Вы хочаце атрымаць вышэйшую медыцынскую адукацыю і стаць сапраўдным высокакваліфікаваным урачом? Вы нераўнадушныя да болю і пакут людзей, хочаце зрабіць справай свайго жыцця барацьбу супраць хвароб? Тады станьце абітурыентам аднаго з медыцынскіх універсітэтаў і прайдзіце конкурс на ўмовах мэтавай падрыхтоукі.
Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь зацверджаны кантрольныя лічбы прыёму абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў вышэйшыя медыцынскія ўстановы адукацыі Беларусі ў 2010 годзе. Гэта такія дзяржаўныя медыцынскія універсітэты, як Беларускі (у г. Мінску), Віцебскі, Гродзенскі і Гомельскі.
Так, найбольшая колькасць студэнтаў будзе залічана на лячэбныя факультэты названых устаноў для навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі —110 чалавек, на педыятрычныя факультэты – 30, стаматалагічны факультэт – 7, медыка-прафілактычны і медыка-псіхалагічны — па 4, медыка-дыягнастычны – 9, фармацэўтычны (для работы ў арганізацыях аховы здароўя) – 2. Як правіла, залічэнне на мэтавыя месцы праводзіцца на конкурснай аснове.
На мэтавыя месцы прымаюцца абітурыенты, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і населеных пунктах да 20 000 чалавек (абітурыент павінен закончыць школу і пражываць у пералічаных населеных пунктах не менш за два гады).
Афармленне дагавораў на мэтавую падрыхтоўку будзе ажыццяўляцца ў аддзеле падрыхтоўкі і выкарыстання кадраў Упраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама пасля 10 чэрвеня 2010 года па адрасе: г. Мінск, вуліца Энгельса, 4, кабінет № 524, штодзённа з 9.00 да 16.00 (абед з 13.00 да 14.00).
Абітурыенты павінны мець пры сабе пашпарт, атэстат аб сярэдняй адукацыі, копію атэстата, даведку з месца жыхарства аб пражыванні не менш за два гады ў сельскім населеным пункце ці населеным пункце з колькасцю насельніцтва да 20 000 чалавек. З непаўналетнімі абітурыентамі дагавор на мэтавую падрыхтоўку афармляецца ў прысутнасці аднаго з бацькоў і пры наяўнасці дакументаў, што сведчаць асобу бацькоў.
Казімір КУХАРЧЫК,
начальнік аддзела кадраў установы аховы здароўя «Капыльская ЦРБ».
Комментарии