“Слава працы” – адно са старэйшых у краіне дзяржаўных рэгіянальных выданняў. Гэта амаль бесперапынная сувязь з чытачамі на працягу 80 гадоў. А яшчэ “Слава працы”, як і кожная іншая арганізацыя, — гэта калектыў, людзі, якія працуюць для выдання газеты.
Нас 22 чалавекі, усіх разам, творчых і тэхнічных супрацоўнікаў, і толькі з васьмю чытачы сустракаюцца на старонках газеты. Дзве трэці калектыву знаходзіцца ў цяні, хоць робяць не менш важную справу… Сёння мы паспрабуем выправіць гэту несправядлівасць. Так бы мовіць, карыстаючыся момантам. Рэдкалегія прапанавала кожнаму супрацоўніку адказаць на адзінае пытанне: “Што для Вас азначае “Слава працы”? І такім чынам пазнаёміць з усім калектывам, які з’яўляецца адной вялікай духоўнай сям’ёй, што захоўвае сваю галоўную каштоўнасць – давер чытача.
ЗАЎСЁДЫ НА ВАСТРЫІ ПАДЗЕЙ
Падчас юбілею заўсёды прынята падводзіць рахункі здабыткам, вяртацца ў мінулае і задумвацца пра будучае. 80 гадоў газеце. Гэта многа ці мала? Юбілейнымі датамі для арганізацый рэкамендуецца лічыць 50 і 100 гадоў. Хачу не пагадзіцца наконт газеты, бо за гады свайго існавання яна стала сапраўднай энцыклапедыяй жыцця Капыльшчыны. А жыццёвыя юбілеі, як вядома, заканчваюцца на нуль ці лічбу пяць. Вось і для газеты трэба прымяняць такую шкалу.
Усе важныя, найбольш значныя падзеі эканамічнага, сацыяльна-культурнага і гістарычнага развіцця і нашага раёна, і ўсёй краіны знайшлі сваё адлюстраванне на старонках раёнкі. Падчас калектывізацыі “Калгаснік Капыльшчыны” дапамагаў арганізоўваць калектыўныя гаспадаркі, у грозныя гады вайны газета-партызанка заклікала на барацьбу з ворагам, праўдзівым палымяным словам уносіла свой уклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. Важная прапагандысцкая роля належала газеце ў пасляваенны час аднаўлення народнай гаспадаркі, мірнага будаўніцтва. Дзякуючы раёнцы жыхары Капыльшчыны атрымлівалі патрэбную інфармацыю на ўсіх этапах развіцця і станаўлення галін народнай гаспадаркі.
Сёння “Слава працы” з’яўляецца самым масавым перыядычным выданнем на Капыльшчыне. І нават калі параўноўваць тыраж у 11 тысяч экзэмпляраў у 70-я гады з цяперашнім, то атрымліваецца, што нягледзячы на развіццё тэлебачання, радыё, Сусветнай павуціны газета займае вядучае месца на інфармацыйнай прасторы. 5 тыс. – гэта значыць адзін экзэмпляр газеты прыходзіцца менш чым на 7 жыхароў раёна. Параўнайце колькасць насельніцтва ў раёне ў той час і зараз (1970 год – 63,5 тыс., 2010 год – 32,6 тыс.).
Бадай, няма такой тэмы, якая б не была адлюстравана журналістамі і нашымі актыўнымі няштатнымі памочнікамі: пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, захаванне духоўнай спадчыны, непарыўнасць пакаленняў, патрыятычнае выхаванне, маральна-духоўнае і фізічнае развіццё чалавека, яго шчырая і самаадданая праца. З дапамогай саміх чытачоў мы расказваем пра жыццё Капыльшчыны і яе людзей. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца тэматычныя старонкі: “Сям’я”, “Капыльская радзімая зямля”, “Моладзь і час”, “Свет лампады”, “Міліцэйскі веснік”, “Вясковая раніца”. У газеты шмат сяброў і прыхільнікаў. Радуе, што яе чытаюць не толькі людзі сярэдняга і сталага ўзросту, але і моладзь. Газета дала пуцёўку ў журналістыку многім выпускнікам школ Капыльшчыны, для якіх яе старонкі сталі першай прыступкай да нялёгкай, але такой цікавай прафесіі.
У эпоху Інтэрнэта, калі ў кожнага выдання ёсць электронная версія, чуваць думкі, што друкаваныя СМІ наогул знікнуць. Аднак цяперашні стабільны тыраж дазваляе гаварыць аб тым, што газета цвёрда стаіць на нагах, мае шырокую чытацкую аўдыторыю, а мы сваёй працай стараемся яе захаваць і пашырыць. Пагартайце падшыўкі апошніх гадоў і вы ўпэўніцеся, што калектыў не стаіць на месцы, знаходзіцца ў пастаянным пошуку: мяняецца фармат, афармленне, напаўняльнасць газеты. Журналісты ў пастаянным творчым пошуку новых ідэй і праектаў, стараючыся заўсёды быць на вастрыні падзей.
За 80 гадоў свайго існавання ёй удалося заваяваць аўтарытэт і прызнанне ў чытачоў, стаць ім верным спадарожнікам і дарадчыкам, надзейнай і пастаяннай крыніцай інфармавання.
А для мяне “Слава працы” – гэта ўсё маё свядомае жыццё, пачынаючы з далёкага 1973 года з пяцігадовым перапынкам на вучобу ў Белдзяржуніверсітэце. Апошні дзесятак гадоў на паса- дзе кіраўніка.
Юбілей нашай газеты – гэта як сямейная ўрачыстасць, на якую сабраліся толькі самыя блізкія: мы – тыя, хто робіць газету і вы – нашы паважаныя чытачы.
Шчыра віншую ўсіх сваіх калег, былых супрацоўнікаў рэдакцыі і друкарні, няштатных аўтараў і ўсіх, хто чытае і любіць газету з 80-годдзем нашай любімай раёнкі. Жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, невычэрпнага натхнення і творчага аптымізму. З юбі- леем цябе, “Слава працы”! Даўгалецця, працвітання, як мага больш чытачоў і падпісчыкаў.
Таццяна РАІЦКАЯ,
галоўны рэдактар газеты
Комментарии