Падзеі Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны пакінулі запамінальны след не толькі ў гісторыі, але і на… вуліцах нашага гарадка. Назвы некаторых з іх звязаны з падзеямі таго часу і зараз нагадваюць нам пра цікавыя моманты, пра жыццё нашых знакамітых землякоў.
Вуліца Партызанская
Гэта цэнтральная вуліца Капыля на першы погляд здаецца, што яе так назвалі ў гонар па-дзей Вялікай Айчыннай вайны. Але на самай справе назвай сваёй яна абавязана гераічнаму эпізоду менавіта часоў грама-дзянскай вайны. Так напісана ў адным з нумароў «СП» за 1967 год.
[caption id="attachment_108034" align="aligncenter" width="840"]
▪ Вось такі выгляд мела вуліца Партызанская ў 1959 годзе[/caption]
…Кастрычніцкая рэвалюцыя ў корані змяніла жыццё людзей, але хутка пачалася грамадзянская вайна. Нямецкія і польскія легіёны тапталі беларускую зямлю. Толькі ўпэўненасць у тым, што акупацыя ненадоўга, што хутка захопнікаў прагоняць з роднай зямлі, надавала сілы людзям.
З хуткасцю маланкі пранеслася аднойчы чутка, што польскія войскі рухаюцца са Слуцка на Капыль. Яны знішчаюць на сваім шляху ўсё, што ім трапляецца.
Дружна ўзняліся на абарону заваёў Савецкай улады жыхары Капыльшчыны. Па закліку падпольнай партыйнай арганізацыі былыя франтавікі, частка якіх была з сякерамі і сахарамі (віламі), накіраваліся на ўскраіну Капыля да каталіцкіх могілак. За каменным парканам пад камандаваннем Аляксея Васільевіча Гурло і настаўніка Міхаіла Цімафеевіча Хмялеўскага партызаны залеглі ў засаду.
[caption id="attachment_108035" align="aligncenter" width="840"]
▪ А так яна выглядае зараз[/caption]
Разведка польскага войска мінула могілкі, па бруку затарабанілі падводы з правіянтам. І раптам з засады выскачылі партызаны. У момант былі раззброены заваявацелі, захоплены іх абоз. Партызаны далі слова не пусціць заваёўнікаў у Капыль. І яны яго стрымалі. Неўзабаве надышлі часці Чырвонай Арміі, першыя гарматныя залпы ўдарылі наперарэз адступаючым палякам.
Легіянеры кінуліся праз Шастакі ў бок Нясвіжа, але і тут натрапілі на засаду чырвонаармейцаў і партызан. Адбылася крывавая бойка. А былая вуліца Татарскі Лог, на якой партызаны грамадзянскай вайны вялі баі з польскімі заваёўнікамі, атрымала назву Партызанскай вуліцы.
Вуліцы Жылуновіча і Цішкі Гартнага
Адразу дзве вуліцы райцэнтра носяць імя нашага знакамітага земляка, капыляніна Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага) – першага старшыні часовага беларускага ўрада, пісьменніка, публіцыста, аўтара Маніфеста аб абвяшчэнні БССР.
Адна з іх завецца Жылуновіча і вядзе да аўтастанцыі. Раней гэта вуліца называлася Карла Маркса – у гонар вядомага рэвалюцыйнага дзеяча. А да кастрычніцкіх падзей 1917 года гэта была вуліца Пясоцкая, якая лічылася самай працяглай і заселенай. Сваёй значнасцю яна абавязана таму, што вяла да Пясочнага, дзе знаходзіліся водныя гандлёвыя шляхі.
Другая знаходзіцца за гарадской кацельняй № 1 і называецца вуліца Цішкі Гартнага.
[caption id="attachment_108033" align="aligncenter" width="650"]
▪ Помнік каля хаты, дзе жыў З. Жылуновіч[/caption]
Зміцер Жылуновіч ухвалявана вітаў Кастрычніцкую рэвалюцыю, якая вызначыла новы этап у жыцці. Ён усяго сябе аддаваў справе служэння народу, абараняў заваёвы Кастрычніка на франтах і палымяным словам пісьменніка ўзнімаў працоўны люд на барацьбу за новы лад. 1 студзеня 1919 года Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў «Маніхвэст», у якім абвяшчалася аб стварэнні БССР. Аўтарам знакавага дакумента і кіраўніком першага беларускага ўрада быў ураджэнец Капыля Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) – паэт і празаік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, акадэмік АН БССР. Менавіта ў першыя гады Савецкай улады партыя камуністаў высока ацаніла дзейнасць нашага земляка. І ён, бадай, быў самы аўтарытэтны ў Беларусі. Але з цягам часу многія, каму ён дапамог знайсці сваё месца ў жыцці, абрынулі на песняра рэвалюцыі горы паклёпу. Дзякуючы такім нядобразычліўцам ён спачатку быў арыштаваны, а потым і загінуў 1 красавіка 1937 года.
[caption id="attachment_108031" align="aligncenter" width="840"]
▪ Час амаль не закрануў вуліцу Жылуновіча[/caption]
Вуліца Камсамольская
На гэтай вуліцы, якая раней звалася Дубніцкай, а цяпер Камсамольская, нібы сустракаюцца сучаснасць і мінулае: драўляныя хаткі, будынкі РАУС і часці РАНС, шматпавярховыя дамы і нават школа.
[caption id="attachment_108030" align="aligncenter" width="840"]
▪ Вуліца Камсамольская: мінулае і сучаснае побач[/caption]
У дваццатыя гады ХХ стагоддзя на вуліцы Дубніцкай было шмат юнакоў і дзяўчат. Яны жылі адзінай, дружнай сям’ёй. Ініцыятарам карысных спраў быў энергічны юнак Мікалай Чарнушэвіч, таму яго і выбралі сакратаром камсамольскай ячэйкі. Члены ВЛКСМ змагаліся з перажыткамі мінулага, праводзілі цікавыя вечары, арганізавалі гурток мастацкай самадзейнасці.
[caption id="attachment_108032" align="aligncenter" width="217"]
▪ Мікола Хведаровіч[/caption]
На вуліцы тады налічвалася 23 камсамольцы. Усе яны актыўна змагаліся за новае жыццё і светлае будучае. Вось чаму вуліцу назвалі Камсамольскай. А сакратар камсамольскай ячэйкі Мікалай Чарнушэвіч праз пэўны час стаў вядомым беларускім пісьменнікам Мікалаем Фёдаравічам Хведаровічам, які пазней неаднойчы прыязджаў у Капыль да сваіх старых сяброў.
Вуліца Багдановіча
Адразу можа здацца, што гэта вуліца названа ў гонар вядомага беларускага паэта – Максіма Багдановіча. Аднак гэта не так. Вуліца і на самай справе носіць імя Багдановіча – але Іосіфа Багдановіча, які нарадзіўся ў в. Старына ў 1898 годзе. Ён уваходзіў у Слуцкі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў у далёкім 1917 г., меў пачатковую адукацыю. Пасля рэвалюцыі быў калгаснікам, але арыштаваны 24 жніўня 1937 г. і асуджаны 26 катрычніка 1937 г. як польскі шпіён на 10 гадоў. Адбываў у «БАМлаг», верагодна, у Амурскай вобласці.
[caption id="attachment_108029" align="aligncenter" width="217"]
▪ Іосіф Багдановіч[/caption]
На адным з трохпавярховых дамоў па вуліцы, што носіць імя героя рэвалюцыі, знаходзіцца мемарыяльная дошка ў яго гонар.
