У сімвалах суверэнітэту нашай краіны адлюстраваны асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.
Што ж наконт свята і дзяржаўных сімвалаў думаюць юныя грамадзяне Капыльшчыны?
Дзмітрый Няронскі, навучэнец Ванелевіцкай СШ:
— Я лічу, што гэта вельмі вялікае свята ў жыцці нашай незалежнай краіны і асабіста кожнага з нас. Сімвалы беларускай дзяржавы — гэта наша адметная рыса для ўсяго свету і прадмет нашага гонару. Таму кожны грамадзянін нашай краіны, у тым ліку і школьнікі, павінны іх шанаваць гэтак жа, як роднае слова, родны дом, родную культуру і звычаі. Бо яны сімвалізуюць і ўвасабляюць для кожнага чалавека Радзіму. Мы павінны з павагай ставіцца да дзяржаўных сімвалаў, выконваць законы дзяржавы, паважаць традыцыі і культурныя каштоўнасці беларускага народа.
Ганна Карповіч, вучаніца СШ № 3 г. Капыля:
— Герб і флаг сваёй краіны я бачу з дзяцінства. Гэта найважнейшыя сімвалы дзяржавы. Флаг развіваецца над будынкамі органаў улады нашай краіны, дыпламатычных прадстаўніцтваў, дзяржаўных устаноў. Гэта наш гонар і святыня. Сімвал незалежнасці і велічы Айчыны. Я ганаруся, калі бачу, як падымаецца наш флаг падчас Алімпіяды або міжнародных спаборніцтваў, калі нашы спартсмены атрымліваюць перамогу. Для мяне — гэта часцінка Радзімы. Нездарма флаг ратавалі ў час ваенных канфліктаў. Мяне заўсёды перапаўняе пачуццё гонару за краіну, калі я іду з маленькім беларускім флажком на мітынг. І мы, маладое пакаленне, заўсёды бу-дзем свята захоўваць і берагчы наш флаг і герб як сімвалы Беларусі.
Гімназістка Дар’я Крышкевіч:
— Дзяржаўныя сімвалы нашай сінявокай Беларусі — самы сапраўдны гонар. Калі я гляджу на беларускі флаг — адразу з’яўляецца велізарная колькасць разнастайных малюнкаў, якія плывуць і плывуць у думках, як жывыя. Яркія колеры зялёнага і чырвонага спалучаюцца з жыццярадасным характарам беларускага народа, які на працягу доўгіх гадоў застаецца такім жа добрым і талерантным у адносінах да ўсіх: турыстаў, людзей іншых рэлігій і нацый, колеру скуры і мовы. Лічу, што дзяржаўная сімволіка Беларусі — гэта цэлае жыццё нашай краіны, гісторыя, якая з’яўляецца сімвалам велічы і незалежнасці народа, у якім увасоблены дасягненні беларусаў, духоўная і маральная прыгажосць нацыі, наша культура. І я заклікаю ўсіх памятаць, што флаг і герб — гэта наша адметная рыса і прадмет нацыянальнага гонару. Паважаць сімвалы дзяржавы — значыць паважаць сваю краіну, свой народ і сваю гісторыю.
Запісала Таццяна БОХАН
Комментарии