Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

52

Капыльшчына нiколi не даруе

18.07.2022
Тэма генацыду беларускага народа з кожным днём усё больш набывае актуальнасць. Здавалася б, з-за даўніны часу яна магла крыху згубіць сваю вастрыню. Аднак гэта зусім не так. І доказ таму – падзеі, якія адбываюцца ў сучасным свеце. Мінула 77 гадоў, як Савецкая армія перамагла фашысцкую нечысць. Чалавецтва павінна памятаць пра тыя ахвяры, якія ж само і прынесла на алтар Перамогі. Аднак… Як сведчаць падзеі апошніх гадоў, нацызм, пусціўшы карані па ўсім свеце, пачаў вылазіць на паверхню гісторыі. У адным з нумароў «Слава працы» яшчэ за 1965 год вядомы краязнавец, былы дырэктар другой гарадской школы Барыс Багдановіч, нібы зазірнуўшы ў нашы дні, узрушана піша: «9 мая… Гэта знамянальнае свята для ўсіх народаў, і самы чорны дзень для нацыстаў. Аднак урад ФРГ імкнецца адзначыць яго своеасабліва». Справа ў тым, што бонскія міністры ўжо ў 60-я гады ХХ стагоддзя рыхтавалі амністыю для гітлераўцаў. «Такі крок Федэратыўнай Рэспублікі Германіі выклікае пратэст ва ўсім свеце, – піша далей Барыс Канстанцінавіч. – Працоўныя Капыльшчыны ніколі не забудуць тых здзекаў і крывавай расправы, што ўчынілі гітлераўцы на нашай зямлі». Мы павінны памятаць і не даць забыць малодшаму пакаленню, як у першыя дні вайны ворагі дашчэнту спалілі вёску Старыца. Як яны аблівалі бензінам і падпальвалі параненых чырвонаармейцаў. Хіба ж можам мы дараваць тым, хто жывой закапаў у зямлю капылянку Чарнушэвіч Марыю Ягораўну, а яе сям’ю расстраляў?! Не крануў дзіцячы плач чатырохгадовай дачушкі Краўцова К.Е. з Душава, якую нямецкія вылюдкі прымусілі распрануцца і загадалі лезці на плот. Яна прасіла літасці. Але хіба ж дзіцячы плач крануў чэрствыя сэрцы катаў? Дзяўчынку расстралялі… Скажыце, як можна ўявіць сабе і такое… У Капыльскім радзільным доме разарвалі на кавалкі і кінулі ў памыйную яму двухдзённае дзіця Шчурскай Марыі Васільеўны з вёскі Руднае, а затым павесілі і яе. Старажылы памятаюць, як у крывавым 41-м фашысты знішчалі ў раёне шмат камуністаў і іх сем’і, а 1942-гі ўвайшоў у гісторыю нашага раёна як год, калі масава былі знішчаны яўрэйскія і беларускія жыхары Капыля. Большая частка іх пахавана на ўсходняй ускраіне райцэнтра, так званай грэбельцы. А вось яшчэ прыклад нямецкіх зверстваў. Пра гэта надрукавана ў ваенным выпуску «Калгасніка Капыльшчыны». 30 лістапада немцы жывымі спалілі 21 мужчыну з в. Вуглы, якія паверылі карнікам і прынеслі ім квітанцыі аб здачы хлеба. А 11 снежня ўшчэнт былі спалены вёскі Пукава і Лапухі, а тых, хто не паспеў збегчы ў лес, гітлераўцы забілі. «Калгаснік Капыльшчыны» за 28 ліпеня 1943 года паведамляе, што тымі летнімі днямі моладзь вёскі Б. (на жаль, назва не ўказана) «атрымала позвы ад нямецкіх улад аб яўцы ў Капыль для адпраўкі іх на нямецкую катаргу. Але ў назначаны тэрмін ніхто не з’явіўся. Моладзь аказала супраціўленне. Гітлераўцы зрабілі аблаву, думалі такім чынам набраць на працу, аднак гэтага зрабіць не ўдалося. Калі фашысцкія звяры акружылі вёску, нікога з моладзі не аказалася. Тады немцы арыштавалі 47 ні ў чым не павінных сялян. Арыштамі і расстрэламі не запужаць савецкіх людзей. Лепш памерці ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, чым загінуць ад здзеку, голаду і паднявольнай працы на нямецкай катарзе». Нібы ва ўнісон гучыць наступны артыкул  за 17 сакавіка 1944 года: «На станцыі Ганцавічы ў лагеры пакутуюць тысячы беларускіх юнакоў і дзяўчат