Для мяне газета – гэта, перш за ўсё, цікавая і зразумелая работа, дзе маеш магчымасць расказаць пра адмысловых, шчырых і працавітых людзей, якія знаходзяцца побач з намі, пра іх поспехі, шлях, што прывёў да гэтага.
Ужо амаль восем гадоў я працую ў “Слава працы”. А на работу трапіў, можна сказаць, выпадкова: у газеце прачытаў аб’яву, што ў рэдакцыю трэба карэктар. Прайшоў “кастынг” і на працягу пяці гадоў стараўся апраўдаць аказаны давер, выконваючы гэту, на першы погляд простую, але няўдзячную работу. Пакрысе вучыўся ў старэйшых калег пісаць невялікія заметкі, самастойна авалодваў сакрэтамі складання крыжаванак, паспрабаваў сябе ў дэфіцытным жанры “гумарэска”.
Два з паловай гады таму прызначаны на пасаду фотакарэспандэнта. Вось тут прыйшлося займацца самаадукацыяй. Нават са з’яўленнем лічбавых фотаапаратаў гэта работа няпростая. Спазнаўшы асноўныя прынцыпы фотасправы, я не скажу, што дасягнуў нейкага майстэрства. І праз дваццаць гадоў, калі давядзецца працаваць у “Слава працы” на гэтай пасадзе, магчыма, скажу тое ж самае. Фота – складаны жанр яшчэ і таму, што ў цябе ёсць толькі два колеры: чорны і белы - святло і цень. Але нават з гэтай небагатай палітрай стараюся паказаць вам, паважаныя чытачы, што ў гэтым свеце, вакол нас, ёсць шмат прыгожага, таго, чаго мы ў жыццёвым кругавароце часам не заўважаем.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ,
фотакарэспандэнт
Комментарии