Днямі дырэктару Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціне Шураковай быў уручаны нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
[caption id="attachment_13515" align="aligncenter" width="443" caption="В. Шуракова па прэзентацыі праекта “Нашы землякі”"]

[/caption]
Такім чынам адзначана яе шматгадовая праца ў галіне, асабісты ўклад у развіццё музейнай справы, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Але як, не крывячы душой, гаворыць сама Валянціна Леанідаўна, за кожнай высокай асабістай узнагародай стаіць плённая праца вялікага калектыву аднадумцаў. Таму гэты знак — ацэнка дзейнасці ўсіх работнікаў культуры Капыльшчыны.
У Капыльскі раённы краязнаўчы музей Валянціна Шуракова прыйшла ў 1985 годзе, перш адпрацаваўшы два гады ў Камсамольскай сярэдняй школе, куды яна, выпускніца Мінскага педагагічнага інстытута, трапіла па накіраванні. “Ужо падчас вучобы ў вышэйшай навучальнай установе я захварэла, калі можна так сказаць, музейнай справай, — узгадвае Валянціна Леанідаўна. — Вучылася на факультэце “Гісторыя і замежныя мовы” і падчас практыкі па музейнай справе атрымала цудоўную магчымасць наведаць амаль усе музеі Масквы і Ленінграда. Менавіта з тых часоў у мяне засталася, лічу, добрая звычка кожны новы горад вывучаць пехатой. Я стараюся не карыстацца грамадскім транспартам, бо толькі падчас пешых прагулак можна атрымаць сапраўдную асалоду.”
Валянціна Леанідаўна прыйшла ў музей, калі справы там ішлі, мякка кажучы, не вельмі добра. Пачынала адна, не было нават тэхнічнага работніка. Паступова набіраўся штат супрацоўнікаў, і справа пайшла зусім па-іншаму, калі ў музеі з’явіўся Фёдар Канстанцінавіч Абрамчык. “Я заўсёды была надзвычай удзячна гэтаму чалавеку, — працягвае дырэктар, — які не толькі дапамог мне наладзіць музейную справу, але, самае галоўнае, пазнаёміў з вялікай колькасцю людзей — са-праўдных краязнаўцаў, якія былі ўлюбёны ў родныя мясціны і імкнуліся захаваць найбагацейшую гістарычную і культурную спадчыну Капыльшчыны.”
Значнай падзеяй для невялічкага калектыву стала перадача пад музейныя фонды ўсяго будынка (раней музей займаў толькі яго трэцюю частку). І адразу ўзнікла новая задача — афармленне экспазіцый. Распрацавалі навуковы праект, які быў высока ацэнены, паколькі пад яго рэалізацыю першымі ў вобласці атрымалі Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у памеры 3 тысячы долараў ЗША. “Для мяне гэта былі вельмі вялікія грошы, — успамінае Валянціна Шуракова. — Здавалася, што на іх мы зможам рэалізаваць усе свае задумкі”. Але рэчаіснасць аказалася больш празаічнай. Паводле каштарысу Мінскага мастацкага камбіната іх хапіла толькі на стварэнне палатна, якое расказвала б пра паданні Капыля. І Шуракова, пры падтрымцы начальніка аддзела культуры Я. В. Пацэйкі, а пасля і са згоды цяперашняга начальніка ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама А. Л. Акушэвіча, вырашае разарваць дамоўленасць з мастацкім камбінатам і рабіць экспазіцыю з тымі людзьмі, якія выканаюць неабходную справу хутка і самае галоўнае, танна. Над рэалізацыяй задуманага працавалі не толькі мастакі, але і ўсе супрацоўнікі музея — па суботах і нядзелях, да позняй ночы — і праз месяц адбылося адкрыццё першай экспазіцыі, якая расказвала пра далёкае мінулае нашага горада. Затым было “Мястэчка”, музей этнаграфіі і побыту ў в. Вялешына і мноства іншых здзейсненых планаў і задумак. Сярод апошніх — стварэнне “Зялёнага маршруту” на базе Семежаўскага сельскага Савета, як адукацыйная праграма для дарослых — праект “Нашы землякі” (аповед пра эмігрантаў, ура-джэнцаў Капыльшчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сусветнай культуры), дом-музей Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага, беларускі куток у г. Чэхаве Расійскай Федэрацыі, такі ж рыхтуецца і для горада-пабраціма Ёнішкіса з Літвы і інш.
У музеі заўсёды праходзяць цікавыя выстаўкі, яго супрацоўнікі шукаюць новыя формы работы. Вялікім попытам карыстаюцца музейныя ўрокі, а пра тое, якую папулярнасць набыў абрад “Апекуны шчасця” і гаварыць не даводзіцца. Ужо адно тое, што на бліжэйшыя выхадныя дні гэту паслугу захацелі скарыстаць сем пар маладажонаў, сведчыць пра многае. “Наша моладзь вельмі глыбока ўспрымае традыцыі, якія стагоддзямі жылі ў народзе, — упэўнена Валянціна Шуракова. — І гэта не проста даніна модзе. Усё тое, пра што мы расказваем, ім цікава, ім блізка і дорага.”
У музеі падабраўся сапраўдны калектыў аднадумцаў. “Я ім веру”, — гаворыць дырэктар. І для гэтага ёсць усе падставы. Сёння ў музеі каля 30 тысяч адзінак асноўнага фонду. Усё знаходзіцца ў поўным парадку. “Мае галоўныя памочнікі — Таццяна Варанцова і Андрэй Лятчэня, — працягвае В. Шуракова, — маюць вышэйшую адукацыю менавіта па музейнай справе. І я гэтым ганаруся, не кожны музей нашай вобласці можа такім пахваліцца. Да таго ж яны атрымалі міжнародныя дыпломы, закончыўшы Нясвіжскую летнюю школу па ахове помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пісалі курсавыя работы на мясцовым матэрыяле, абаранялі іх перад прадстаўнічай камісіяй у Варшаве.”
Аднак галоўным ініцыятарам усіх спраў была і застаецца Валянціна Леанідаўна. Яе няўрымслівасць, жаданне заўсёды мяняцца і мяняць усё навокал, ісці ў нагу з часам, па крупіцах збіраць багацце народнай спадчыны і далучаць да яго людзей міжволі прымушаюць яе падначаленых раўняцца на свайго лідара. Сведчаннем паспяховай працы калектыву сталі шматлікія ўзнагароды, павага і прызнанне як наведвальнікаў музея, так і калег.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии