Такі своеасаблівы агеньчык праводзіцца да Дня маці ў ТЦСАН штогод, і кожны раз яго арганізатары знаходзяць усё новыя і новыя цікавыя, па-руску кажучы, “изюминки”, якія надаюць урачыстасці адметны каларыт. Сёлета такім штрыхом стала знаёмства гасцей з жанчынамі, сем’і якіх перамагалі ў раённым конкурсе “Мнагадзетная сям’я года” пачынаючы з 2005-га. Сучасная тэхніка (мультымедыйная ўстаноўка) дапамагла адбыцца завочнаму знаёмству і з іх дамачадцамі. Жанчыны расказалі, што адбылося ў іх дружных сем’ях за час, які мінуў пасля конкурсу, выказалі свае пажаданні.
Так, Наталля Татур (пераможца раённага конкурсу ў 2005 годзе) ужо стала бабуляй. Яна лічыць, што менавіта са з’яўленнем у сям’і ўнукаў жанчына пачынае адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівай: “На дзяцей і часу не заўсёды хапала, а для забавы з унукам знойдзеш. Задаволена, што ў мяне тры дачкі. Яны дзеляцца са мной усімі радасцямі і праблемамі. З імі я нібыта вяртаюся ў гады сваёй маладосці і зноў перажываю і першае спатканне, і першы пацалунак…”
Сям’я Трыгубовіч стала пераможцай конкурсу ў 2006 годзе. Лідзія Валянцінаўна ўпэўнена, што кожнай жанчыне проста неабходна быць шчаслівай: “Калі мы шчаслівыя, калі побач з намі любячы і клапатлівы муж, які падтрымае ў любую хвіліну, то і дзеці будуць расці ў цеплыні і любові”.
“Кожнае сваё дзіця я люблю так, нібы яно адзінае”, — сказаў некалі муж яшчэ адной гераіні — Жанны Уласовіч. А сама Жанна Мікалаеўна дабавіла: “Са з’яўленнем кожнага новага дзіцяці гэта пачуццё ў сям’і ўзрастае ў некалькі разоў. Я адчуваю гэта на сабе. І чым больш дзяцей, тым большым становіцца акіян любові і пяшчоты, якія хочацца пастаянна аддаваць сваім блізкім — дзецям, мужу. Быць мнагадзетнай маці — прыемна!” Магчыма гэтыя пачуцці дапамаглі сям’і Уласовіч перамагчы ў 2008 годзе ў раённым конкурсе і ўдала выступіць у абласным.
Двойчы — у 2001-м і 2010-м гадах — сям’я Саладухаў станавілася пераможцамі як у раёне, так і ў вобласці. Людміла Васільеўна ўзнагароджана ордэнам Маці, разам з мужам выхоўвае шасцёра сыноў. “Нашы хлопчыкі — сапраўдныя памочнікі і мне, і тату. Ганаруся імі і ўпэўнена, што яны заўсёды будуць прыкладам у жыцці. Я за іх спакойная.” Жанчына вельмі ўдзячна за ўвагу і клопат, якую пастаянна адчувае яе сям’я.
Пяць дачушак, пяць гарэзлівых памочніц падрастаюць у сям’і Асфандзіяравых — пераможцы сёлетняга конкурсу. Іх матуля Алена Аляксандраўна таксама мае высокую ўрадавую ўзнагароду — ордэн Маці. Яна, як і яе каляжанкі, павіншавала ўсіх са святам і пажадала найперш здароўя, міру і дабра.
У гэты дзень жанчыны атрымалі падарункі разам з самымі шчырымі віншаваннямі ад дырэктара ДУ “Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Святланы Маліноўскай, старшыні раённага таварыства Чырвонага Крыжа Ніны Жук, а першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч уручыла прэзенты ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” жанчынам — пераможцам конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я года”. Спонсарам для арганізацыі салодкага стала выступіла ТАА «Саліта».
Не менш прыемным сюрпрызам стаў і цудоўны канцэрт, падрыхтаваны юнымі спевакамі — навучэнцамі СШ № 2 г. Капыля, якія займаюцца пад кіраўніцтвам Таццяны Ермаловіч. Жанчыны не шкадавалі сваіх далоней, каб аддзячыць маленькім “зорачкам” за тую цеплыню, любоў і радасць, якую тыя шчыра рассыпалі ў гэтай зале.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ: 1. А. Асфандзіярава, Ж. Уласовіч, Л. Трыгубовіч, Н. Татур; 2. Спявае Насця Карповіч; 3. Падарунак ад Чырвонага Крыжа.
Фота аўтара
Комментарии