42
(CMigrator copy 131)
20.01.2022
Настаўнік-франтавік Георгій Трыгубовіч штурмаваў Кёнігсберг. Перад боем салдат адправіў дамоў ліст. «Дарагія родныя! Жывіце добра паміж сабой. Глядзі, Соня, маленькую дачушку. Выхоўвай яе так, як выхоўвалі нашы бацькі нас. Захавай памяць аб мужу. Калі я загіну ў свяшчэнных баях, няхай дачка памятае аб суровым часе так, як будуць памятаць у гісторыі славу нашага народа і нашай арміі, якая змагаецца за справядлівасць…»
Георгій Феліксавіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Харытонаўка. Яго бацька, Фелікс Пятровіч, удзельнік Першай сусветнай вайны, з дзяцінства прывіваў сыну любоў да Радзімы, павагу да людзей. Настаўнік-франтавік за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з ворагам, адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», пяццю Падзякамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна.
Георгій скончыў Ленявіцкую пачатковую школу, а ў 1936 годзе – Старыцкую сямігодку з Пахвальным лістом. Тры гады вучыўся ў Слуцкім педвучылішчы. Адзін раз у месяц наведваў бацькоў. Маці, Алена Фёдараўна, заўсёды выкройвала ў дарогу сыну кавалачак сала, акраец хлеба, клінок сыру. Але хатніх прыпасаў хапала ненадоўга. Жыў хлопец на кватэры ў яўрэя Моты, якога ў час белапольскай акупацыі выратаваў ад расстрэлу бацька Георгія.
У 1939 годзе пасля размеркавання малады настаўнік трапляе ў Крывасёлкаўскую сямігодку, а затым – у Цялядавіцкую СШ, выкладае матэматыку і нямецкую мову, якую добра ведаў ад бацькі, тры гады правёўшага ў германскім палоне. Здольны да навукі, у тым жа годзе паступае на завочнае аддзяленне БДУ па спецыяльнасці «Геаграфія» (дыплом атрымае толькі ў 1952 годзе).
У калектыве педагогаў сустрэў сваю адзіную і каханую Соф’ю Барысевіч (родам з Дзярэчына). Які ён быў шчаслівы! За тыдзень да пачатку вайны маладыя ажаніліся і раз’ехаліся на летні адпачынак кожны да сваіх бацькоў. Уз’ядналася сям’я Трыгубовічаў у ліпені 1941-га года, калі ўжо ва ўсю грымела вайна. У разгар нямецкай акупацыі нарадзілася дачка Ніна. Яны дапамагалі партызанам, а ў час карных экспедыцый ворагаў немаўля закручвалі ў коўдру і ратаваліся на балотах.
Пасля вызвалення Капыльшчыны Георгій Трыгубовіч уліваецца ў рады Чырвонай арміі і мужна ваюе на 2-м і 3-м Беларускіх франтах у складзе 1345-га стралковага палка 399-й стралковай дывізіі. Вызначыўся пры вызваленні Польшчы, калі на Нараўскім плацдарме ў складзе разліку 120 мм мінамёта знішчыў супрацьтанкавую гармату і дзве агнявыя кропкі ворага. За гэты подзвіг быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Выступаючы перад школьнікамі, ён часта ўспамінаў, як штурмавалі Кёнігсберг. На сценах горада-крэпасці фарбай было напісана: «Мы вам пакажам Сталінград!». Лінія нямецкай абароны даўжынёй больш за 40 км, мноства фартоў, акружаных ірвамі з вадой шырынёй 25 і глыбінёй да 5-ці метраў. Штурм горада быў намечаны на 5 красавіка 1945 года. На наступны дзень пяць тысяч гармат адкрылі агонь па крэпасці. Асабліва моцным быў форт «Кароль Фрыдрых Вільгельм». З 75 выстралаў гармат толькі два снарады прабілі сцены. Ноччу 7 красавіка сапёры, карыстаючыся дымавой заслонай, узарвалі сцены форта. У праёмы кінуліся штурмавыя групы, якія сустрэў шквальны агонь фашыстаў. Вось тут і падтрымалі іх мінамётчыкі. Але шмат чырвонаармейцаў загінула, сярод якіх было многа землякоў. У час бою быў паранены, але адмовіўся лячыцца ў шпіталі.
Закончыў вайну на беразе Балтыйскага мора. У арміі знаходзіўся да снежня 1945 года. Дамоў вярнуўся па запыце органаў народнай асветы Беларусі. Адразу ўключыўся ў працу ў Ленявіцкай сямігодцы. Спачатку настаўнік, а затым і дырэктар школы. Разам з педагогамі і вучнямі праводзіў рамонт памяшкання, разбуранага падчас вайны нямецкай бомбай. Дзецям не хапала падручнікаў, алоўкаў, паперы. Але неяк усё гэта Георгій Феліксавіч дабываў. Нялёгка было працаваць. Ён дняваў і начаваў у школе. Цяжка было знайсці неабходныя словы для тых вучняў, якія ў гады ваеннага ліхалецця страцілі сваіх бацькоў, галадалі і наведвалі школу амаль босыя і без вопраткі. Ці маглі яны думаць пра навуку? Георгій Феліксавіч лічыў, што дзеці з вёскі заслугоўваюць лепшай долі, таму заўсёды пра іх клапаціўся. Каб выхоўваць сапраўдных грамадзян і патрыётаў, дырэктар патрабаваў ад настаўнікаў справядлівых адзнак для вучняў. Дзякуючы яго высокаму прафесіяналізму, многія выпускнікі атрымалі трывалыя веды і знайшлі сябе ў жыцці: урачы і настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, акадэмікі і генералы. За дасягненні ў галіне адукацыі ўзнагароджаны медалямі «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна», «Ветэран працы», прысвоена званне «Выдатнік народнай асветы».
Разам з жонкай выхавалі цудоўных дзяцей. Дачка Ніна, як і бацька – выдатнік народнай асветы, сын Анатоль – абараніў дысертацыю, працаваў намеснікам дырэктара навукова-даследчага інстытута.
Пазней цяжка захварэў: паралізавала ногі, аднялася мова. Моцна перажываў не за сваё здароўе, а за тое, што не зможа ніколі пераступіць парог роднай школы, выступіць на святочнай лінейцы. Для сваіх вучняў ён назаўсёды застаўся прыкладам нястомнасці ў працы, чалавекам сціпласці і высокай культуры.
Матэрыял падрыхтаваў Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Поделиться
Комментарии