Не сакрэт, што ноч з 6 на 7 ліпеня не бывае ціхай – народная музыка, дзявочы смех і танцы да самай раніцы ахопліваюць лес. І гэта ўсё - свята Купалле.
Зона адпачынку нашага горада, нягледзячы на даждлівае надвор’е, яшчэ з вечара пачала шумець - сцэна напоўнілася тэатральным відовішчам “Купальскія забавы”, якое падрыхтаваў раённы цэнтр традыцыйнай культуры аг. Мажа. Жыхары Капыля ўбачылі выступленне, падрыхтаванае таленавітымі выхавнцамі клубнага фальклорнага аб’яднання “Вытокі”, што працуе на базе Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Гледачоў забаўлялі дзяўчаты ў народных касцюмах з вянкамі, хлопцы, якія на сцэне паспелі “пакумавацца” і праверыць, хто з іх самы моцны, а таксама гучала шмат жартаў. Пасля выступалі госці з горада Клецка, якія радавалі людзей народнымі песнямі.

Але аднымі спевамі ўсё скончыцца не магло. Самае цікавае – вогнішча, якое сабрала ўсіх гасцей вакол сябе. Традыцыйна на агонь спальвалі ляльку Мару і вялі вакол адзін вялікі карагод. Вогнішча разгарэлася так, што полымя цягнулася да самага неба і горача стала ўсім, хто ішоў у карагодзе. А самыя запаветныя пажаданні можна было загадаць і павязаць разам з там стужку на невялічкай бярозе і быць упэўным, што пажаданне абавязкова збудзецца. Дзяўчаты ў сваю чаргу перакідалі вянкі праз вогнішча.

Напрыканцы мерапрыемства, калі агонь сцішэў, каханыя скакалі праз касцёр, каб іх павянчала само Сонца. Скакалі і старэйшыя, каб ачысціцца ад негатыўнай энергіі. Хлопцы з дзяўчатамі адправіліся на пошукі папараць-кветкі. Шчаслівай парай сталі маладыя Крысціна і Раман. А астатніх чакала танцавальная праграма на пляцоўцы зоны адпачынку.
Ганна МАТУСЕВІЧ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Комментарии