18 кастрычніка на тэрыторыі Клецкага раёна спаборнічалі ў прафмайстэрстве лепшыя маладыя аратыя і аператары машыннага даення Мінскай вобласці. Капыльшчыну ў конкурсе даярак прадстаўляла Алена Гушчэня з ААТ “Старыца-Агра”.
За званне лепшых змагаліся канкурсанты ва ўзросце да 31 года, якія занялі першыя месцы ў аналагічных раённых конкурсах. Ім трэба было прадэманстраваць веданне тэорыі, а таксама праявіць сябе на практыцы. Арганізатарамі мера-прыемства сёлета выступілі Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама, Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, Клецкі райвыканкам, якія прыгатавалі дастойныя прызы для пераможцаў. Асноўнымі задачамі мерапрыемства сталі ўдасканаленне практычных навыкаў маладых працаўнікоў малочнай жывёлагадоўлі і аратых, павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, прапаганда перадавога вопыту, замацаванне кадраў на вёсцы.
Маладыя механізатары паказвалі як правільна падрыхтаваць машыну да выхаду ў поле і як весці ворыва (неабходна было заараць 4 га). Аператары машыннага даення пераадольвалі чатыры этапы: візітная картка, устаноўка апарата і выдойванне з яго дапамогай малака, веданне тэорыі па прафесіі, зборка і разборка даільнага апарата.
Цяжка было выявіць лепшых сярод лепшых, таму што адно месца ад другога аддзялялі практычна дзясятыя долі бала. Калі ўсе выпрабаванні былі скончаны, журы аб’явіла імёны лепшых. Пераможцамі ў аратых сталі механізатары са Стаўб-цоўскага і Клецкага раёнаў. Лепшая сярод аператараў машыннага даення – прадстаўніца Клецкага раёна.
Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі, а астатнія – падзякі за дастойны ўдзел у конкурсе.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии