Сухое і цёплае надвор’е, якое назіралася ў канцы верасня - пачатку кастрычніка, спрыяла развіццю пустазелля і збожжавых шкоднікаў. Таму на пачатковых этапах развіцця руні неабходна ачысціць палі ад непажаданых акалічнасцей. Дасягаецца гэта шляхам выканання комплексу арга-нізацыйных і агратэхнічных мерапрыемстваў, каб стварыць аптымальныя ўмовы для росту і развіцця азімых збожжавых культур.

У РСУП “Бабоўня” азімая сяўба фактычна падходзіць да завяршэння. Ужо пасеяна 630 га пшаніцы (гатункаў “багатка” і “сюіта”), 332 га рапсу (“прагрэс”), 300 га трыцікале (“гранада”, “кастусь”), 60 га жыта на зялёны корм. Для дасягнення больш высокага ўраджаю сяўба вядзецца з улікам папярэднікаў.
– Пад пшаніцу падрыхтавалі палі, якія займалі азімы рапс, шматгадовыя травы, цукровыя буракі, – тлумачыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віталь Юха. – Пад трыцікале занялі плошчы з-пад кукурузы, аднагадовых траў. Немалаважны фактар яшчэ – падрыхтоўка глебы. Таму правялі ўнясенне фосфарных і калійных угнаенняў. Таксама на плошчы каля 600 га ўнеслі гліфасаты пад будучы ўра-джай. У дадатак, з-за сухога надвор’я непасрэдна перад сяўбой правялі апрацоўку глебы АКШ. Увогуле, таму, што сёлета мы атрымалі ўраджай збожжавых прыкладна на 6 ц/га большы, чым у мінулым годзе, у многім паспрыяў належны догляд пасеваў.

Цяпер сельгаспрадпрыемства вядзе хімапрацоўку азімых з выкарыстаннем прэпаратаў “тамерон”, “лазурыт супер”, “легата плюс” і “гром”. Непадалёку ад вёскі Лоцвіны апрацоўку густых пасеваў азімых з дапамогай апырсквальніка “Rall” вёў вопытны механізатар Мікалай Шахоўскі. Агрэгат з захватам 18 метраў дазваляе хутка правесці хімапрацоўку. За выкананнем агратэхнічнага прыёму пільна сачыў аграном-аграхімік Андрэй Гаўрук - бывае, дзесьці дапамагчы ці падкарэкціраваць работу меха-нізатара трэба. Тут жа свайго часу чакаў Уладзімір Хмялеўскі, які вядзе запраўку апырсквальніка.
У гаспадарцы ідуць работы па ўзняцці зябліва, уборцы кукурузы на зерне і цукровых буракоў. Але асаблівая ўвага – азімым, таму што будучы ўраджай ствараецца сёння.
НА ЗДЫМКУ: 1. А. Гаўрук, М. Шахоўскі, У. Хмялеўскі падчас запраўкі апырсквальніка; 2. Ідзе апрацоўка азімых;
Тэкст і фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии