Пасля працяглага перапынку аднавіла сваю работу аптэка, размешчаная ў Цэнтральнай раённай бальніцы. Калі раней гэта быў звычайны кіёск на другім паверсе старога будынка, то цяпер – асобнае, зручнае для кліентаў памяшканне. Знайсці яго даволі проста: калі зайсці ва ўнутраны дворык ЦРБ, то можна заўважыць каляровую шыльду з адпаведным надпісам. Рэжым работы аптэкі – з 8 раніцы да паловы пятага вечара (з 12.00 да 12.30 – перапынак). І майце на ўвазе, што субота і нядзеля – выхадныя дні.
Як паведаміла галоўны ўрач УАЗ “Капыльская ЦРБ” Ірына Гулевіч, рамонт памяшкання праводзіўся ўласнымі сіламі. Значна пашырылася плошча аптэкі, што дазволіла павялічыць асартымент медыкаментаў, стварыць умовы для іх захоўвання. Цяпер наведвальнікі могуць атрымаць тут лекі і па льготных рэцэптах, а для людзей сталага ўзросту ёсць магчымасць прысесці ў зале і адпачыць. У будучым плануецца ўключыць у продаж акуляры, аправы, лінзы. Усё - для зручнасці кліентаў.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
На здымку: у новым павільёне аптэкі.
Фота аўтара
Комментарии