
Да 1991 года 7 лістапада адзначалася ў СССР як галоўнае свята краіны — Дзень Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі.
Яшчэ са школьных урокаў гісторыі ўсе добра ведаюць, што ў ноч з 7 на 8 лістапада (па новым стыле) 1917 года ў Петраградзе адбылося паўстанне, здзейсненае пралетарыятам, што выстраліў крэйсер “Аўрора”, які стаяў на неўскім прычале, што ўзброеныя рабочыя, салдаты і матросы захапілі пошту, тэлефон, тэлеграф і Зімовы палац, што яны зверглі Часовы Урад і абвясцілі Уладу Саветаў, якая потым праіснавала ў нашай краіне больш за 70 гадоў. Кастрычніцкая рэвалюцыя стала значнай падзеяй мінулага стагоддзя.
З той пары Дзень 7 лістапада адзначалася ваенным парадам і дэманстрацыяй працоўных, было заведзена гаварыць пра заваёвы сацыялізму, рапартаваць пра працоўныя дасягненні народнай гаспадаркі.
Часы змяніліся, але гісторыя і людзі, якія на ёй выраслі, — не. У дзвюх краінах былога Савецкага Саюза — Беларусі і Кыргызстане — 7 лістапада засталося афіцыйным святам. Безумоўна, ужо няма такіх урачыстасцей, але па-ранейшаму да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў.
Так, на Капыльшчыне з нагоды свята будуць арганізаваны выставы, кіналекторыі, інфармацыйныя гадзіны, вусныя часопісы, кіналекторыі, дні адчыненых дзвярэй у школьных музеях. Навучэнцы Быстрыцкай і Лясноўская сярэдніх школ правядуць акцыю дапамогі ветэранам. Адбудзецца ўрачысты прыём моладзі ў рады ГА “БРСМ”, пройдуць спартыўныя спаборніцтвы і спартакіяды, а 6 лістапада раённы Цэнтр культуры ў 18 гадзін запросіць на святочны канцэрт.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии