У адрозненне ад астатніх калег, якія прыйшлі ў журналістыку рознымі шляхамі, і “Слава працы” з’яўляецца іх адзінай газетай, мне давялося працаваць у некалькіх ваенных выданнях. Таму, калі ў 2000 годзе я трапіў у капыльскую раёнку, была магчымасць параўноўваць.
Да гонару капыльскіх журналістаў і паліграфістаў – у іх можна было шмат чаму павучыцца: і аператыўнасці ў рабоце, і пошуку новых форм падачы матэрыялаў, і мэтанакіраванасці ў асвятленні на старонках сельскагаспадарчай тэматыкі. Газета набіралася і вярсталася на настольна-выдавецкім комплексе, а друкавалася на лепшай не толькі для таго часу імпартнай друкарскай машыне “Дамінант-715”. Для мяне гэта было новым, прыйшлося ўнікаць у шматлікія нюансы.
Работа адказнага сакратара больш тэхнічная, чым творчая. Аднак па меры магчымасці імкнуся пісаць, падымаючы на старонках газеты пытанні права- ахоўнай тэматыкі, патрыятычнага выхавання моладзі, паказваць барацьбу з п’янствам, іншымі негатыўнымі з’явамі нашага жыцця. Ды і як інакш: крэда журналіста – ні дня без радка — не магло не ўвайсці ў свядомасць за амаль што 36-гадовы стаж газетчыка.
Газеце “Слава працы” – 80 гадоў. Мне пашчасціла (ніколькі не перабольшваю – У. С.) працаваць тут толькі 10 з іх. Але з упэўненасцю магу сказаць, што прайшоў добрую школу летапісу жыцця. Даўгалецця і працвітання табе, любімая газета!
Уладзімір СКРЫПІНСКІ,
адказны сакратар газеты
Комментарии