Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

56

О главном богатстве Александры Жаврид из деревни Докторовичи

14.10.2021
Зусім хутка ў Аляксандры Рыгораўны Жаўрыд з в. Доктаравічы збяруцца разам з унукамі і праўнукамі ўсе яе пяцёра дзяцей, каб павіншаваць з Днём маці Гэтая драўляная хатка ў Доктаравічах прываблівае позірк прыемным жоўценькім колерам і добраўпарадкаваным падворкам. Яе гаспадыня Аляксандра Рыгораўна надае шмат увагі акуратнасці і сочыць за станам, нягледзячы на паважаны ўзрост і здароўе. [caption id="attachment_107345" align="aligncenter" width="650"] ▪ Аляксандра Жаўрыд любіць глядзець фотаздымкі дзяцей і ўнукаў[/caption] Сустракаючы гасцей, жанчына шчыра ўсміхаецца і праводзіць у пакой. У так званай секцыі і на сценах хаты – шмат фотаздымкаў яе любімых дзетак і унукаў, якія з’яўляюцца яе галоўным багаццем. Тры дачкі і двое сыноў выбралі свой шлях ў жыцці і выраслі годнымі людзьмі. Старэйшая Алена нарадзілася ў 1966 годзе і знайшла сябе ў медыцыне: зараз працуе медсястрой у стаматалагічнай клініцы ў Мінску. На год за яе маладзейшы Уладзімір амаль чвэрць стагоддзя займаў пасаду загадчыка гаспадаркі ў Доктаравіцкай СШ, а зараз там жа качагарыць. Зоя з’явілася на свет у 1971-м і працуе на адным са сталічных прадпрыемстваў швачкай. Сяргей, працоўны шлях якога звязаны з сістэмай водаканала зноў-такі ў Мінску, нарадзіўся ў 74-м. А яшчэ праз год – Ірына (Шубіна), якая вядома ў нашым раёне як бухгалтар Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Самая малодшая – 38-гадовая Вольга – псіхолаг і займаецца прыватнай практыкай. З вялікай любоўю ў вачах Аляксандра Рыгораўна расказвае і пра тое, што мае 11 унукаў і нават трое праўнукаў. Успамінаючы, як раслі дзеткі, Аляксандра Рыгораўна для кожнага з іх знаходзіць добрыя цёплыя словы. Адзінае, што па словах маці, аб’ядноўвае ўсіх пяцярых, – працавітасць і дабрыня. Старэйшая Алена нават умела карову падаіць ужо падчас вучобы ў трэцім класе. – Напішу я ім на лісточку, што трэба зрабіць па гаспадарцы, ды пайду на работу. А дзеткі мае ўсё і выканаюць: і падлогу памыюць, і жывёліну пакормяць, і агарод праполюць, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. Дапамагаюць матулі яны і зараз: у хаце зрабілі прыгожы рамонт, правялі ваду, а каб яна была цёплай, падключылі награвальнік. Але жыццё жанчыну зусім не песціла. З’явіўшыся на свет у ваенным 1943 годзе, яна добра адчула, што такое голад і холад. Бацькі – звычайныя сяляне – шчыра імкнуліся зрабіць усё, каб дзеткі добра елі. Аднак… Час выдаўся такі, што толькі старанняў было недастаткова. Таму адна з дачок Ганна яшчэ падчас вучобы ў школе хадзіла працаваць на малацілку. – Аднойчы, – успамінае Аляксандра Рыгораўна, – я ішла ў школу і несла ў руках падручнікі. А на двары была зіма з моцнымі маразамі. Дык я ледзь не адмарозіла пальчыкі! Суседка ўбычала мяне і спужана сказала, каб я схавала пальчыкі пад валасы. Так і зрабіла. Гэта і дапамало іх не згубіць. Вучылася Саша ў школе добра: спачатку ў Доктаравіцкай чатырохгодцы, 5-7 класы скончыла ў Вуглах, а старшыя – у суседняй вёсцы Леніна. Пасля набыцця сярэдняй адукацыі спрабавала паступіць у тэхнікум. Але па розных прычынах не атрымалася. Таму пасля курсаў прадаўцоў у Капылі заняла месца за прылаўкам доктаравіцкага сельмага № 1. [caption id="attachment_107344" align="aligncenter" width="650"] ▪ Аляксандра Рыгораўна падчас вучобы на курсах прадаўцоў. 60-я гг ХХ ст.[/caption] Яркім успамінам для Аляксандры Рыгораўны сталі новыя туфлі карычневага колеру, якія ёй, незбалаванай вясковай дзяўчынцы, прывёз родны брат Іван, вярнуўшыся са службы ў радах Савецкай арміі. Суседка дала прыгожую сукенку ў кветачкі, і пэўны час дзяўчына адчувала сябе сапраўднай прыгажуняй. Свайго суджанага сустрэла ў роднай вёсцы ў 64-м, і амаль праз год у кастрычніку пажаніліся. –             Ваня быў вельмі прыгожым, – успамінае суразмоўца. – Працаваў ён трактарыстам, а калі трэба, мог замяніць і шафёра. Спачатку мы жылі з маёй мамай (тата да гэтага часу памёр ужо), а потым пераехалі ў Брэсцкую вобласць. Там у адным з калгасаў працаваў яго старэйшы брат Мікалай. Але родная старонка цягнула жанчыну што ні дзень усё мацней і мацней. «Завязі мяне дадому», – аднойчы, не вытрымаўшы жыцця на чужбіне, звярнулася яна да мужа. І хутка Жаўрыды вярнуліся ў родныя Доктаравічы. – З мужам мы жылі па-рознаму, усяго хапіла, і добрага, і не вельмі, – уздыхае Аляксандра Рыгораўна. – Але, на жаль, ён памёр у 86-м годзе, калі малодшая дачушка была зусім маленькая. [caption id="attachment_107343" align="aligncenter" width="840"] ▪ Усе дзеці разам: Сяргей, Алена, Уладзімір, Зоя і Ірына[/caption] Доўгі час Аляксандра Рыгораўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але без заняткаў не сядзіць, вельмі любіць чытаць розныя артыкулы ў часопісах, па якія ходзіць у мясцовую бібліятэку. Сочыць на навінамі па тэлевізары, з захапленнем глядзіць «Поле цудаў». І з вялікім нецярпеннем чакае, калі адчыніцца брамка і з вясёлым смехам да яе завітаюць унукі, а ўжо дарослыя дзеці за кубачкам чаю скажуць: «Мы цябе вельмі любім, мама!» Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей