Калі настаўнік хоча дасягнуць пэўных вынікаў у сваёй рабоце, атрымаць ад яе задавальненне, ён павінен быць кампетэнтным у сваім прадмеце, мець творчы патэнцыял, валодаць цярпеннем і быць паслядоўным у кожным дзеянні. З такім настаўнікам вучні змогуць спасцігнуць глыбіню ведаў з інтарэсам, і толькі да такога педагога яны будуць ісці на ўрок з жаданнем вучыцца.
Менавіта такія педагогі працуюць у ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага”, сярод якіх – Алена Мікалаеўна і Мікалай Мікалаевіч Быліновічы.
Амаль адначасова яны скончылі БДУ, вучылі дзяцей спачатку ў сельскіх школах (Вялікараёўскай і Лясноўскай). У СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага настаўнікі працуюць з 1998 года. Па водгуках калег, гэтым педагогам уласціва высокая працаздольнасць, патрабавальнасць, у першую чаргу да сябе, уменне абраць аптымальны тэмп урока, разнастайнасць відаў дзейнасці вучняў на занятках. Алена Мікалаеўна глыбока прадумвае свой урок. Яна імкнецца ўцягнуць сваіх выхаванцаў у творчую дзейнасць, выкарыстоўваючы работу ў групах, апераджальныя заданні, самастойную работу. Настаўніца па-майстэрску фарміруе ўменні і навыкі разумовай працы школьнікаў, вучыць планаваць сваю дзейнасць, знаходзіць больш рацыянальныя шляхі яе выканання, ацэньваць вынікі, аргументавана адстойваць свае погляды і перакананні.
Мікалай Мікалаевіч добра наладзіў сістэму падрыхтоўкі дамашніх заданняў, выдатна валодае методыкай арганізацыі выхаваўчай работы з падлеткамі, фарміруе ў сваіх выхаванцаў навыкі здаровага ладу жыцця, працавітасць і актыўнасць,самастойнасць і адказнасць.
Па меркаванні Быліновічаў, хімія - гэта галіна цудаў. Таму, каб вучні адчулі і паверылі ў гэта, Алена Мікалаеўна да ўрокаў рыхтуецца вельмі карпатліва: падбірае прыгожыя словы, цікавыя доследы. Ёсць у яе педагагічнай скарбонцы такія вопыты, якія заўсёды выклікаюць у дзяцей хвалю эмоцый і жаданне самім навучыцца рабіць такое і яшчэ больш.
Каб прывіць вучням любоў да прадмета, заўважае Алена Мікалаеўна, трэба, каб сам настаўнік захапляўся тэмай, якую тлумачыць, а яшчэ абавязкова трэба любіць дзяцей, а гэта значыць, быць шчырым з імі, ніколі не падманваць іх, зрабіць так, каб яны бачылі ў асобе педагога найперш памочніка, а пасля – настаўніка.
Калі першая задача - захапіць дзяцей прадметам “Хімія”- выканана, далей важна падтрымліваць гэтую цікаўнасць. Гэтага настаўніца дасягае дзякуючы далучэнню вучняў да даследчай дзейнасці. Хімію, як навуку эксперыментальную, толькі так можна вывучыць, зразумець, палюбіць. А эксперымент удала спалучаецца з даследчым метадам навучання.
Вучні Алены Мікалаеўны і Мікалая Мікалаевіча - актыўныя ўдзельнікі алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый. Даследчая работа “Хімічныя водарасці”, якую выконвалі Яна Тароцька і Яўгеній Унучак пад кіраўніцтвам педагогаў, атрымала Дыплом першай ступені у ХІІІ абласным конкурсе даследчых работ у межах навукова-практычнай канферэнцыі вучняў устаноў адукацыі і Дыплом трэцяй ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у ХV Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ (канферэнцыі) вучняў у секцыі хіміі. Работа выклікае цікавасць сваім індывідуальным стылем, пашырэннем светапогляду вучняў, а таксама практычным значэннем для правядзення займальных вопытаў па хіміі.
Выпускнікі Быліновічаў паспяхова здаюць уступныя іспыты па хіміі, становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў медыцынскага і хіміка-біялагічнага профілю.
Алена Мікалаеўна і Мікалай Мікалаевіч — клапатлівыя бацькі, выхоўваюць таленавітага сына Уладзіслава (зараз ён вучань 9 класа), дасягненнямі якога ганарыцца ўся школа.
Ад таго, якія добрыя рукі дакрануцца да дзіцяці, залежыць, якім яно стане. І калі пісьменнікі таленавіта пішуць кнігі, кампазітары - музыку, то сям’я Быліновічаў таксама таленавіта стварае галоўнае ў жыцці - чалавечую асобу.
Наталля ЗАВАРЗІНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага”
Комментарии