[caption id="attachment_108028" align="aligncenter" width="840"]
▪ На адным з дамоў па вул. Багдановіча знаходзіцца мемарыяльная дошка[/caption]
Вуліца Гурло
Гэта вуліца, якая знаходзіцца амаль на самым ускрайку райцэнтра, сваё імя атрымала ў гонар вядомага літаратара, даследчыка і рэвалюцыянера Алеся Гурло, які ў кастрычніку 1917 года нават штурмаваў Зімні палац. Ён займаў актыўную жыццёвую і палітычную пазіцыю, таму прымаў удзел у выданні рукапісных часопісаў «Заря», «Голос низа», «Вольная думка», што выходзілі ў Капылі ў 1910-1911 гг. Затым у 1912 г. з дапамогай Цішкі Гартнага ўладкаваўся на работу на ліцейны завод «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу.
[caption id="attachment_108026" align="aligncenter" width="217"]
▪ Алесь Гурло[/caption]
З 1914 г. служыў на Балтыйскім флоце — матросам на крэйсеры «Богатырь», а ў Першую сусветную вайну — унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забияка». Удзельнічаў у Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях і Грамадзянскай вайне. У канцы 1921 года Аляксей прыняў афіцыйнае запрашэнне ўрада Беларусі аб пераездзе на сталую літаратурную работу ў сваю рэспубліку. 3 гэтага часу і да апошніх дзён жыцця Алесь Гурло аддаў ўсяго сябе той вялікай справе, якую распачаў беларускі народ, атрымаўшы дзяржаўнасць.
[caption id="attachment_108024" align="aligncenter" width="840"]
▪ Вуліца, названая ў гонар рэвалюцыйнага дзеяча[/caption]
Ён працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а ў апошнія гады жыцця — у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР у слоўнікавай камісіі. У 1930 годзе быў арыштаваны разам з вялікай групай навуковых і творчых работнікаў. Алесь Гурло свае пяць гадоў ссылкі адбываў у Самары. Ён вярнуўся дадому, у Мінск, дзе і памёр ад сухотаў 4 лютага 1938 года. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года.
Вуліца імя 50 год БССР
Бясспрэчна: за гады Савецкай улады аблічча Капыля значна змянілася. У тым ліку і яго паўднёвая ўскраіна.
У 60-х гадах ХХ стагоддзя там бесперапынна чуўся гул матораў, рокат трактароў, бо на месцы былога поля будаўнікі механізаванай перасоўнай калоны № 11 будавалі новую прыгожую вуліцу, на якой ўзняліся светлыя будынкі дамоў.
[caption id="attachment_108025" align="aligncenter" width="840"]
▪ Двухпавярховые дамы па вул. 50 год БССР[/caption]
У гонар слаўнага юбілею рэспублікі і Кампартыі Беларусі, якую святкавалі ў 1967 годзе, рашэннем райвыканкама гэтай вуліцы прысвоена імя 50 год БССР.
Пра Савецкую, Пралетарскую і Кастрычніцкую
Ёсць у Капылі вуліцы, на чые назвы таксама паўплывалі падзеі Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адна з іх –
Савецкая. Раней яна насіла назву Нясвіжская і ўказвала напрамак, па якім капыляне рухаліся ў суседні горад. Гэта была другая па велічыні вуліца. Але з цягам часу была перайменавана ў Савецкую.
Сваё імя вуліца
Пралетарская атрымала ў гонар рабочых, той самай асноўнай сілы, якая і здзейсніла рэвалюцыю. А раней яна насіла назву Задні Роў.
Адна з маладзейшых вуліц –
Кастрычніцкая – з’явілася ў другой палове ХХ стагоддзя. Зараз там, як і раней, стаяць утульныя аднапавярховыя хаткі. Сваё месца тут знайшоў і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
[caption id="attachment_108036" align="aligncenter" width="840"]
▪ Аднапавярховыя хаты па в. Кастрычніцкай цяпер...[/caption]
[caption id="attachment_108023" align="aligncenter" width="840"]
▪ ... і ў 1967 годзе[/caption]
Паважаныя чытачы, калі ў вас захаваліся фотаздымкі вуліц нашага горада, дасылайце або прыносьце ў рэдакцыю. Разам з вамі мы зробім цікавыя матэрыялы.
Праект падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии