Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

"Скарбы" капыльскіх вадаёмаў

27.05.2010

Зусім хутка пачнецца сезон летніх водпускаў, і людзі сем’ямі,  шумнымі кампаніямі заспяшаюцца на прыроду, дзе добра адпачываецца, як кажуць, і душой, і целам. Смажаныя шашлыкі, напіткі, свежае паветра, хвалі плешчуцца аб бераг возера – ну, чым не райская асалода? Але вельмі часта пасля сябе аматары весела правесці вольны час пакідаюць зусім не маляўнічы пейзаж.

Бывае, што і прыбяруць смецце, пустыя бутэлькі. І часта за сметніцу сыходзіць… бліжэйшы вадаём: пад вадой жа не відаць! Мала хто з такіх “чысцюль” задумваецца, колькі аматараў адпачыць зрабілі таксама, як яны. Той “скарб”, што назапашваецца на дне, можа таіць нежартоўную пагрозу. Асабліва – пабітыя шкляныя бутэлькі, кансервавыя бляшанкі, іншыя рэчы. Нават нязначная рана, якую атрымае чалавек падчас купання, можа абярнуцца непапраўнай трагедыяй. Задумайцеся, дарослыя! А калі ў такім  вадаёме будзе купацца ваша дзіця?..

Нельга ўявіць, колькі сіл і фінансавых сродкаў даводзіцца расходаваць, каб зрабіць бяспечнымі месцы для масавых купанняў людзей. Кожны год работнікі АСВОДа, не пабаюся гэтага слова, шчыруюць, каб дно вадаёмаў было чыстым. Выцягваюць вадалазы на бераг карчы, вялікія галіны, што падаюць з навіслых над возерам дрэў. Але большую занепакоенасць выклікаюць шкляныя “ружачкі”, рэшткі рыбалоўных сетак. Ды чаго толькі не даставалі з вады работнікі манеўрана-пошукавай групы Мінскага абласнога савета АСВОД, якія ўжо не першы год працуюць і ў Капыльскім раёне. У прыватнасці, 14 мая вадалазы праводзілі ачыстку дна гарадскога пляжа. Безліч пластыкавых бутэлек, кубкаў, іншых вырабаў з гэтага матэрыялу (нават сапсаваныя запальніцы), шклатара…

- Пачакайце хвілін 15, - аклікнуў мяне вадалаз першага класа Дзмітрый Якаўлеў, калі я наблізіўся да кучы толькі што здабытага пластыкавага “скарбу”, каб сфатаграфаваць гэту “прыгажосць”. – Тады тут цэлы курган будзе.

Праўду кажучы, чамусьці адразу расхацелася рабіць здымак. Здалося, больш справядліва будзе, паважаныя капыляне і госці горада, калі на старонках газеты пакажу людзей, якія прыбіраюць за намі.

Праз хвіліну з-пад вады вынырнуў вадалаз трэцяга класа Леанід Халадзінскі з чарговай “партыяй прадукцыі жыццядзейнасці”. Што і казаць, не ўмеем прыгожа адпачываць.

У плане манеўрана-пошукавай групы на першым этапе – ачыстка яшчэ некалькіх вадаёмаў: вв. Грозава, Н. Доктаравічы, Лясное. І хочацца ўсё ж такі, каб работы ў вадалазаў убаўлялася.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКАХ: 1. Начальнік манеўрана-пошукавай групы Уладзімір Саракалетаў і вадалаз Валерый Епіхаў на запраўцы кіслародных балонаў; 2. Вось такія скарбы паднімае са дна вадалаз Леанід Халадзінскі.

Фота аўтара


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей