Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

63

Голас душы Валянціны Гладкай

01.11.2011
[caption id="attachment_14066" align="alignleft" width="300" caption="Народный фольклорно-этнографический ансамбль БГУ "Неруш""][/caption] У свой час музычны народны фальклор прыжыўся на сцэне Канюхоўскага сельскага Дома культуры, якім загадвала зусім маладая Валянціна Гладкая. І вось ужо больш за 30 гадоў кіруе яна вядомым у рэспубліцы фальклорна-этнаграфічным ансамблем «Неруш» Белдзяржуніверсітэта. Сёлета нашай слыннай зямлячцы, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі спаўняецца 55 гадоў. Нарадзілася Валянціна ў сям’і жывёлаводаў Марыі Максімаўны і Фёдара Яфімавіча Гладкіх у в. Праснакі. Вось што паведаміла маці: - У мяне было тры дачкі: старэйшая Шура, сярэдняя Валя і малодшая Ніна. Не заўсёды хапала часу прыгалубіць дзетак і праверыць школьныя заданні, бо мы з мужам ад цямна і да цямна працавалі на праснакоўскай ферме: я — даяркай, а ён — на адкорме бычкоў. Тым не менш сястрычкі паспявалі нават нам дапамагчы і вучыцца добра. Сапраўды, дзяўчынкі раслі ў няпростых умовах, але гэта сфарміравала ў іх моцны характар, настойлівасць у ажыццяўленні пастаўленай мэты, працавітасць. Вечарам пасля работы, асабліва летняй парой, бабкі пасядуць на лаўкі і спяваюць даўно забытыя песні, а Шура, Валя і Ніна ім падпяваюць. Ці не адтуль ідзе гэтая апантанасць у Валянціны да песеннай спадчыны. У Канюхоўскай васьмігодцы дзейнічалі гурткі мастацкай самадзейнасці: танцавальныя і песенныя. Усё гэта ў спеўную душу дзяўчынак закладвала добры падмурак, але толькі  Валя раз і назаўсёды аддалася «матчынай песні». Шура стане інжынерам, Ніна - маркетолагам. Усе трое атрымаюць вышэйшую адукацыю. Будучы яшчэ студэнткай інстытута культуры, яна атрымала запрашэнне ад студэнтаў-матэматыкаў БДУ дапамагчы падрыхтавацца да агляду мастацкай самадзейнасці. І дапамагла яна так, што на ўніверсітэцкай сцэне яны выступілі лепш за ўсіх. 3 таго часу дзяўчына  засталася ў БДУ назаўсёды, бо спадабалася кіраўніцтву.  I вось па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам ствараецца ансамбль «Неруш», куды ўвайшлі студэнты і супрацоўнікі розных факультэтаў універсітэта (было гэта ў 1980 годзе). Зараз у калектыве ўдзельнічае больш за дзвесце чалавек. Матэматыкі, фізікі, журналісты, юрысты выступаюць на сцэне не горш за прафесіянальных артыстаў. Адны з іх — спевакі, другія — танцоры. Многія даўно закончылі ўніверсітэт, але верныя юнацкаму захапленню і дасюль спяваюць у ансамблі. Цікава, адкуль узялася назва «Неруш»? Са слоўніка чытаем: штосьці некранутае (нявораная зямля, дзікі лес). Усё становіцца зразумелым:   у «Нерушы» спяваюць так, як спявалі спрадвеку, без усялякай апрацоўкі, узнімаюць песенную цаліну. Дзе толькі не пабываў ансамбль «Неруш», прапагандуючы нашу мілагучную народную песню: Аўстрыя, Тайвань, Егіпет, ЗША, Італія, Данія, Нарвегія. Дарэчы, спевакі і танцоры ансамбля моцна пасябравалі з нарвежцамі. Госці з поўначы два разы пабывалі ў нас на Капыльшчыне і разам з «Нерушам» заварожвалі гледачоў Грозаўскага сельсавета сваімі песнямі і танцамі. У сваю чаргу Валянціна Гладкая па запрашэнні  вазіла свой калектыў у нарвежскі горад Ф’ёрдзе. Вядома ж, без дапамогі мастацтвазнаўцаў поспехі былі б можа меншыя. Вядучы этнамузыка - Колач Тамара Варфаламееўна перадала Гладкай шмат сваіх фальклорных запісаў. Удзельнікі калектыву і сама Валянціна Фёдараўна ў розных экспедыцыях запісваюць вясковыя песні, танцы з захаваннем дыялектаў і каларыту той мясцовасці, дзе ім давялося пабываць. Гэта калядныя, купальскія, карагодныя, жніўныя песні. Невыпадкова з розных міжнародных фестываляў калектыў прывозіць залатыя медалі. Іх запрашаюць на розныя сусветныя фалькларыяды ў Японію, Францыю, Амерыку, на дні беларускай культуры ў гарады Расіі і, здаецца, ад такой загружанасці можна сарвацца, а калектыў «Неруш» паказвае вялікую ўстойлівасць і высокі прафесіяналізм. Нездарма неаднаразова гэты ансамбль узнагароджваецца спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адметныя сцэнічныя касцюмы артыстаў ансамбля зроблены лепшымі швачкамі Беларусі. А вось апошнім часам пра ансамбль  і яго стваральніцу выпушчана кніга «Пра песню народную, «Неруш» і Валянціну», аўтар якой — Ніна Русаковіч. Іван ІГНАТЧЫК г. Капыль  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей