Штогод 22 лістапада ў філіяле «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» праводзяць дзень ушанавання памяці Кузьмы Чорнага – беларускага пісьменніка, класіка, празаіка, публіцыста, перакладчыка, драматурга, крытыка і стваральніка першага беларускага рамана.
Кожны год выбіраецца новая тэма. І ў гэты раз была падрыхтавана літаратурна-музычная імпрэза пад назвай «Чытаючы Чорнага».
Больш падрабязна аб праведзеным мерапрыемстве расказала загадчык філіяла Людміла Ніжэвіч – чалавек, цалкам прасякнуты сваёй працай. пра кожны момант жыцця беларускага пісьменніка яна расказвае з захапленнем.
– Людміла Іосіфаўна, раскажыце, каго вы запрашалі на мерапрыемства?
– Музей цесна супрацоўнічае з усімі школамі Капыльскага і суседніх раёнаў. Таму на многіх мерапрыемствах, якія праходзяць у музеі, прысутнічаюць вучні, таксама мясцовыя жыхары з задавальненнем наведваюць наш музей. Ну і, канешне, у дзень ушанавання памяці пісьменніка да нас завітала шмат гасцей: вучні Навасёлкаўскага ВПК д/с-БШ і жыхары аграгарадка Цімкавічы.
[caption id="attachment_108849" align="aligncenter" width="840"]
■ Людміла Ніжэвіч[/caption]
– Ці рыхтаваліся Вы да правядзення мерапрыемства загадзя?
– Творы Кузьмы Чорнага вельмі ўражваюць. Іх хочацца намаляваць. Таму напярэдадні быў праве-дзены музейна-педагагічны занятак для навучэнцаў Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў «Мне захацелася намаляваць», на якім я чытала творы, а дзеці малявалі тое, што іх больш за ўсё ўразіла, што хацелася перадаць на паперы. Усе мастацкія работы атрымаліся вельмі цікавымі, і ў музеі падчас літаратурна-музычнай імпрэзы адбылася прэзентацыя выставы гэтых малюнкаў.
Таксама творы Кузьмы Чорнага выклікаюць у кожнага розныя эмоцыі – радасць, задуменнасць, смутак, суперажыванне, якія хочацца сфатаграфаваць. Фотаздымкі былі аб’яднаны ў цыкл «Чытаючы Чорнага» і размешчаны ў сацыяльных сетках Аднакласнікі, Фэйсбук, Інстаграм, Укантакце на старонцы «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» на працягу трох месяцаў. А ў час правядзення мерапрыемства прайшла прэзентацыя гэтых фотаздымкаў.
Удзельнікамі тэатральнай студыі «Іскрынка», якая працуе пры музеі з 1997 года, былі падрыхтаваны сцэнічна-біяграфічныя замалёўкі з жыцця класіка паводле нарысаў Сцяпана Александровіча. Увазе гледачоў былі прадстаўлены дзве замалёўкі «Гаючая вада» і «З дзедам у Скіп’ёва», якія вельмі добра выканалі старшы майстар вытворчага ўчастка «Клецкі камбікормавы завод» Валерый Булат і вучні 5 класа Цімкавіцкай СШ Сафія Калеснікава, Арцём Палавінкін і Сямён Дрозд.
[caption id="attachment_108835" align="aligncenter" width="840"]
■ Сцэнічна-біяграфічная замалёўка «З дзедам у Скіп’ёва»[/caption]
– Раскажыце больш падрабязна, як праходзіла мерапрыемства?
– Музей заўжды супрацоўнічае з Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай, таму ў дзень правядзення літаратурна-музычнай імпрэзы вядучай была Вольга Радкевіч.
Кузьма Чорны вельмі любіў музыку, умеў спяваць, іграў на шматлікіх музычных інструментах. І каб мерапрыемству надаць адпаведны настрой, была запрошана настаўніца па класе цымбалаў Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Вераніка Зянько, якая выканала беларускую народную песню «Янка», а таксама праспявала песню «Куточак Беларусі». Былы мастацкі кіраўнік Цімкавіцкага дома культуры Ксенія Валошына акапэльна выканала песню «Мой родны кут», чым усіх уразіла. Верш Кузьмы Чорнага «Роднае поле» напамяць прачытаў вучань 4 класа Яраслаў Валошын.
[caption id="attachment_108848" align="aligncenter" width="600"]
■ Ксенія Валошына[/caption]
– А што Вы лічыце самым цікавым на імпрэзе?
– Музей жыве, калі ён папаўняецца экспанатамі. І якім здзіўленнем было для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства ўбачыць упершыню два новыя экспанаты. Гэта ліст Кузьмы Чорнага і паштоўка, адрасаваныя ў вёску Цімкавічы да сваёй роднай сястры Марыі Карлаўны. Яны напісаны ў далёкім 1944 годзе. Важна і тое, што пра гэтую паштоўку пісьменнік напісаў 2 ліпеня: «Учора паслаў у Цімкавічы паштоўку, хоць там, можа, яшчэ і немцы. Але пакуль паштоўка туды падпаўзе, то, напэўна, ужо берлінскага гадаўя не будзе».

Экспанаты перадаў музею былы дырэктар Слуцкай гімназіі Мікалай Іванавіч Хілько, якому ў свой час даравала паштоўку і ліст сястра Кузьмы Чорнага Марыя Карлаўна Раманоўская, якая жыла ў Слуцку і сябравала з ім. Хочацца адзначыць і тое, што, нягледзячы на цэннасць гэтых рэчаў, Мікалай Хілько ні на хвіліну не засумняваўся ў перадачы іх у музей беларускага класіка. Таму, паважаныя чытачы, калі ў каго-небудзь ёсць рэчы, звязаныя з жыццём і творчасцю Кузьмы Чорнага, перадавайце іх у музей. супрацоўнікі будуць вельмі вам удзячны.
Творчы шлях Кузьмы Чорнага быў кароткім і складаным. Усяго за два дзесяцігоддзі ён прайшоў шлях ад пісьменніка-пачаткоўца да празаіка еўрапейскага маштабу. І калі сёння нашу літаратуру ведаюць у свеце, у гэтым ёсць і яго заслуга.
Наталля Давыдзенка
Комментарии