна сядзеў, захінуўшыся ў цёплы плед, у крэсле. “І цяпер я, калі ахінаюся пледам і саджуся ў крэсла, адразу ж ўспамінаю свайго дзядулю, — дзеліцца Вера Дзмітрыеўна. — Мой жыццёвы шлях у многім быў прадвызначаны тым, што я ўнучка беларускага паэта. Памятаю, неяк бацька мне сказаў: “Ты не можаш не любіць, ты не можаш не вывучаць родную мову. Па-першае, таму, што ты беларуска, а па-другое, дзед твой — беларускі паэт”. І з таго часу ў маёй дзіцячай свядомасці з’явілася нейкая адказнасць за лёс роднай мовы, за маё прозвішча, якое я павінна несці годна і быць вартай сваіх славутых родзічаў.”
З вялікай любоўю і ўдзячнасцю за тое, што ў гэты дзень сабралася столькі сваякоў паэта, звярнулася да прысутных яго пляменніца Эла Скараход. Яна таксама нагадала некаторыя эпізоды, што тычыліся асобы паэта. “Ягоная кватэра ў Мінску нечым нагадвала гасцініцу, — расказвала Эла Іосіфаўна. — Там пастаянна былі нейкія людзі, кожны песачанец ведаў яе адрас і без аніякага сораму пры неабходнасці карыстаўся гасціннасцю Астрэйкаў. А яны нават ключы для такіх нечаканых гасцей у суседзяў пакідалі.” І як яшчэ адно пацверджанне таго, што сям’я Астрэйкаў вельмі таленавітая, прагучаў верш, напісаны Элай Скараход спецыяльна да гэтай урачыстасці.
У гэты дзень са сцэны цэнтра культуры гучалі вершы Анатоля Астрэйкі, песні, напісаныя на яго словы, у выкананні вучняў і настаўнікаў Песачанскай СШ, парадавалі сваёй творчасцю і сталічныя ветэраны педагагічнай нівы. Пасля гэтай вечарыны ўсе мясцовыя жыхары атрымалі магчымасць яшчэ больш поўна даведацца пра жыццёвы і творчы шлях свайго земляка ў школьным краязнаўчым музеі, экспазіцыя якога папоўнілася копіямі экспанатаў, што захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Іх кіраўніку музея Песачанскай СШ Алене Майсюк уручыла вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Ірына Шматкова. А мастакі-дызайнеры, аб’яднаныя ў творчую суполку “СветаЛаТ”, падарылі школе аформлены імі стэнд з фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць розныя гады жыцця Анатоля Астрэйкі.
Анатоль Астрэйка – паэт, які шчыра, усім сэрцам любіў сваю родную Капыльшчыну з яе непаўторнай прыродай, з яе цудоўнымі працавітымі і таленавітымі людзьмі. І мы, яго землякі, павінны не толькі ганарыцца такім чалавекам, але і ашчадна захоўваць памяць пра яго для будучых пакаленняў.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии