У хуткасці рэдактара Мікалая Канстанцінавіча Дарашэвіча па рэкамендацыі ЦК КПБ перавялі ў Баранавічы для арганізацыі работы новай рэдакцыі. Рэдакцыю раёнкі з 1945 па 1946 год узначальвае Адам Іосіфавіч Рымашэўскі. Дарашэвіч праз год вернецца на старое месца працы, а Рымашэўскі ўзначаліць палітаддзелаўскую газету Клецкай МТС, якая была адначасова і раённай.
Раёнка асвятляе не толькі тэму адраджэння і будаўніцтва вёсак, але і прапагандуе мецэнацтва, расказвае аб людзях, якія аказваюць дапамогу дзецям-сіротам з дзіцячых дамоў імя Матросава ў Какорычах і “Чырвоная змена” ў Сінячове. Селькор Захарэвіч паведамляе ў студзеньскім выпуску за 1945 год, што камсамольцы Капыльскай арцелі “Новы шлях” разам з членамі Чырвонага крыжа сабралі і паслалі дзецям-сіротам шмат прадуктаў: мяса, муку, крупы, фасолю і іншыя. Гэты ж аўтар паведамляе, што ў Капылі зманціраваны новы радыёвузел. Інфармуюць палосы газеты пра аднаўленне Цімкавіцкай МТС. Адбудоўваюцца майстэрні, абгароджваюцца тэрыторыі і абсаджваюцца фруктовымі і дэкаратыўнымі дрэвамі, пабудавалі клуб — і адразу заявіла аб сабе самадзейнасць. Знікаюць руіны ў Ванелевічах, Доктаравічах, Бабоўні. Журналісты, абапіраючыся на селькораў, друкаваным словам ушаноўваюць працавітых і ініцыятыўных вяскоўцаў. Людзі чытаюць і даведваюцца пра ўмельцаў будаўнічай і механізатарскай справы: “А чаму мне не быць такім, хіба я горшы, буду вучыцца ў перадавікоў”, — гаворыць адзін з аўтараў. “Не апускай рукі, — піша раёнка. – Запрацуюць заводы, будзе лепш, а пакуль бярыце прыклад з цімкаўцоў. Не было трактароў, дык Навум Браткоўскі разам з трактарыстамі Васілём Лобанам, Міхаілам Пешкурам і механікам Подчаркавым з параскіданых частак трафейных машын сабралі 9 адзінак трактароў. Гэты вопыт падхапілі іншыя механізатары ў Чыжэвічах, Забалацці”.
Газета прапагандавала вопыт брыгадзіра трактарнай брыгады Капыльскай МТС дэпутата Вярхоўнага Савета СССР Аляксандра Козела, механізатары якога падымалі па 2 нормы ворыва на 15-сільным трактары.
Раёнка друкуе матэрыялы селькораў пра школьнае жыццё, асвятляе пытанні культуры, крытыкуе гультаёў, а таксама паведамляе пра міжнароднае жыццё, пастановы партыі і ўрада. І гэта ўсё на двухпалосным фармаце.
Гартаючы падшыўкі, заўважаеш змяненні ў 1952 годзе. Рэдактар Дарашэвіч едзе на вучобу ў партшколу, а яго на гэты час замяняе інструктар райкама партыі Міхаіл Сямёнавіч Корзун. А замест былога сакратара Макара Піменавіча Бумажкова на сакратарскую пасаду запрашаецца актыўны няштатны карэспандэнт райгазеты Віктар Адамавіч Семянкевіч. З яго прыходам мяняецца стыль газеты. Цікавыя падборкі матэрыялаў і рубрыкі, трапныя загалоўкі прыцягваюць увагу чытача.
Жыць становіцца лепш, ужо не пужаюць чорныя каміны на папялішчах, акопы і варонкі ад бомбаў, раён аднавіўся і ўваходзіць у лік лепшых у рэспубліцы. Раёнка апісвае, як у новых клубах і Дамах культуры ставяць п’есы “Несцерка” Вольскага ці “Ганка” Галубка і шмат пахвальных артыкулаў адрасуюць цімкавіцкім артыстам і іх рэжысёру Зінаідзе Іосіфаўне Раманенка. Заяўляюць пра сябе на старонках друку і Капыльскія дудары (Астрэйкі).
