Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

В КСУП "Докторовичи" уборочная кампания в самом разгаре

03.08.2022
На гадзінніку – больш за 10 раніцы. Спала раса – і абсохлі каласы, а значыць, пара ў поле – наперадзе яшчэ адна напружаная працоўная змена. Бо жніво ў разгары! Дзень за днём доктаравіцкія аграрыі рухаюцца да мерыдыяна ўборачнай. А там, глядзіш, не за гарамі і фінішная прамая. Усе сілы падпарадкаваны галоўнаму – убраць вырашчаны хлеб хутка, якасна і без страт. Вось і гэтым ранкам магутныя камбайны адзін за адным выехалі з мехдвара. З вычышчанымі і падрыхтаванымі да новага дня бункерамі, агледжанымі працоўнымі механізмамі і поўнымі паліўнымі бакамі. Наш «экскурсавод» па палях КСУП «Доктаравічы» – галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Яршук. – Нялёгкая ўборка ў гэтым годзе, – са шкадаваннем гаворыць Яршук. – Бясконцыя дажджы перашкаджаюць, ды і вясна позняя паўплывала. Тэрміны моцна ссунуліся, на добрых два тыдні. Да гэтага часу ў мінулыя сезоны мы ўборку ўжо заканчвалі. Сёння ж яшчэ і паловы няма. Азімую пшаніцу давядзецца позна жаць. Жнівень – заход лета, хутка пачнуцца росы, ад якіх асабліва адчуваецца дыханне восені. – Што ўжо прыбралі? – цікаўлюся я. – Са збожжавай групы – толькі азімы ячмень, – працягвае размову Міхаіл Анатольевіч. – Ды вось авёс сёння скончым. Але яго тут зусім мала, усяго дваццаць гектараў. Для ўласных патрэб сеем гэтую культуру. Частка ідзе на корм жывёле, а частку пакідаем на насенне. На полі каля Новых Доктаравіч гойдаецца авёс. Яго пухнатыя мяцёлкі шумяць і пазвоньваюць, нібы званочкі. Злак ужо зусім гатовы да ўборкі. Калі не зжаць – асыплецца каштоўнае залатое зерне на зямлю. Аграном прымае рашэнне: дзве збожжаўборачныя машыны з рапсавага адправіць на поле з аўсом. Камбайнеры вопытныя, управяцца хутка. Вядома, управяцца. А пакуль, спыніўшы тэхніку, механізатары абедаюць у полі. Магутныя машыны заглушаны, вакол чуецца толькі строкат конікаў. Аднак цішыня ненадоўга – зусім хутка пастаральная карціна зменіцца актыўным працоўным працэсам. Бо ў аграрыяў на адпачынак часу няма. Лішняй хвіліны яны не затрымаюцца, нават у абед, кожны з іх упэўнены – тэхніка павінна працаваць без прастояў. Асабліва ва ўмовах сёлетняй уборачнай кампаніі. – Смачна есці! – жадаю загарэлым мужчынам. – Дзякуй! – у адзін голас адказваюць яны. Правіянт хутка знікае з іх місак. З сабой – бутэлька вады, і кожны зноў з галавой акунаецца ў працу. З аграномам застаёмся на ўскрайку поля. Пакуль размаўляем, на нас плаўна і быццам няўмольна насоўваецца жатка. Слоў Міхаіла Яршука амаль не разабраць. Быццам караблі па бязмежным моры, ідуць камбайны па хлебнай ніве, пакідаючы за сабой калючыя вожыкі ржышча. Дзіўна назіраць за гэтым працэсам, а яшчэ больш цікава бачыць усё з кабіны камбайна. Гэтую непаўторную атмасферу можа зразумець толькі той, чые рукі ўбіраюць хлеб. Той, для каго прафесія хлебароба – не проста спосаб зарабіць грошы, а прызванне. Напрыклад, як для Аляксандра Шчэрбы. Працаўнік палёў згаджаецца ўзяць мяне на борт свайго камбайна і разам зжаць адну паласу да канца поля: у бункеры як раз засталося месца для збожжа. Толькі так мы зможам паразмаўляць амаль без адрыву ад вытворчасці. [caption id="attachment_117312" align="alignnone" width="840"] ■ Аляксандр Шчэрба і камбайн падчас уборачнай неразрыўна звязаны[/caption] З вышыні кабіны збожжаўборачнай машыны ўсё бачыцца неяк па-асабліваму. Магутная жатка паглынае сцябліны, якія дынамічна і акуратна падбіраюцца, накіроўваючыся прама