У рэдакцыю газеты звярнуўся жыхар вёскі Лугавая, жывёлавод А. Ф. Фількевіч, які цікавіўся, ці мае ён права на датэрміновы выхад на пенсію. Мы папрасілі даць тлумачэнні па гэтым пытанні першага намесніка старшыні райвыканкама начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу І. М. Кісляк. Атрыманы адказ наступнага зместу:
“Згодна з артыкулам 12, пунктамі “д” і “е” Закона Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2006 г. №155-3 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях пенсійнага забеспячэння” права на пенсію за работу з асаблівымі ўмовамі працы маюць:
— трактарысты-машыністы, непасрэдна занятыя ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі пры дасягненні 55 гадоў і пры працоўным стажы не менш за 25 гадоў, з іх – не менш за 20 гадоў на дадзенай рабоце;
— жанчыны, якія працуюць даяркамі (аператарамі машыннага даення), цялятніцамі, свінаркамі-аператарамі ў калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі пры дасягненні 50 гадоў і пры працоўным стажы не менш за 20 гадоў пры ўмовах выканання ўстаноўленых норм абслугоўвання.
На аснове вышэйсказанага права на датэрміновую пенсію за працу з асаблівымі ўмовамі Фількевіч А. Ф. не мае.
Таксама паведамляем, што згодна з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” права на пенсію па ўзросце маюць:
— мужчыны – пры дасягненні 60 гадоў і пры працоўным стажы не менш за 25 гадоў;
— жанчыны – пры дасягненні 55 гадоў і пры працоўным стажы не менш за 20 гадоў”.
Комментарии