Праз год прыязджае з вучобы Мікалай Канстанцінавіч Дарашэвіч, і Корзун вяртаецца на працу ў райкам партыі. Міхаіл Сямёнавіч, выхаванец героя французскага супраціўлення Кажамякіна і Васіля Корнева, з удзячнасцю будзе ўспамінаць на старонках газеты пра сваіх настаўнікаў, якія запалілі ў яго душы любоў да мастацкага слова, і, дзе б ён затым не працаваў – намеснікам дырэктара Цімка- віцкай МТС, старшынёй калгаса ці начальнікам аддзялення паштовай сувязі ў Пацейках – былы рэдактар дасылае ў любімую “калгасніцу”, а затым “Слава працы” артыкулы, нарысы і навіны аб падзеях з жыцця вёскі. Цікава, што першыя селькоры газеты Аляксандр Кандыбовіч і Іван Сыцік не забываюць інфармаваць чытачоў пра змены ў людскім асяроддзі. Аўтары таксама крытыкуюць недахопы і тым самым падштурхоўваюць гаспадарнікаў хутчэй выпраўляць іх. Па майскім артыкуле 1954 года “Калі недаацэньваюць спаборніцтва” ў райкаме быў абмеркаваны стан спраў у Цімкавіцкай МТС. У прынятай пастанове адзначана, што газета правільна пакрытыкавала кіраўніцтва станцыі за дрэнную работу агіткалектыву, які амаль не арганізуе сацыялістычнае спаборніцтва сярод механізатараў. Не абагульняецца вопыт перадавікоў.
У чэрвені 1954 года раённая сесія народных дэпутатаў вызваліла ад абавязкаў загадчыка раённага аддзела культуры Ганну Адамаўну Чупахіну і зацвердзіла на гэту пасаду Мікалая Канстанцінавіча Дарашэвіча.
Калектыў рэдакцыі ўзначаліў Д. М. Хількевіч. Пабольшаў фармат газеты, яна стала выходзіць на чатырох старонках. Пры Хількевічы адказным сакратаром застаўся Віктар Адамавіч Семянкевіч, былі прыняты на працу намеснікам рэдактара Вікенцій Вікенцьевіч Астапковіч, загадчыкам сельгасаддзела Віктар Фёдаравіч Фалевіч, загадчыкам аддзела пісем Усевалад Канстанцінавіч Гурыновіч, карэспандэнтамі альбо літработнікамі сталі Мікалай Дзянісавіч Жгун і Іван Іосіфавіч Кулеш, а Ганна Мамчыц – карэктарам. З такім творчым калектывам можна было многага дасягнуць. Журналісты пешшу абышлі кожную вёсачку Капыльшчыны, каб парадаваць чытача цікавымі карэспандэнцыямі і замалёўкамі аб працоўных.
Газета запоўнена заклікамі ЦК КПСС, рознымі пастановамі і рашэннямі, таму, можа, ад гэтага не так часта выпускаюцца літаратурныя старонкі, а цікавасць да іх з кожным днём расце. З’явіліся нават фотаздымкі, якія дасылае ў рэдакцыю БелТА. Друкуюцца матэрыялы пра пісьменнікаў-землякоў. Часцей сталі праводзіцца нарады з селькорамі і рэдактарамі насценных газет, пра адну з іх газета расказвае ў 80-м нумары за 1954 год. На ёй прысутнічалі нават кіруючыя работнікі райкама партыі. Першым узяў слова рэдактар газеты “Калгаснік Капыльшчыны” Хількевіч, які завастрыў увагу памочнікаў друку на паспяховым выкананні пастаўленых задач. Вялікая роля ў гэтым належыць нізавому друку – насценкам. Яны павінны заклікаць сельгасвытворцаў шырэй прымяняць вопыт перадавікоў, каб лепш праводзіць усе сельгасработы, рашуча асвятляць і ўхіляць недахопы на розных участках работы.
Іван ІГНАТЧЫК
Комментарии