Капыльскія майстрыхі адрадзілі вясельны строй Капыльшчыны і прадставілі яго на выставе ўбораў і фатаграфій Міншчыны да 60-х гадоў ХХ стагоддзя ў абласной бібліятэцы імя Пушкіна.
Цэнтральнае месца на ёй адведзена таксама рэканструяванаму вясельнаму строю маладых Капыльшчыны. Калі браць час да 50-х гадоў мінулага стагоддзя, то можна адзначыць, што вясельны касцюм Капыльшчыны — гэта тканае адзенне, якое вызначалася разнастайнасцю і багаццем арнаментальных форм у вышыўцы і ткацтве. І ўжо пасля 50-х гадоў — шытае з крамнай тканіны. Прыклад таму — вясельны мужчынскі і жаночы касцюмы сярэдзіны 50-х гадоў ХХ стагоддзя.
— Вясельная сукенка маладой адноўлена майстрам народнага клуба «Скарбонка» Бернардай Леаненка па фотаздымках пачатку і канца 50-х гадоў з вёсак Нізкавічы, Блеўчыцы, Доктаравічы, Ванелевічы, Дзярэчына, Семежава, Вужа, — тлумачыць загадчык раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло. — Каб яе стварыць, спачатку правялі сапраўднае даследаванне, даведаліся, як праводзілі вяселле і якія былі асноўныя атрыбуты абраду.
Прадстаўлены на выставе вянок з вэлюмам створаны па фотаздымку 1957 года з в. Нізкавічы. Менавіта вянок з’яўляецца адметнасцю галаўнога ўбора, ў які, акрамя васкавых папяровых кветак белага колеру, ўпляталася зеляніна (ельнік, альбо лісточкі «бярвінка»), бо лічылася сімвалам доўгага кахання і шчаслівай долі. Вэлюм з марлі даўжынёй тры метры абкручваўся вакол шыі.
Сукенка ж белага колеру, паўклёш, адрэзная па таліі, рукаў — чацвяртны, прысабраны па акату, да нізу сабраны ў эластычную гумку, маленькі круглы каўнер, на спіне зашпілены на гузік.
Мужчынскі касцюм пачатку 70-х гадоў складзены з пінжака і штаноў свабоднага пакрою і белай рубахі з доўгімі канцамі каўняра. Часцей за ўсё касцюм пазычалі ў сваіх аднавяскоўцаў з-за немагчымасці купіць уласны. Паколькі мужчыны былі рознага целаскладу, то ён на некаторых маладых хлопцах, як некалі казалі, «апрануты з чужога пляча».

Нагадаем, што акрамя выставы ў Пушкінскай бібліятэцы, менавіта гэтыя касцюмы маладых капыляне прадставілі на абласным свяце традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы», за што атрымалі Дыплом за адраджэнне вясельнага строю рэгіёну і папулярызацыю традыцыйнай спадчыны. Таксама свой вясельны касцюм дэманстравалі на абласным свяце «Дажынкі», падчас дэфіле адроджаных касцюмаў Міншчыны ў Палацы Рэспублікі ў ходзе цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», а таксама на Дні беларускага пісьменства ў Капылі.
— Другая вясельная сукенка маладой і вянок з вэлюмам адноўлены па фотаздымку сярэдзіны 60-х гадоў і па словах інфарматара Святланы Парфёнаўны Пяткевіч, 1938 г.н, з в. Вусава, — працягвае Галіна Аляксандраўна. — Сукенка — каляровая ў кветкі з крапдэшына, паўклёш, адрэзная па таліі і сабрана на гумку, рукаў кароткі «ліхтарык», данізу сабраны на эластычную гумку, без каўняра, з вострым выразам.
Адметнасцю галаўнога ўбора да гэтай сукенкі з’яўляецца вянок, у які акрамя васкавых папяровых кветак чырвонага і белага колераў таксама ўпляталася зеляніна (лісточкі «бярвінка»). А вось вэлюм выкананы з марлі даўжынёй 1,5 метра.
Таццяна БОХАН
Комментарии