
Мне часта ўспамiнаецца адзiн незвычайны выпадак з маленства. Было гэта ў Садавічах Капыльскага раёна. Мацi некуды пайшла, бабуля сядзела на печы i вязала, а я, маленькi сумны валацужка, блукаў па хаце — з кутка ў куток. Нарэшце абрыдла.
— Баб, — пацягнуўся я да бабкi, — раскажы казку, толькi цiкавую.
— Лезь на печку, раскажу.
Я залез, i тут дзесьцi зусiм побач пачулася: «Цiў-цiў-цiў». Мы прыслухалiся: што ж такое? Бабуля адклала вязанне, паправiла акуляры i не зусiм ўпэўнена сказала:
— Верабей заляцеў у комiн, цi што?
Перадала мне клубок, злезла з печы, каб з прыпека глянуць, што робiцца ў печы i комiне. Я ўзяў клубок — i ад нечаканасцi ледзь не звалiўся. «Цiў-цiў-цiў»,— пiшчала прама ў мяне ў руках.
— Бабуля! — закрычаў я. — Клубок пiшчыць. Ён жывы...
Бабка перастала гортаць у печы, сярдзiта павярнулася да мяне:
— Што ты, гарэза, жартаваць са старой уздумаў?
— Цiў-цiў-цiў! — адказаў ёй клубок.
Хуценька пачалi мы разблытваць з яго нiткi i ўбачылi... спачатку расколатае шкарлупiнне, а потым — маленькае жоўценькае куранятка. Пяшчотнае, як сонейка.
— Ах, бацюхны мае! — усклiкнула бабуля i чамусьцi пачала апраўдвацца:
— Гэта ж я тры тыднi таму скончыла давязваць шкарпэтку, а нiткi засталiся i нiчога не было, каб наматаць iх. Гляджу на стале курынае яйка ляжыць, яго i ўзяла. А яно, бач ты, сагрэлася ў воўне i куранятка нарадзiлася! (Так i сказала, а не «вывелася»: бабуля ўсiх лiчыла Божымi стварэннямi)...
Даўно гэта было. Шмат гадоў ужо, як прыняла зямля сонейка майго сэрца — бабулю Таццяну Васiльеўну Карнялюк. Але i сёння ўспамiн аб ёй, аб тым жоўценькiм куранятку нястомным цяплом грэе душу...
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
краязнаўца, г. Віцебск
Комментарии