Капыльскага, Слуцкага, Красна-слабодскага і іншых раёнаў. Моладзь немцы бралі для адпраўкі на працу ў Германію. Расказы відавочцаў і нелегальна перададзеныя пісьмы сведчаць, што людзі там жывуць на правах палонных і нават горш. Ім не даюць ні работы, ні харчавання. Тысячы людзей асуджаны на галодную і халодную смерць». Ад былога Капыля пасля вайны мала што засталося. Таму вядомы беларускі – а ў той час і партызанскі – паэт Анатоль Астрэйка ў вершы «Капылю» пісаў: Паміж руінаў я стаю. Што крок – магілы пры сцяне. Слязу ў вачах я не таю, Так горка і балюча мне… Дык ці можа Капыльшчына дараваць такое зладзейства?! Варанко (КОЗЕЛ) Марыя Васiльеуна ...Фашысты прывялi да хаты маму з сынам i загналi iх у хлеу. Пачулася куляметная чарга. Затым прывялi Вольгу з маленькiм сынам. Яна не хацела iсцi у хлеу, фашысты яе штурхалi, яна падала, плакала, яе бiлi нагамi. Зноу пачулася куляметная чарга...   Былая настаўніца Пацейкаўскай СШ Варанко (Козел) Марыя Васільеўна расказвала: «Шмат чаго я помню пра падзеі Вялікай Айчыннай. Але самым страшным у маім жыцці быў дзень, калі фашысты ўчынілі расправу над маёй сям’ёй. Гэта было 12 сакавіка 1943 года. Два мае браты, Пеця і Жэня, пайшлі ў партызаны. Маці мяне вельмі моцна шкадавала і берагла, таму я часта жыла ў вёсцы Траянава, бо там немцы былі рэдка. 11 сакавіка маці прыйшла мяне наведаць. Я прасіла, каб яна забрала мяне дадому. Але, мабыць, сэрца маці чула бяду. Яна сказала, што калі заўтра ўсё будзе спакойна, то цётка Воля прывядзе мяне дадому. Але на заўтра з самай раніцы пачуліся стрэлы. Мы ўбачылі клубы чорнага дыму. Раптам тата прыбег дадому, ён крыкнуў: «Ратуйцеся,        немцы!» Мама з двухгадовым сынам і жонкай брата кінуліся ўцякаць. Дабеглі да кустоў, але немцы іх заўважылі. Тата ўжо не мог бегчы, ён схаваўся ў яме на месцы суседняй хаты (гэта хата Насевіч Надзеі, немцы спалілі яе раней). Пра тое, як фашысты расправіліся з нашай сям’ёй, нам расказаў сусед Гірко Юлій. Фашысты прывялі да хаты маму з сынам і загналі іх у хлеў. Пачулася кулямётная чарга. Затым прывялі Вольгу з маленькім сынам. Яна не хацела ісці ў хлеў, фашысты яе штурхалі, яна падала, плакала, яе білі нагамі. Зноў пачулася кулямётная чарга. У гэты ж дзень загінула жонка дырэктара Траянаўскай школы Мельнікава Ганна з маленькім сынам. Мой бацька цудам  застаўся ў жывых…  Калі мы прыйшлі на папялішча, заўважылі абгарэлыя трупы. Нашы сваякі і суседзі зрабілі дамавіну, і мы ўсіх пахавалі разам. Так у 12 год я засталася толькі з татам». Таццяна Аляксандрауна БУРАК (Кулiковiч) ....Да шыбенiцы вялi нейкага мужчыну у шэрым плашчы. Зацягнулi на памост. У таго чалавека валасы аж дыбам усталi, але `ен не крычау. Далей я не змагла глядзець, пабегла… Капылянка Таццяна Аляксандраўна Бурак (Куліковіч) успамінала, як у мястэчку стралялі яўрэяў нават і на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца магазін «Бульбачка»: «Выкапалі яму, куды кідалі загінуўшых. Калі не хапала месца – вывозілі ў лес. Дзіцячая цікаўнасць прымусіла нас пайсці туды і паглядзець. Вялікая яма, у якой ляжалі ўжо пасінелыя целы дарослых і дзяцей. Пясок паспеў уесціся ў ногі забітых, ад чаго яны зрабіліся тоўстымі. Жудасна… Аднойчы я ішла да царквы. Бачу, бягуць людзі. Да шыбеніцы вялі нейкага мужчыну ў шэрым плашчы. Зацягнулі на памост. У таго чалавека валасы аж дыбам усталі, але ён не крычаў. Далей я не змагла глядзець, пабегла…» Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей