Выканала і перавыканала больш чым на 10 % планавае заданне па ворыве глебы адкрытае акцыянернае таварыства “Скабін”. Тым самым закладзена добрая аснова для ўраджаю будучага года.
[caption id="attachment_14137" align="alignleft" width="300" caption="Механізатар Ігар Рай"]
[/caption]
На палетку ля вёскі Астравок, дзе сёлета вырошчваліся цукровыя буракі, кіпела работа. “Каб хутчэй справіцца з заданнем, мы штодня выпускалі на палі 4-6 трактароў, — расказвае аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Коршук. — На гэтым, відаць па ўсім, работу завершым. Сёння ў нас на ворыве задзейнічаны тры трактары: Ігар Рай і Іван Лук’яновіч працуюць ля Астраўка і Віктар Карпук — у Скабіне”.
Ігар Рай, з якім адбылася кароткая размова, родам з Вялікай Раёўкі, прафесію механізатара набыў у Капыльскім СПЛ. Прынятае на сямейным савеце рашэнне аб пераездзе ў Скабін цалкам апраўдала сябе. Тут іх сустрэлі гасцінна, прапанавалі маладой сям’і дом. Абзавяліся Раі гаспадаркай: трымаюць свіней, курэй. Ігару выдзелілі трактар, праўда, спачатку старэнькі. Праз нейкі час кіраў-ніцтва гаспадаркі, прыгледзеўшыся да маладога механізатара і зразумеўшы, што ён вельмі адказна адносіцца да сваёй справы, даверыла сучасны “Беларус-3022”. Яго жонка пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску заняла ў ААТ “Скабін” пасаду заатэхніка-селекцыянера. Падраслі дзеткі: сын ужо пайшоў у другі клас, чатырохгадовая дачушка наведвае дзіцячы садзік. На маё пытанне, ці не шкадуе, што звязаў свой лёс з вёскай, Ігар не задумваючыся адказаў: “Не шкадую. Можа, толькі калі-нікалі закрадзецца думка, што мае гарадскія равеснікі працуюць не так многа, як я. Аднак сваё жыццё я выбіраў сам, мне яго і пражываць. Лічу, што ўсё ў мяне добра: ёсць цудоўная сям’я, дастатак у доме, любімая работа”.
У апошнюю пасяўную Ігар, паводле слоў Аляксандра Коршука, пасеяў практычна ўсе азімыя і рапс. “У мяне наогул любімая пара года — гэта восень, — працягвае дзяліцца думкамі механізатар. — Таму і працуецца з ахвотай. Не так горача, падганяюць думкі пра хуткі водпуск, у які, як і пераважная большасць трактарыстаў, іду звычайна зімой. Да таго ж грэе душу ўсведамленне нейкай закончанасці: хлеб пасеялі, убралі, падрыхтавалі аснову для будучага ўраджаю.”
…Некалькі хвілін доўжылася наша гутарка, і зноў чырвоны “Беларус” рушыў наперад. “Ці ёсць якія-небудзь заўвагі да працы механізатара і арганізацыі ворыўных работ наогул у гаспадарцы?” — пытаюся ў галоўнага агранома ўпраўлення райсельгасхарчу Андрэя Цвіркі. “Аніякіх, — чую ў адказ. — Тэхналогія выконваецца, тэхніка адрэгулявана, працуюць з настроем. Да таго ж імкнуцца, каб палеткі мелі прывабны выгляд.” Пасля гэтых слоў успомнілася карціна, якую мы назіралі, пад’яз-джаючы да Скабіна. Насупраць мехмайстэрняў старанна працаваў, як пазней мы даведаліся, Віктар Карпук. Яго работу можна назваць сапраўды філіграннай, паколькі на невялікім участку зямлі, размешчаным уздоўж дарогі, ідзе лінія электраперадачы, а адпаведна — укапана мноства слупоў, якія неабходна абворваць, каб мець падставу гаварыць аб сапраўднай культуры земляробства.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии