Узгадваючы газету «Слава працы», я вяртаюся ў далёкае школьнае юнацтва. Вучылася я тады ў Цялядавіцкай сярэдняй школе, якой ужо няма. У дзевятым класе мне пашчасціла «праславіцца» сярод равеснікаў — у раёнцы надрукавалі на рускай мове мой верш пра дзяцінства. Пасля добрай літаратурнай рэдактуры маёй творчасці там засталося мо некалькі радкоў, але ўсё роўна ў душы было небывалае адчуванне радасці. Праз колькі часу я атрымала некалькі лістоў ад старшыні літаратурнага аб’яднання Аляксандра Паўлава. Ён вельмі далікатна пакрытыкаваў мяне: «Вершы твае слабыя, але адчуваецца лірычнасць душы, абавязкова пішы…»
Ужо ў дзевятым класе прыйшло цвёрдае рашэнне паступаць на факультэт журналістыкі БДУ імя Леніна. Закончыўшы першы курс, я прыехала на практыку, канечне ж, у Капыль, у «Слава працы». Гэта быў ліпень 1973 года. У газеце друкавалі звесткі пра надоі ў калгасах, пра гектары скошаных і няскошаных траў, допісы селькораў.
Мае ўспаміны вымалёўваюцца рознакаляровай мазаікай. Кожны дзень практыкі прыносіў адкрыцці, мне было вельмі важна прыглядвацца да вопытных журналістаў. Пра галоўнага рэдактара «Слава працы» Віктара Адамавіча Семянкевіча я чула многа добрых слоў ад простых людзей. Гаварылі, што ён таленавіты арганізатар, добры сем’янін і ўрэшце чулы, спагадлівы чалавек. I гэта была аб’ектыўная характарыстыка. Віктар Адамавіч стварыў у рэдакцыі добразычлівую атмасферу. Я заўважыла ў яго характары інтэлігентнасць і патрабавальнасць, уважлівасць да маладых. Мяне вельмі ўразіла, што рэдактар акрамя ганарару выпісаў нам, практыкантам, па 30 рублёў. Мяне здзіўляла яго здольнасць арыентавацца ў розных праблемах раённага жыцця. Глыбокая павага да Віктара Адамавіча Семянкевіча захавалася ў маёй душы на ўсё жыццё.
Я не магу забыць і іншых супрацоўнікаў газеты. Рыгор Навумавіч Швец, намеснік рэдактара, быў адметным гумарыстам і жартаўніком. Мне тады падумалася, што стыль яго жыцця — прыкрываць асабістыя праблемы, розныя пачуцці вострым словам, трапным выразам, камічнай мімікай. У прысутнасці Рыгора Навумавіча заўсёды дзеелася нешта цікавае, часта можна было пачуць выбухі смеху, жартаўлівую пікіроўку. Сапернікам Рыгора Швеца па гумарыстычным цэху быў Аляксандр Паўлаў. Ён пісаў добрыя вершы і доўгі час узначальваў раённае літаратурнае аб’яднанне, ствараў радыёпраграмы, шчыра любіў беларускую мову. Жарты Паўлава былі дасціпна-пацешныя. Рэдка калі можна было ўбачыць яго сумным, маркотным, хіба, можа толькі тады, калі Паўлаў успамінаў загінуўшага на фронце бацьку. Я была вельмі ўдзячна Аляксандру Аляксандравічу за крытычныя заўвагі, за падтрымку.
Усевалад Канстанцінавіч Гурыновіч падаўся мне чалавекам спакойным, назіральным, стрыманым. Ён быў удумлівым, таленавітым журналістам, у якога можна было павучыцца. Памятаю, як Усевалад Канстанцінавіч расказваў пра свой паход у кіно і эксцэнтрычны эпізод у кіназале. Прагляд кінафільма яму сапсаваў выпівоха, якога званітавала ледзь ні перад носам журналіста. А пасля ў раёнцы з’явіўся фельетон Гурыновіча. Усіх у рэдакцыі павесяліў пачатак матэрыяла «У цемру залы ўсунуўся чалавек у скураным паліто»...
Мяне, жаўтаротую практыкантку, надзвычай здзіўляла хуткая рэакцыя журналістаў на, здавалася б, дробныя бытавыя сітуацыі. Адказным сакратаром рэдакцыі ў той час працаваў Іван Канстанцінавіч Ашэйчык. Памятаю, у рэдакцыю прыбегла жанчына са скаргай, што ў капыльскім магазіне прадавец не вярнуў ёй рэшту. Іван Канстанцінавіч пайшоў, разабраўся. I вось у газеце з’яўляецца публікацыя «Махлярства не выйшла». Іван Канстанцінавіч прыязна адносіўся да пачынаючых журналістаў і ў характарыстыцы-рэкамендацыі напісаў пра мяне вельмі добрыя словы, якіх я, канечне ж, не заслугоўвала. Памятаю, што ён любіў лётаць з Капыля ў Мінск на самалёце. I хто цяпер мне скажа, што гэта быў час застою!
Неяк пры сустрэчы Віктар Адамавіч Семянкевіч падарыў мне фота — супрацоўнікі райгазеты на ганку рэдакцыі. Канечне ж, фатаграфаваў сваіх калег Іван Рыгоравіч Ігнатчык. Я заўсёды рада бачыць гэтага чалавека. Многа гадоў ён працаваў фотакорам. Памятаю яго імклівым, усмешлівым. Усё жыццё I. Ігнатчыка звязана з газетай. Цікава, а ці падлічваў Іван Рыгоравіч, колькі ён зрабіў фотаздымкаў?
Ужо будучы рэдактарам дзіцяча-юнацкай рэдакцыі Рэспубліканскага радыё, я заўсёды цікавілася, як там наша раёнка, якія ўздымае тэмы, хто кіруе літаратурным аб’яднаннем? Памятаю, як у Рымашоўскай бібліятэцы я ўзяла «Слава працы» і, убачыўшы вершы Івана Пракарыны, пачала чытаць іх. Бібліятэкар Алена Ілюкевіч заўважыла, што ёй падабаецца вобразнасць і тонкая іронія Пракарыны. Я тады не была з ім знаёма, але мне было радасна, што газета напоўнена не толькі будзённымі справамі, але і святлом душы.
Ішоў час. Мне было прыемна пачуць, што мая зямлячка Марыя Шэіна стала рэдактарам раённай газеты. Чалавек прыроджанай дзелавітасці і энергіі, выдатны журналіст, Марыя Уладзіміраўна з уласцівым ёй і рэдкім на сённяшні дзень энтузіязмам, многа зрабіла, каб газета не расчароўвала падпісчыкаў, была сучаснай, інфармацыйна напоўненай.
У «Слава працы» сёлета юбілей. Мне думаецца, што людзі, якія зараз працуюць у рэдакцыі, чымсьці падобныя на тых, якіх я ведала ў 70-я гады мінулага стагоддзя. І яны, як іх папярэднікі, даражаць і ганарацца сваёй працай, калектывам, сваёй раённай газетай і стараюцца, каб яна была патрэбна людзям.
Людміла ДРОЖЖА,
рэдактар часопіса “Хозяин”, член ГА “Беларускі саюз журналістаў”
Комментарии