Партызанскі «Кулібін»
Сярод тых, хто набліжаў Перамогу, былі не толькі салдаты, партызаны, падпольшчыкі, але і простыя мірныя жыхары.
Значны ўклад у баявое забеспячэнне партызан зрабіў ураджэнец вёскі Вялешына-1 (Вялікае) Слабада-Кучынскага сельсавета, самабытны майстар-самародак Іосіф Адамавіч Пыліла.
[caption id="attachment_115956" align="aligncenter" width="600"]
Іосіф Адамавіч, жонка Ганна Сцяпанаўна і ўнук Іван, 1947 год[/caption]
Патрыёт арганізаваў партызанскую майстэрню. З адрамантаванай ім зброяй байцы 27-й брыгады імя В.І. Чапаева хадзілі на штурм варожых гарнізонаў і падрыў эшалонаў. Нават канструяваў адназарадныя пісталеты і прымудраўся перарабляць трафейныя патроны пад савецкую зброю. Дзякуючы зладжанай працы ўсе партызаны былі ўзброены, а многім гэта выратавала і жыццё.
У пачатку ХХ стагоддзя пабываў у Амерыцы на заробках. Галоўнае багацце, якое ён прывёз – 16 пудоў розных інструментаў, набыў прафесіі каваля і сталяра-чырвонадрэўшчыка. Абсталяваў у вёсцы майстэрню, дапамагаў аднавяскоўцам будаваць млын, школу, клуб, а таксама ставіў хаты і розныя гаспадарчыя пабудовы. Вырабляў рамы і аканіцы для акон, дзверы, пчаліныя вуллі, драўляны посуд і мэблю (ад простай табурэткі да мэблевага гарнітура). Таленавіты, з прыроднымі здольнасцямі, ён займаўся разьбой, інкрустацыяй і мазаікай. Адным словам, быў майстрам на ўсе рукі, а яшчэ працаваў ляснічым і шмат карыснага рабіў для людзей.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іосіфу Адамавічу споўніўся 71 год. Пад выглядам збору ягад і грыбоў шукаў па лясах зброю, якой шмат заставалася пасля адступлення Чырвонай арміі. Усё знойдзенае да лепшых часоў хаваў у патаемных месцах. З пачаткам партызанскага руху перадаў здабытае ў атрад імя В.І. Чапаева. Але многім байцам зброі не хапала або яна патрабавала рамонту.
Асабліва для вядзення бліжняга бою, нападзення на нямецка-паліцэйскія пасты, станцыі, калоны неабходна была аўтаматычная зброя. З вялікім натхненнем з мая 1942 года ўзяўся Іосіф Пыліла за рамонт вінтовак, аўтаматаў, кулямётаў, пісталетаў і рэвальвераў. Ён быў слесарам, кавалём і столярам адначасова. Вырабляў не толькі асобныя часткі, але і затворы для вінтовак Мосіна, спускавыя кручкі і механізмы, засаўкі затвораў, ствольный скрынкі і зашчапкі для пісталет-кулямётаў Шпагіна ППШ-41 і Дзегцярова ППД-40, а таксама драўляныя ложы з клёну і бярозы. Рамантаваў нават нямецкія «Шмайсеры» і бельгійскія вінтоўкі.
Авіябомбы, якія не разарваліся, снарады і міны ставіў у вялікі чыгун ці кацёл з гарачай вадой і кіпяціў на агні – выплаўляў тол для дыверсій на чыгунцы. Гэта была рызыкоўная справа. У любую хвіліну мог адбыцца выбух.
[caption id="attachment_115955" align="aligncenter" width="840"]
Даведка аб тым, што Іосіф Пыліла быў сувязным партызанскага атрада[/caption]
Калі чаго не хапала, то неабходныя дэталі набываў у Капылі. Там ён дзейнічаў як і сувязны. Вайна-вайною, а гандль ішоў. На рынак прывозіў кадушкі, бочкі, кублы і інш. А назад дастаўляў жалезныя трубы, рамы зломаных веласіпедаў, усялякі лом. На паліцэйскіх пастах яго не чапалі, бо ведалі яго як каваля. Напрыклад, спружыны для пускавога механізму майстраваў з тросу, які выменьваў у акупантаў за курыныя яйкі. Яшчэ для гэтага яму партызаны дастаўлялі дрот з аўтапакрышак. Выконваў простыя тэхналагічныя аперацыі: халодная і гарачая ручная коўка, заклёпачныя і шрубавыя злучэнні замест зваркі. Пры пайцы металу выкарыстоўваў борную кіслату, бітае шкло і свідру. Для абароны ад знешніх уздзеянняў асноўныя дэталі зброі аксідаваліся агнём, цыбуляй і бярозавым дзёгцем.
Для народных мсціўцаў рамантаваў фурманкі, вазы, сані, вырабляў конскую вупраж (сёдлы, хамуты, кольцы для дуг, вудзіла, дугі, аглоблі), падкоўваў коней. Дапамог пабудаваць партызанскі лагер у вялешынскім лесе.
Ніхто з аднавяскоўцаў не здагадваўся, што робіць у сваёй майстэрні Пыліла (працаваў і днём, і ноччу). Яны думалі, што людзі прыязджаюць да яго, каб падкаваць каня, набыць бандарныя вырабы і інш. У выпадку трывогі, раптоўнага нападу ворага агнястрэльная зброя хутка ў дзве-тры хвіліны прыбіралася ў загадзя падрыхтаванае, патаемнае месца. Кожны дзень рызыкаваў сваім жыццём і жыццём родных. У адной хаце жылі жонка, сын з нявесткай і трое ўнукаў. І яны ўсе дапамагалі яму ў працы, асабліва, калі паступаў тэрміновы «заказ» ад народных мсціўцаў. У лютым 1943 года ў вёсцы з’явіліся карнікі, закатавалі некалькі сямей партызан. Пылілы чакалі, што прыдуць і па іх. Дзяцей схавалі ў выкапанай на агародзе зямлянцы. Пашанцавала – іх у фашысцкіх спісах не было. Вёску бамбілі нямецкія самалёты. Згарэў млын, і малоць зерне прыходзілася вазіць у Пясочнае за 7 кіламетраў, таму пачаў вырабляць жорны.
Увесну 1944 года ўзяўся больш за любімую справу: для сялян кляпаў плугі са шчытоў разбітых гармат, ладзіў бароны, сярпы і косы. Неабходна было правесці сяўбу збожжавых культур і бульбы згодна з дырэктывай Савета Народных Камісараў БССР. Гэта быў яго важкі ўклад у поўнае вызваленне Беларусі і будучую агульную Вялікую Перамогу. Яшчэ для аднавяскоўцаў вырабляў сякеры, рыдлёўкі і паяў чыгункі. Пасля вайны, нягледзячы на ўзрост, прыклаў шмат намаганняў па аднаўленні народнай гаспадаркі. Яго партабак, як і многія вырабы, захоўваюцца ў музеях Міншчыны, а навукоўцы вывучаюць вопыт «амерыканскага» беларуса.
Самаадданы працоўны подзвіг Іосіфа Адамавіча адзначаны медалямі «Партызану Айчыннай вайны» І і ІІ ступеней, «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.».
Землякі яго паважалі за добрае сэрца і шчырую душу. Пайшоў з жыцця 22 жніўня 1951 г., пакінуўшы светлую памяць пра сябе.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии