Сачыць за парадкам на вуліцах, асвятленнем і станам дарог, словам, усім, што адбываецца ў вёсцы, даводзіцца старэйшыне. Таму і заняць такую клапатлівую і важную пасаду прапануюць толькі тым, хто ўмее бачыць далей за свой двор, жыве праблемамі людзей і ад усяго сэрца стараецца ім дапамагчы. Яны па абавязку службы больш за іншых клапоцяцца пра сваю малую радзіму.
— Сапраўды, на пасады старэйшын імкнёмся падбіраць актыўных, ініцыятыўных людзей, — расказвае старшыня Капыльскага сельвыканкама
Вольга Купрыенка. — Лічу, што на гэтай пасадзе можа быць толькі той, хто гатовы працаваць на энтузіязме, атрымліваючы маральнае задавальненне ад таго, што змог камусьці дапамагчы. Паводле слоў Вольгі Мікалаеўны, сярод старэйшын не бывае выпадковых лю-дзей. Калі на гэтай адказнай паса-дзе акажацца чалавек раўнадушны, малаініцыятыўны, якога не прымусіш быць актывістам, дык самі людзі гэта заўважаць у першую чаргу. А на «сельскіх мэраў», якія ведаюць усё пра сваіх землякоў, заўсёды можна палажыцца. І, перафразуючы выказванне пра людзей, на якіх зямля трымаецца, можна сказаць, што вёскі трымаюцца на старэйшынах. Яны — моцнае звяно паміж мясцовай уладай і грамадзянамі.
Вольга Купрыенка з гонарам называе ўсіх сваіх памочнікаў. У іх ліку
Валянціна Волкава (в. Стары Капыль),
Святлана Аніхоўская (вв. Вялешына і Васілеўшчына),
Ганна Барысевіч (в. Вошкаты),
Надзея Чаркоўская (в. Аргелаўшчына),
Марына Смольская (в. Падгорцы),
Святлана Гурыновіч (в. Дусаеўшчына),
Іна Бохан (аг. Скабін),
Валянціна Апанасчык (в. Мазалі),
Зоя Карпіленя (в. Кель),
Іна Касцюк (аг. Мажа),
Наталля Лукашэвіч (в. Вусава),
Галіна Марозава (в. Аножкі),
Марыя Апанасчык (в. Якубавічы),
Вера Кіневіч (в. Чырвоны Партызан),
Соф’я Васілевіч (в. Каменка).
[caption id="attachment_116659" align="aligncenter" width="840"]
■ Вольга Купрыенка (другая справа) і Наталля Сурыновіч праводзяць прафілактычную гутарку аб бяспечных паводзінах на вадзе[/caption]
Да гэтай кагорты адносіцца і старэйшына вёскі Нізкавічы
Наталля Сурыновіч. Яна, як ніхто іншы, ведае, што дробных праблем у жыцці людзей не бывае. Жыццё чалавека ў вёсцы заўсёды ва ўсіх на вачах. Наталлю Іосіфаўну вяскоўцы ведаюць як добрага спецыяліста на рабоце (яна ўзначальвае дзіцячы сад у в. Дусаеўшчына) і дбайную гаспадыню. Таму, калі трэба было выбіраць адказнага чалавека на грамадскую пасаду старэйшыны, на сходзе вяскоўцы прагаласавалі менавіта за яе. І гэты давер яна імкнецца апраўдваць.
— Калі столькі людзей табе давяраюць, то адмовіцца ніяк нельга, — кажа Наталля Іосіфаўна. — На гэтай клапатлівай пасадзе працую не адзін год. За гэты час пераканалася, што невялікіх праблем у жыцці людзей няма. Трэба кожнага выслухаць, а потым у меру сваіх магчымасцей дапамагчы. А бывае, што дастаткова і проста паразмаўляць з чалавекам.
Старэйшына вядзе растлумачальную работу з насельніцтвам па навядзенні парадку на зямлі, каля асабістых домаўладанняў. Яна клапоціцца, каб родная вёска выглядала прывабна і ўтульна, хаця жыве зараз у Дусаеўшчыне, а нарадзілася і правяла дзяцінства тут. У Нізкавічах часты госць, бо прыязджае сюды не толькі па грамадскіх справах, але і да сваёй свекрыві.
Клопатам старэйшыны з’яўляецца і добраўпарадкаванне могілак. Месца памяці, апошняга прытулку вяскоўцаў, як і належыць, павінна быць дагледжаным. І вось пры падтрымцы мясцовага насельніцтва, тых людзей, чые родныя пахаваны тут, сёлета спілавалі старыя дрэвы, прыбралі іх рэшткі. У многім праявіла ініцыятыву капылянка Жанна Пастарнак, у якой тут малая радзіма.
Капыльскай ЖКГ па просьбе жыхароў зараз вядзецца падсыпка вуліц, праўда, не суцэльна, а кропкава. Але ж гэта павінна зменшыць колькасць ям і выбоін у старым пакрыцці.
Праводзіць старэйшына пры падтрымцы сельвыканкама і прафілактычную работу: прымае ўдзел у наглядальных камісіях, наведвае людзей, схільных да асацыяльных паводзін, а летам асабліва актуальныя гутаркі наконт бяспечных паводзін на вадзе.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии