Новы вучэбны дапаможнік “Геаграфія Беларусі. Ведай і ўмей!” тыражом у 800 экзэмпляраў з’явіўся на паліцах магазінаў. Яго аўтар — настаўнік геаграфіі сярэдняй школы №2 г. Капыля Анатоль Мікалаевіч Сікорскі.
У скарбонцы педагога гэта ўжо пятая кніга. Як расказаў аўтар, усё пачыналася з “Інфармацыйна-лагічных канспектаў па геаграфіі Беларусі”, затым ён стаў суаўтарам дапаможніка “Вывучэнне геаграфіі Беларусі ў 9-м класе”, пазней убачылі свет кнігі “Геаграфія для кемлівых і дапытлівых” і “Геаграфія Беларусі: тэсты, дыктанты, творчыя заданні”.
І вось новая праца, якая разлічана на старшакласнікаў, навучэнцаў спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, ліцэяў, гімназій. Кніга можа быць выкарыстана для арганізацыі вучэбнага працэсу, а таксама пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяд. У ёй прапанаваны разнастайныя заданні: крыжаванкі, рэбусы, галаваломкі, займальныя падарожжы, якія будуць садзейнічаць развіццю цікаўнасці да вывучэння геаграфіі нашай краіны, дапамогуць у праверцы ведаў і ўменняў пры засваенні праграмнага матэрыялу, а таксама іх паглыбленні і пашырэнні. Дапаможнік можа быць карысным настаўніку і для арганізацыі пазакласнай работы.
За сваю шматгадовую працу на педагагічнай ніве Анатоль Мікалаевіч стаў аўтарам звыш 60 публікацый у часопісах “Геаграфія: праблемы выкладання”, Народная асвета”, “Адукацыя і выхаванне”, “Образование Минщины”, “Репетитор”.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии