Нямала ўраджэнцаў Капыльшчыны, да якіх заўсёды ставішся з павагай і якіх з упэўненасцю можаш назваць сапраўднымі майстрамі сваёй справы.
Выразны прыклад – дэкан юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Андрэй Шыдлоўскі. Больш падрабязна пра дзяцінства і выбар прафесіі ў нашым інтэрв’ю.
[caption id="attachment_116266" align="alignnone" width="600"]
Андрэй Шыдлоўскі[/caption]
– Андрэй Віктаравіч, раскажыце пра сваё дзяцінства? Дзе Вы вучыліся? Каго з настаўнікаў можаце адзначыць і чаму?
– Маё дзяцінства прайшло на Капыльшчыне. Успаміны пра сярэднюю школу № 1 г. Капыля (цяпер гімназія № 1 г. Капыля) заўсёды напаўняюцца сакральным сэнсам, які раскрываецца ў таямніцах майго станаўлення і развіцця, перш за ўсё як чалавека. Школа – гэта не толькі агульная адукацыя, але і цудоўнае выхаванне на светапоглядах, вопыце і «жывых» прыкладах з асабістага жыцця маіх настаўнікаў той самай «савецкай школы», на іх прафесійным стаўленні да адукацыі, на самаадданасці сваёй справе і патрыятызме. Нам, вучням 80-х – пачатку 90-х гадоў (складаны гістарычны перыяд дзяржаўнага і ідэалагічнага рэфармавання), лічу, вельмі пашанцавала з педкалектывам. У нашым класе працавалі сапраўдныя легенды адукацыі савецкай эпохі – Алена Сцяпанаўна Абрамава, Еўдакія Ігнацьеўна Былюк, Святлана Максімаўна Булат, Галіна Сцяпанаўна Дамашэвіч, Яўген Іосіфавіч Мардасевіч, Алена Сяргееўна Роўбуць, Клара Іларыёнаўна Сідзельнікава, Аляксандр Фёдаравіч Семяновіч, Зоя Уладзіміраўна Сыс і іншыя.
Варта заўважыць, што ў СШ № 1 на базе нашага класа (у 10-11 класах) упершыню быў адкрыты эксперыментальны профіль з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы і літаратуры. Арганізатарам, ідэйным кіраўніком і душой гэтага праекта стала заслужаная настаўніца БССР Клара Іларыёнаўна Сідзельнікава. Менавіта яна зрабіла вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне вучняў нашага класа, прывіла любоў да сваёй малой радзімы. З ёй, увогуле, звязаны найважнейшы этап у гісторыі нашай школы, развіцця адукацыі, роднай мовы і літаратуры, краязнаўчага вопыту і традыцый Капыльшчыны.
– Якія ўспаміны ў Вас засталіся?
– Найбольш яскравыя ўспаміны з дзяцінства – гэта, безумоўна, школьныя канікулы, якія я праводзіў у сваёй бабулі Станіславы Казіміраўны Чалевіч у в. Бабавенка Пацейкаўскага сельсавета, дзе яна пражывала і адкуль родам мая матуля. Там прайшлі самыя цікавыя дні майго пазашкольнага жыцця, з якім звязаны першы сапраўдны жыццёвы вопыт і бабуліна цудоўнае выхаванне – гэта дапамога ёй па сельскай гаспадарцы, у нарыхтоўцы дроў на зіму, актыўны адпачынак на прыродзе. Мае першыя краязнаўчыя экскурсіі пачыналіся менавіта з вёскі.
– Кім Вы хацелі стаць? Ці споўнілася Ваша мара?
– У дзяцінстве я марыў стаць вядомым чалавекам, які дапамагае людзям – настаўнікам, урачом, суддзёй ці адвакатам. Увогуле, мая мара здзейснілася. Я стаў і вучоным-юрыстам, і педагогам вышэйшай школы.
– Калі вырашылі стаць юрыстам? З чаго пачынаўся Ваш прафесійны шлях?
– Юрыстам я вырашыў стаць у 11 класе, калі трэба было рыхтавацца па канкрэтных вучэбных прадметах для паступлення ў ВНУ. Улічваючы, што я – чалавек з гуманітарным тыпам мыслення, канчатковы выбар для мяне быў відавочны. У 1993 годзе я скончыў школу і паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыяльнасць «правазнаўства», кваліфікацыя «юрыст»). Яшчэ студэнтам я ўдзельнічаў у навуковых канферэнцыях, меў шэраг навуковых публікацый. Мая дыпломная работа стала лепшай на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ сярод студэнтаў ВНУ, і я атрымаў дыплом лаўрэата. У 1998 годзе з адзнакай закончыў юрфак БДУ і мяне, выпускніка-выдатніка, адразу размеркавалі на кафедру крымінальнага права для выкладчыцкай і навуковай работы. На кафедры я прадоўжыў займацца навуковымі даследаваннямі ў галіне крымінальнага права. У 2002 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Зараз завяршаю працу над рукапісам доктарскай дысертацыі на атрыманне вучонай ступені доктара юрыдычных навук.
– Чаму Вас прыцягнула менавіта крымінальнае права?
– Крымінальнае права, дарэчы, самая цікавая і захапляючая галіна ў юрыспрудэнцыі: менавіта тут разглядаюцца віды злачынстваў і пакаранняў, суб’ект злачынства, яго віна, матывацыя і мэты супрацьпраўных паводзін, меры і задачы крымінальнай адказнасці, нацыянальнае крымінальнае заканадаўства, напрамкі яго развіцця і іншае. Я ўпэўнены, што многія дзеці і дарослыя з’яўляюцца прыхільнікамі розных літаратурных герояў-барацьбітоў са злачыннасцю, дэтэктыўных сюжэтаў, кінастужак пра крымінальныя расследаванні, чытаюць крымінальныя хронікі.
– Вы з’яўляецеся дэканам юрыдычнага факультэта. Як дасягнулі такіх вышынь?
– На пасаду дэкана юрыдычнага факультэта БДУ я быў назначаны ў 2021 годзе. Для маёй прафесійнай дзейнасці гэта хутчэй заканамернасць. Амаль 15 гадоў я працаваў намеснікам дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце і адначасова дацэнтам кафедры крымінальнага права юрыдычнага факультэта БДУ, у 2020-2021 – першым намеснікам дырэктара Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ. Я перад сабой ніколі не ставіў якіх-небудзь канкрэтных кар’ерных мэт у адміністрацыйна-службовым плане. Галоўнае, лічу, сумленная праца і задавальненне яе вынікамі, прафесійная адказнасць і любоў да сваёй справы. Люблю займацца юрыдычнай навукай, працаваць з моладдзю і ўзаемадзейнічаць з практыкуючымі юрыстамі, развіваць свае прафесійныя якасці.
– Калі і дзе Вы былі самым шчаслівым?
– Шчасце ў кожнага сваё, як і яго разуменне. Я лічу сябе шчаслівым чалавекам. Дзяцінства маё звязана з Капыльшчынай. Зараз шчасце – гэта любімая сям’я, работа і родная Беларусь.
Гутарыла Наталля ДАВЫДЗЕНКА
Комментарии