Дзякую Богу, што шляхі-дарогі прывялі мяне працаваць у рэдакцыю газеты “Слава працы”. Да друкаваных выданняў я заўсёды ставілася з павагай, а людзі, якія стваралі іх, здаваліся мне асаблівымі, недасягальнымі ў сваёй творчасці. І таго, што я буду працаваць у газеце, не было нават у маіх марах.
Свой шлях у журналістыку я вызначаю, як запланаваны падарунак звыш. Гэтаму вываду папярэднічала тое, што ў школе заўсёды добра пісала сачыненні, і ўсё жыццё любіла атрымліваць пісьмы. Нават цяпер, падчас высокіх камп’ютэрных тэхналогій, мяне хвалюе звычайны паштовы канверт, хочацца хутчэй яго адкрыць і прачытаць, хто па якіх праблемах звяртаецца, што піша.
Прыйшла ў рэдакцыю на пасаду карэктара, і гэта зноў жа стала для мяне лёсавызначальным: выпраўляючы памылкі, навучылася пісаць сама. Памятаю свой першы матэрыял “Шчасце, калі цябе чакаюць у родным доме”, першае інтэрв’ю (хвалявалася больш чым той чалавек, з якім размаўляла). Таццяна Раіцкая, на той час адказны сакратар, наказала на дарогу: “Пішы, у цябе атрымаецца”. Але што б я была вартая ў творчасці, калі б не былі побач калегі, тыя, што працавалі ў гады майго станаўлення і з кім цяпер сустракаюся штодзённа. Шлях ад карэктара да загадчыцы аддзела даўся мне зусім няпроста як у творчым, так і ў маральным плане. Работа патрабавала ведаў (нягледзячы на перадпенсійны ўзрост два гады запар займалася на курсах павышэння кваліфікацыі факультэта журналістыкі БДУ), адказнасці, акуратнасці, аб’ектыўнасці. Я старалася. Акрамя апрацоўкі пісем, сустракалася з аўтарамі лістоў, дапамагала разабрацца з праблемамі і радавалася, калі яны вырашаліся станоўча. У іншых выпадках на душы заставалася незадавальненне сабой, таму, выкарыстоў- ваючы магчымасць, прашу прабачэння ў чытачоў, пазаштатных карэспандэнтаў за неапраўданы давер.
“Слава працы” ў маім жыцці значыць вельмі многа. Я сваёй раёнцы не здраджваю на працягу 30 гадоў, а тым, што за 14 апошніх гадоў і я ўнесла свой невялічкі ўклад у яе развіццё, ганаруся спаўна.
Любоў ПЯТРОВА,
загадчыца аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем
Комментарии