ў малацільны апарат. Праз лічаныя секунды ад паўнавартаснай расліны застаецца толькі салома. Яна роўным валком кладзецца ўслед за камбайнам. А каштоўнае зерне ссыпаецца ў бункер. У кабіне адносна ціха і досыць камфортна: працуе кандыцыянер. А вось карціну працэсаў, якія адбываюцца ў сярэдзіне працоўных механізмаў, можна намаляваць, разлічваючы толькі толькі на сваё ўяўленне. – Люблю жніво, – простая, але ёмістая фраза Аляксандра гаворыць пра многае. Хлебароб размаўляе ветліва і ахвотна, але пры гэтым вельмі ўважліва сочыць за працэсам уборкі, раз-пораз пазіраючы на ўсталяваны справа камп'ютар. Уперадзе слуп, вакол якога камбайнер філігранна абжынае ўсё да апошняй сцябліны. – У гаспадарцы працую з 1993 года, – працягвае аповед механізатар. – На камбайне – ужо пяты сезон. Да гэтага ўдзельнічаў у жніве, але з перапынкамі. Сучасная тэхніка радуе, працаваць камфортна. Вось убяром хлеб – і далей зноў у поле пайду, толькі ўжо на трактары і з сеялкай. Чарга задач толькі крыху сціхне зімой. А ўвечары стомленага бацьку і мужа з працы чакаюць жонка Кацярына і сын Сяргей, які сёлета скончыў школу. На час актыўных палявых работ усе клопаты па хаце і гаспадарка – на іх плячах. У люстэрку бачна, як набліжаецца МАЗ, за рулём якога Юрый Новік. Для яго сёлетняя ўборачная ўжо 35-я! Вопыту і спрытнасці вадзіцелю не пазычаць. Як толькі кузаў роўна стаў пад трубу, Аляксандр Шчэрба цісне на кнопку ўключэння выгрузнога шнэка. Залатым вадаспадам сыплецца праца камбайнера, які непакоіцца, каб усё да апошняга зерня трапіла ў кузаў. Вось яшчэ адна цікавая дэталь. Па полі, у абсалютным захапленні і эйфарыі, раз-пораз пераскокваючы праз валкі саломы, бегае наша практыкантка Аня Матусевіч, у будучыні – дыпламаваны журналіст. Зрабіць удалыя відэакадры – задача няпростая. У атмасферу ўборачнай гарачай пары яна акунулася ўпершыню. І засталася пад глыбокім уражаннем ад той жыццядзейнасці, якая пануе на полі падчас жніва. Сёння ў планах зазірнуць яшчэ і на збожжасушыльны комплекс, куды з поля на дапрацоўку паступае свежае зерне. Можа паказацца, што месца гэта амаль бязлюднае. Аднак зусім не так. Лёгкі гул сушылкі сведчыць пра тое, што работа тут кіпіць. Нас сустракае ўсмешлівы мужчына. Гэта Мікалай Карпяленя. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак дачны сезон ён праводзіць бліжэй да зямлі, у вёсцы Вуглы. Развялі з жонкай Таццянай гаспадарку і радуюцца размеранаму і спакойнаму жыццю на вёсцы. – Чаму вырашылі пайсці працаваць на ЗСК? – пытаю я. – А што ж мне сядзець проста так? Ды і гэта было маёй марай – папрацаваць менавіта на сушылцы. Вось хацелася і ўсё. Адмаўляць сабе ў гэтым задавальненні не стаў. Будзе дазваляць здароўе – і ў наступным годзе пайду, – расказвае Мікалай Міхайлавіч. Яго напарнік Аляксандр Вабішчэвіч прыехаў са Столінскага раёна. У КСУП «Доктаравічы» працуе ўжо два гады, раз у пару месяцаў едзе дадому. – Дома цяжкасці з пастаяннай і добра аплачваемай працай. А тут, на Капыльшчыне, неяк спрацаваўся. У гэтым годзе адвучыўся і атрымаў «коркі» аператара сушыльных установак. Увесь астатні час працую ў будаўнічай брыгадзе. Галоўнае, тут зарплата і работа пастаянная, – расказвае Аляксандр Вабішчэвіч. Іншаму чалавеку можа здацца, што ўсё так проста – сабраў збожжа, перавёз яго, дапрацаваў і засыпаў на захоўванне. Але за гэтым усім стаіць напружаная штодзённая праца ўсіх, хто заняты на ўборцы ўраджаю. Можа  таму і смак хлеба я цяпер адчуваю па-іншаму. Крысціна ЖОГАЛЬ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей